Трох віцебскіх удзельніц абароны Курапатаў аштрафавалі на 931 рубель

Пікетаваньне рэстарацыі «Поедим поедим». Крайняя зьлева — Ірына Захарава, у цэнтры — Алена Янушкоўская

За ўдзел у пікетаваньні рэстарацыі «Поедем поедим» ля Курапатаў суд Віцебскага раёну аштрафаваў Алену Янушкоўскую на 12 базавых велічынь, у Першамайскім райсудзе Віцебску штрафамі па 13 базавых пакаралі Ірыну Захараву і Тацяну Севярынец.

Працэсы былі завочныя: ніводная з актывістак не змагла трапіць на суд, бо паведамілі пра яго занадта позна.

Суд бязь сьведкаў, але ў прысутнасьці «людзей у цывільным»

Суды разьбіралі справы, распачатыя за ўдзел у «Курапацкай варце» 8-га жніўня, паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34 «Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

У той дзень машыну з чатырма віцебскімі актывістамі тройчы затрымлівалі па дарозе ў Курапаты, а таксама на зваротным шляху. У пастарунку ў Бараўлянах на Алену Янушкоўскую і Ірыну Захараву склалі пратаколы паводле артыкулу 23.34 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). Тацяна Севярынец даведалася, што на яе таксама складзены пратакол, толькі 27-га жніўня.

Супрацоўнікі міліцыі Міхалевіч і Новік, якія складалі рапарты і пратаколы, у Віцебск не прыехалі — спаслаліся на службовую занятасьць, а таксама на тое, што ехаць занадта далёка. Але прысутнічалі тутэйшыя супрацоўнікі сілавых структур у цывільным — у якасьці гледачоў на працэсах, якія атрымаліся завочнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абаронцы Курапатаў падвялі вынікі трох месяцаў пікетаваньня рэстарацыі «Поедем поедим»

Актывісткі будуць аспрэчваць судовыя рашэньні

Судзьдзя Міхаіл Зубеня прызнаў актывістку Алену Янушкоўскую вінаватай толькі на падставе відэазапісу міліцэйскага апэратара і пакараў яе штрафам памерам 12 базавых велічынь (294 рублі).

Справу Ірыны Захаравай разьбіраў у Першамайскім райсудзе судзьдзя Міхаіл Юрчанка. Суд праходзіў таксама бязь сьведак, і выключна на падставе відэазапісу актывістку аштрафавалі на 13 базавых велічынь (318,5 рубля).

У адсутнасьць Тацяны Севярынец судзьдзя Першамайскага райсуду Натальля Карабліна прысудзіла актывістцы штраф памерам 13 базавых велічынь (318,5 рубля).

Актывісткі зьбіраюцца аспрэчыць судовыя рашэньні, бо лічаць, што іх сьвядома пазбавілі права на абарону, запозна паведаміўшы пра дату і час пасяджэньняў.

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Your browser doesn’t support HTML5

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты