Упраўленьне Рассельгаснагляду па Свярдлоўскай вобласьці і рэгіянальнае ўпраўленьне ФСБ правялі сумесную спэцапэрацыю, у выніку якой канфіскавана і зьнішчана 77 кіляграм яблыкаў.
Партыя садавіны была выяўленая на адной з базаў захаваньня гародніны Екацярынбургу і канфіскаваная як «прадукцыя, забароненая да ўвозу ў Расейскую Фэдэрацыю».
Як дакладвае Рассельгаснагляд, «шэсьць скрыняў сьвежых яблыкаў неўстаноўленага паходжаньня» вывезьлі за 70 кілямэтраў ад уральскай сталіцы на палігон завода «Інтэр» і там спачатку «раздушылі каўшом франтальнага пагрузчыка», а затым пераехалі коламі і засыпалі зямлёй.
Раней паведамлялася, што за тры гады Рассельгаснагляд зьнішчыў больш за 26 тысяч тон прадукцыі, увезенай у Расею з краін, якія трапілі пад харчовае эмбарга.
6 жніўня 2015 году ў Расеі ўступіў у дзеяньне ўказ прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна «Аб асобных адмысловых эканамічных мерах, якія ўжываюцца ў мэтах забесьпячэньня бясьпекі РФ». Харчовае эмбарга было ўведзенае ў дачыненьні да краін, якія ўжылі санкцыі супраць Расеі пасьля анэксіі Крыму і падтрымкі сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. У «чорным сьпісе» апынуліся краіны Эўразьвязу, ЗША, Канада, Аўстралія, Нарвэгія, Альбанія, Чарнагорыя, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн. Пазьней у яго была ўключаная і Ўкраіна.