Грамадзкі лідэр і вернік-пратэстант Зьміцер Дашкевіч пракамэнтаваў у сваім фэйсбуку ліст пратэстанцкіх цэркваў да ўладаў з заклікам прыняць закон супраць прапаганды гомасэксуалізму.
Дашкевіч піша, што яго зьдзівіла маўчаньне пратэстанцкіх цэркваў падчас пратэстаў грамадзкасьці ў Курапатах.
«І вось чытаю: подпіс усіх пратэстанцкіх эпіскапаў Беларусі аб’яднаў зварот... не, не пра Курапаты, — зварот да Лукашэнкі пра абарону ад ЛГБТ-прапаганды», — піша Дашкевіч. — Ведаеце, мне, зьмешчанаму ва ўсе ЛГБТэшныя чорныя сьпісы «гамафобаў», як яны гэта называюць, мне ўпершыню стала сорамна, што я пратэстант».
Паводле Дашкевіча, «пратэстанцкія лідэры і царква дадуць фору ў глухасьці і немасьці нават праваслаўным пад расейскім патрыярхатам».
Ён дадае, што ў сёньняшняй беларускай рэальнасьці прасіць абароны ад ЛГБТ — «гэта як у 1937-м прасіць камуністаў расстрэльныя сьпісы пісаць без памылак».
«Гэта як 1943-м прасіць нацыстаў мэдычнай дапамогі для габрэяў перад забойствам газавымі камэрамі. Гэта як злачынец са зброяй залез у вашую хату, а вы, замест таго, каб бараніць сябе і дзіця, просіце злодзея: ня лайся матам, бо гідка нам гінуць у такой непрыстойнай атмасфэры».
15 жніўня быў падпісаны і накіраваны ў Адміністрацыю прэзыдэнта сумесны зварот эпіскапаў аб’яднаньняў Эвангельскіх цэркваў Беларусі ў падтрымку прапановы прыняцьця закону аб забароне ЛГБТ-прапаганды сярод дзяцей, падлеткаў і моладзі.