Увечары 4 верасьня расейскія і сырыйскія самалёты пачалі бамбіць аб’екты ў сырыйскай правінцыі Ідліб і ў паўночных раёнах правінцыі Хама.
Пра гэта паведамляе Reuters, турэцкія агенцтва Anadolu і выданьне Hurriyet, а таксама Сырыйскі цэнтар маніторынгу парушэньняў правоў чалавека, які базуецца ў Кавэнтры (Вялікая Брытанія).
Паводле зьвестак узброенай сырыйскай апазыцыі, тры расейскія зьнішчальнікі нанесьлі некалькі дзясяткаў удараў.
Reuters са спасылкай на праваабаронцаў паведамляе, што ахвярамі гэтых авіяўдараў сталі ня менш як 13 мірных жыхароў. Паводле экспэртаў, авіяўдары маюць забясьпечыць наземны наступ сырыйскай арміі на Ідліб — апошнюю буйную апору ўзброенай сырыйскай апазыцыі.
Інфармацыя пра бамбаваньні паступіла празь некалькі гадзін пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп перасьцярог Сырыю, Расею і Іран ад «сур’ёзнай гуманітарнай памылкі» ў выпадку атакі сырыйскага кіраўніка Башара Асада на Ідліб. Бамбаваньні таксама пачаліся да афіцыйна абвешчаных перамоваў Расеі, Турэччыны і Ірану аб гуманітарных пытаньнях у Ідлібе і вырашэньні праблемы ўцекачоў.
Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў патлумачыў авіяўдары тым, што ў Ідлібе «сканцэнтраваныя некалькі дзясяткаў тысяч экстрэмістаў на чале з забароненай у Расеі тэрарыстычнай групоўкай Джэбхат ан-Нусра».
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо заявіў пасля пачатку бамбаваньняў: «Мы спадзяёмся, што гэтая праблема можа быць вырашаная з дапамогай дыпляматыі».
У правінцыі Ідліб цяпер жывуць да трох мільёнаў чалавек, у тым ліку каля мільёна дзяцей: многія зь іх былі «выцесьненыя» арміяй Асада зь іншых рэгіёнаў Сырыі. У ААН выказвалі асьцярогу, што ў выніку бітвы за Ідліб да 800 тысяч чалавек могуць пазбавіцца свайго жытла і стаць уцекачамі.