Вялікабрытанія запатрабавала пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН у справе Скрыпалёў

Кіраўніца брытанскай місіі пры ААН Карэн Пірс

Вялікабрытанія запатрабавала правесьці пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з новымі дадзенымі ў справе аб замаху на былога агента ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачку ў Солсбэры. Мяркуецца, што яно адбудзецца ў чацьвер, 6 верасьня. Пра гэта ў сераду заявіла кіраўніца брытанскай місіі пры ААН Карэн Пірс.

За некалькі гадзін да гэтага брытанская пракуратура апублікавала фатаздымкі падазраваных у нападзе — Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава. Сьцьвярджаецца, што гэтыя людзі прыбылі ў Лёндан з Масквы 2 сакавіка і праз два дні паляцелі назад. Паводле брытанскага прэм’ера Тэрэзы Мэй, гаворка ідзе пра агентаў расейскіх спэцслужбаў, якія дзейнічалі на загад Крамля. Вялікабрытанія выпусьціла эўрапейскія ордэры на іх арышт.

Як рабілі замах на Скрыпалёў. Фота брытанскай паліцыі

​«Навічок» быў нанесены на дзьверы хаты Скрыпалёў у Солсбэры. Падазраваныя патрапілі на запісы камэр відэаназіраньня. Яд знаходзіўся ў фляконе з-пад парфумы, які пасьля знайшлі двое жыхароў суседняга Эймсбэры. Адна зь іх — Дон Стэрджэс — пазьней памерла. Скрыпалі пасьля замаху выжылі. Справы аб атручваньнях у Солсбэры і Эймсбэры абʼяднаныя ў адну.

У расейскім кіраўніцтве неаднаразова адмаўлялі дачыненьне да атручваньня Скрыпалёў. Прадстаўнік МЗС Расеі ў сераду заявіла, што фота і імёны падазраваных Маскве «нічога ня кажуць». У Крамлі падкрэсьлілі, што Расея атрымлівала адмову ці маўчаньне ў адказ на гатовасьць да супрацоўніцтва ў справе Скрыпалёў.