Менск дае траціну ВУП Беларусі і палову дзяржаўнага бюджэту

Менск, панарама цэнтру горада з вышыні палёту паветранага шара. Ілюстрацыйнае фота

Другі год запар расьце валавы рэгіянальны прадукт (ВРП) Менску, які складае ўжо траціну ВУП усёй Беларусі, паведаміла 4 верасьня першы намесьнік старшыні Камітэту эканомікі Менгарвыканкаму Тацяна Краўчанка.

У Менску фармуецца палова дзяржаўнага бюджэту, 70% аптовага таваразвароту, 70% экспарту паслуг, 40% экспарту тавараў і каля 30% розьнічнага таваразвароту.

Паводле прадстаўніцы Менгарвыканкаму, за 7 месяцаў 2018 году сфэра паслугаў спрычынілася да фармаваньня 70% ВРП, сфэра вытворчасьці — толькі 30%. У сярэднім у Беларусі гэтая прапорцыя іншая — 50 на 50.

Суадносіны на карысьць сфэры паслуг характэрныя для вялікіх гарадоў ва ўсім сьвеце. А ў Злучаных Штатах Амэрыкі яны ўжо складаюць 80 на 20 у сярэднім па ўсёй краіне.

Чыноўніца дадала, што на пасьпяховае разьвіцьцё сталіцы станоўча ўплываюць індывідуальныя прадпрымальнікі. Іх у горадзе цяпер 75 тысяч.

Менскія айцішнікі захопліваюць амэрыканскія рынкі

«40% росту экспарту паслуг Менску прыпадае на кампутарныя паслугі», — сказала Тацяна Краўчанка. Найбольшы рост далі айцішнікі — каля 800 мільёнаў даляраў. На першым месцы сярод зацікаўленых у імпарце беларускіх ІТ-паслуг — ЗША.

На другім месцы пасьля ІТ-сэктару — транспартнікі.

«І гэта зьвязана з транзытным становішчам Беларусі, — сказала Тацяна Краўчанка. — Гэта і магчымасьці Вялікага шаўковага шляху, і перавозкі з Расеі ў краіны Эўразьвязу».

Што да экспарту тавараў, то ён у Менску таксама павялічыўся: за 7 месяцаў прырост склаў 1,5 мільярда даляраў. Галоўныя спажыўцы — Расея, Украіна, Латвія.