Мэнэджар хакейнага клюбу «Мальмё» Андзі Фагерстрэм пасьля матчу Лігі чэмпіёнаў зь беларускім клюбам «Юнацтва» (швэды перамаглі 4:1) зьмясьціў у закрытым твітэр-акаўнце фатаграфіі гасьцявой распранальні і напісаў, што выявіў прапажу ручнікоў, шампуню і чайніка, паведамляе Tut.by.
«Гэта страшэнна дрэнна. Дарэчы, у гатэлі яны таксама адзначыліся. Клюб павінен неяк адказаць за гэта. Крадзеж ніяк не суадносіцца ў мяне з узроўнем Лігі чэмпіёнаў», — сказаў у інтэрвію найбуйнейшай газэце Швэцыі Aftonbladet дырэктар «Мальмё» Патрык Сыльвэгард.
Спартовы дырэктар Лігі чэмпіёнаў Бу Ленартсан заявіў швэдзкаму выданьню, што распачалося расьсьледаваньне інцыдэнту, бо тое, што адбылося, абсалютна непрымальна.
«Гэтая інфармацыя — фэйк». «Юнацтва» запатрабавала ад «Мальмё» выбачэньняў
Генэральны дырэктар менскага «Юнацтва» Аляксей Торбін у камэнтары Tut.by абвяргае заявы прадстаўнікоў швэдзкага клюбу «Мальмё» і называе інфармацыю фэйкам. Паводле яго, «Юнацтва» абавязкова будзе патрабаваць афіцыйных выбачэньняў ад клюбу і будзе прасіць Лігу чэмпіёнаў разабрацца, ці карэктна паводзіць сябе швэдзкі клюб.
«Ні пра які крадзеж ня можа быць і гаворкі. Варта разумець, што клюбы даюць гасьцявой камандзе розныя расходныя матэрыялы. Напрыклад, матузкі і шампунь. Мы, са свайго боку, забясьпечым гэтым „Мальмё“», — сказаў Торбін.
Ён паведаміў, што адразу ж пасьля публікацыі зьвязаўся з мэнэджарам каманды Крыстыянам Вінбэргам і ўдакладніў у яго, ці мае клюб афіцыйныя прэтэнзіі. Той заявіў, што не, але сказаў, што не ўпаўнаважаны прыносіць выбачэньні. Торбін заявіў, што будзе размаўляць з кіраўніцтвам швэдзкай каманды, калі яны прыедуць у Менск.
Гендырэктар менскага «Юнацтва» дадаў, што меў кантакты і з прадстаўнікамі гатэля, у якім жыла беларуская каманда, і тыя пацьвердзілі, што ня маюць да «Юнацтва» ніякіх прэтэнзій.
«Калі ў клюбе выявілі прапажу рэчаў, чаму не прыйшлі да нас вырашыць пытаньне? Чаму не зьвярнуліся ў праваахоўныя органы? — абураецца Торбін. — Арэна абсталяваная відэакамэрамі. Хіба нельга было зь іх дапамогай праверыць інфармацыю? Замест гэтага нейкі іх супрацоўнік разьмяшчае ў сябе ў твітэры гэтыя фатаграфіі з абразьлівымі камэнтарамі».
Матч групавога раўнду Лігі чэмпіёнаў паміж швэдзкім хакейным клюбам «Мальмё» і беларускім «Юнацтвам» прайшоў 2 верасьня ў Швэцыі і завяршыўся перамогай «Мальмё» зь лікам 4:1.
Пасьля матчу галоўны трэнэр «Юнацтва» Міхаіл Захараў даў інтэрвію афіцыйнаму каналу Лігі чэмпіёнаў на YouTube па-ангельску, прычым без дапамогі перакладчыка. Выйшла ня без кур’ёзаў: у прыватнасьці, камэнтуючы затрымку рэйсу, Захараў сказаў, што «Юнацтву» давялося мяняць не самалёт (plane), а талерку (plate).
6 верасьня ў 19.00 «Юнацтва» правядзе матч з «Мальмё» у Менску.