Кіраўнік падатковага дэпартамэнту Міністэрства фінансаў Расеі Аляксей Сазанаў у інтэрвію агенцтву Reuters сярод іншага расказаў пра падатковы манэўр у нафтавай галіне і пра ўплыў гэтай зьмены на беларуска-расейскія адносіны.
«Раней гэта было „шэрае поле“, калі грошы губляў фэдэральны бюджэт Расеі, а атрымлівалі нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі. Цяпер адбываецца значнае „абяленьне“ узаемаадносінаў у гэтай частцы, і гэта вельмі добра» — сказаў Аляксей Сазанаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь будзе плаціць за расейскую нафту, як і іншыя краіныЁн таксама заявіў, што Расея на «братэрскіх стасунках» страчвала велізарныя сумы: пачынаючы ад сярэдзіны нулявых, гэта больш за трыльён расейскіх рублёў (прыкладна 16 мільярдаў даляраў па бягучым курсе).
Свабода тлумачыць, што азначае падатковы манэўр і якія наступствы ён будзе мець для Беларусі.
Што такое падатковы манэўр
Падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў.
Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Пры гэтым гэтае мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і паставак у межах квоты ў Беларусь у адпаведнасьці з саюзнымі пагадненьнямі.
Аб’ём бязмытных паставак нафты ў Беларусь складаў 18-20 мільёнаў тон у год. Пры гэтым Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны.
Беларусь пры гэтым дадаткова зарабляла на тым, што нафтапрадукты, якія яна вырабляла зь бязмытнай нафты, абыходзіліся ёй таньней, чым калі б даводзілася аплочваць расейскім прадаўцам нафты яшчэ і іх экспартнае мыта.
Гэтыя больш танныя нафтапрадукты можна было прадаваць у трэція краіны, абкладаючы яго сваім, беларускім, мытам, забіраючы яго ў бюджэт.
Што зьмянілася сёлета і што зьменіцца пазьней
Сёлета ў ліпені ў Расеі прынялі закон аб паступовым скарачэньні памеру экспартнага мыта з цяперашніх 30% да нуля на працягу 6 гадоў, да 2024 году. Экспартнае мыта плацілі расейскія экспартэры нафты ў расейскі бюджэт.
Штогадова памер мыта будзе скарачацца на 5 працэнтных пунктаў: у 2019 годзе яно будзе складаць 25% ад цаны, у 2020-м — 20%, у 2021-м — 15%, у 2022-м — 10%, у 2023-м — 5%, у 2024-м мыта абнуліцца.
Адпаведна будзе падвышацца падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ) на нафту. Гэтым падаткам будзе абкладацца ня толькі нафта, якая прадаецца на экспарт, але ўся нафта, якая здабываецца ў РФ. Гэтым падаткам будуць абкладацца ўсе расейскія прадаўцы нафты — і экспартэры, і пастаўшчыкі на ўнутраны рынак, і пастаўшчыкі нафты ў Беларусь.
Пры гэтым цана расейскай нафты для краінаў далёкага замежжа мяняцца ня будзе, у яе структуры зьніжэньне экспартнага мыта будзе скампэнсаванае ростам ПЗКВ.
Але для расейскага спажыўца падатковы манэўр будзе азначаць рост цаны на нафту і адпаведна на нафтапрадукты. Прадавец будзе вымушаны плаціць у бюджэт РФ падатак на здабычу карысных выкапняў і за пастаўкі на ўнутраных рынак, адпаведна перакладаючы яго на спажыўца.
Як гэта адаб’ецца на Беларусі?
Тое самае будзе адбывацца і ў бязмытным гандлі нафтай з Беларусьсю. Для яе цана на нафту будзе расьці гэтак жа, як і для расейскага спажыўца. Беларусь захавае права абкладаць нафтапрадукты на экспарт мытам, але памер гэтага беларускага экспартнага мыта будзе зьмяншацца ўсьлед за зьмяншэньнем расейскага. Беларусь ня зможа вызначаць памер мыта, каб цана на яе нафтапрадукты пераўзышла сусьветную.
Пры завяршэньні падатковага манэўру ў 2024 годзе цана на расейскую нафту будзе аднолькавай (без уліку транспартных выдаткаў) што для расейскага спажыўца, што для Беларусі, што для Нямеччыны.
Паводле ацэнак эканамістаў Беларусь ад расейскага падатковага манэўру будзе штогод губляць значную частку сваіх бюджэтных даходаў, праз скарачэньне памеру беларускага экспартнага мыта ў 2019 годзе беларускі бюджэт недаатрымае каля 300 мільёнаў даляраў, а ў 2024 годзе гэтыя страты перавысяць 2 мільярды даляраў (у параўнаньні з сытуацыяй, калі б Расея захавала як цяперашні ўзровень экспартнага мыта, гэтак і абʼёмы бязмытных паставак нафты ў Беларусі).