На жыхарку Масквы завялі крымінальную справу за частушкі

Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу аб экстрэмізьме супраць 42-гадовай жыхаркі Масквы Натальлі Кавалёвай за частушкі пра судзьдзяў.

Паводле сьледзтва, у красавіку сёлета Кавалёва выклала на сваім YouTube-канале відэа «з нагоды выказваньняў, якія выказваюць зьневажальныя характарыстыкі і адмоўныя эмацыйныя ацэнкі ў дачыненьні да сацыяльнай групы „судзейская супольнасьць“».

У кватэры Кавалёвай быў праведзены ператрус, канфіскавана ўся тэхніка.

Сама падазраваная распавяла выданьню «Медиазона», што «ніколі не цікавілася палітыкай» і што абвінавачаньне ў экстрэмізьме стала для яе «поўнай нечаканасьцю».

Паводле Кавалёвай, у 2013 годзе яна стала ахвярай махляроў, перавёўшы 400 тысяч рублёў у адзін з расейскіх банкаў. Потым на працягу некалькіх гадоў яна беспасьпяхова спрабавала вярнуць грошы праз суд.

Падазраваная патлумачыла, што прыпеўкі, якія яна выклала ў YouTube, — гэта ўсяго толькі яе «зварот да кампэтэнтных органаў наконт карупцыі, беззаконьня і злачынстваў судзьдзяў».