«Газпром Цэнтар» абяцаюць здаць у 2020 годзе, комплекс на месцы былой ВДНГ — у 2021. Такія тэрміны назвалі 4 верасьня журналістам чыноўнікі Менскага гарвыканкаму Юры Качарго і Вольга Верамей.
На аб’екце «Газпром Цэнтар» пачынаецца раскансэрвацыя, а ў чацьвёртым квартале тут адновяцца будаўнічыя працы.
«Паводле запэўніваньняў інвэстара, у 2020 годзе рэалізацыя праекту завершыцца, 180-мэтровая вежа будзе ўзьведзеная» — сказаў першы намесьнік старшыні камітэту будаўніцтва і інвэстыцый Юры Качарго.
Будаваць шматфункцыянальны комплекс «Газпром Цэнтар» пачалі ў 2015 годзе на месцы зьнесенага на загад Лукашэнкі аўтавакзалу, але ўжо наступным летам будоўлю прыпынілі. У сьнежні 2016 году яе закансэрвавалі. Паводле неафіцыйных зьвестак, паўза была зьвязаная з «газавымі войнамі» Беларусі і Расеі, а таксама з тэхнічнымі праблемамі (прасяданьнем), бо праектаваны будынак надта высокі.
У забудову пляцоўкі ВДНГ укладуць паўмільярда даляраў
На месцы, дзе раней былі Выстаўка дасягненьняў народнай гаспадаркі (ВДНГ) і 2-я гарадзкая лякарня, будзе ўзьведзены шматфункцыянальны гасьцінічны комплекс. Працы тут плянуюць завяршыць у 2021 годзе.
Паводле намесьніка старшыні камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Вольгі Верамей, «разглядаецца пытаньне разьмяшчэньня выставачнага цэнтру, які раней быў на вуліцы Янкі Купалы, на іншых пляцоўках гораду».
Як чакаецца, інвэстар з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў прыступіць да асваеньня тэрыторыі або сёлета ў сьнежні, або ў першым квартале 2019 году. Аб’ём інвестыцыяў ацэньваецца прыблізна ў паўмільярда даляраў.
«Горад Менск выканаў усе свае абавязаньні для рэалізацыі праекту», — сказаў Юры Качарго.
Пры гэтым будынкі Траецкага манастыра базыльянак, у якіх месьцілася лякарня, зьбіраюцца «рэканструяваць і напоўніць новымі функцыямі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павінна існаваць выразная канцэпцыя: што першаснае, а што другаснае, — архітэктар Градаў пра кошт страты «шклянога куба»