Наколькі блізкія для ўкраінцаў беларусы і расейцы? Як мянялася гэтае стаўленьне ў апошнія гады? Як украінцы ставяцца да палітыкі беларускай дзяржавы? Ці гэтак жа моцна, як беларусы, яны любяць парадак?
З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да Ўладзімера Паніёта, генэральнага дырэктара Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі (КМІС) — аднаго з самых уплывовых і аўтарытэтных дасьледчых цэнтраў Ўкраіны.
— Як украінцы ставяцца да беларусаў і да расейцаў як этнасаў, як людзей, якая блізкасьць або адлегласьць зь імі па шкале сацыяльнай дыстанцыі*? Ці зьмянілася дыстанцыя пасьля 2014 году, пасьля анэксіі Крыма і пачатку вайны ў Данбасе?
— Перш, чым адказаць на гэтае пытаньне, варта сказаць, што з самага пачатку вымярэньня індэксу сацыяльнай дыстанцыі Багардуса ў 1994 годзе ў пытаньнях не было выразна сказана, маюцца на ўвазе грамадзяне Ўкраіны ці і іншых краін, што трошкі ўскладняе аналіз.
Беларусы займалі 3-е месца (пасьля ўкраінцаў і расейцаў) па блізкасьці да насельніцтва Ўкраіны. Як бачым, на працягу апошніх 20 гадоў гэты індэкс вагаўся ад 3 да 3,4. Індэкс жа блізкасьці расейцаў быў ад 2 да 2.6. Аднак пасьля анэксіі Расеяй Крыму і пачатку вайны з Расеяй індэкс сацыяльнай дыстанцыі з расейцамі падскочыў да 3, потым да 4, а дыстанцыя зь беларусамі засталася прыкладна такой жа. Беларусы перасунуліся на другое месца пасьля ўкраінцаў у герархіі сацыяльных дыстанцый.
Пасьля зьніжэньня інтэнсіўнасьці ваенных дзеяньняў індэкс дыстанцыі да расейцаў зьнізіўся да 3.5 і толькі крыху перавышае індэкс па адносінах да беларусаў, але беларусы працягваюць заставацца на другім месцы.
Графік 1. Дынаміка індэксу сацыяльнай дыстанцыі насельніцтва Ўкраіны ад беларусаў і расейцаў (індэкс прымае значэньні ад 1 — максымальная блізкасьць, самае добрае стаўленьне, да 7 — самае кепскае стаўленьне)
— Па Вашых ацэнках Беларусь, як дзяржава, для ўкраінцаў — гэта што? Васал ваеннага праціўніка Ўкраіны, або падступны саюзьнік Украіны, зь якім прэзыдэнт Парашэнка тройчы сустракаўся толькі ў мінулым годзе, або «не сябар і ня вораг, а так», ці брат, якіх не выбіраюць? Можна неяк аднастайна апісаць гэтае стаўленьне або яно занадта амбівалентнае?
— Беларусь не займае такога ж месца ў СМІ як, скажам, Расея, ЗША ці нават Польшча. Сацыялягічных дадзеных пра стаўленьне ўкраінцаў да Беларусі таксама няшмат. У красавіку-траўні 2014 траўня нашая кампанія (КМІС), расейскі Лявада-цэнтар і беларуская кампанія NOVAK правялі апытаньні, рэпрэзэнтатыўныя для Ўкраіны, Расеі і Беларусi, аб стаўленьні насельніцтва да кожнай з краінаў. Пэрыяд апытаньня — гэта час пасьля анэксіі Крыма, але да вайны на Данбасе.
Дасьледаваньне паказала, што 52% насельніцтва Ўкраіны ў цэлым добра ставілася да Расеі (заўважу, што ў 2013 годзе да Расеі добра ставілася 90% насельніцтва, падзеньне на 40 адсоткавых пунктаў), і толькі 35% насельніцтва Расеі ў цэлым добра адносілася да Ўкраіны (гл. Дадзеныя па дынаміцы ўкраінска-расейскіх адносін у 2008-2018 гадах). 85% насельніцтва Ўкраіны ў цэлым добра ставіліся да Беларусі, і толькі 57% насельніцтва Беларусі ў цэлым добра ставіліся да Ўкраіны.
Гэта значыць, нягледзячы на агрэсію Расеі, насельніцтва Ўкраіны больш добразычліва ставілася да двух суседніх краінаў, чым насельніцтва гэтых краін адносілася да Ўкраіны.
У Расеі і Беларусі — узаемныя сяброўскія адносіны: 85% насельніцтва Расеі ў цэлым добра ставілася да Беларусі, і 81% насельніцтва Беларусі ў цэлым добра адносіўся да Расеі. Разам з тым, меркаваньне насельніцтва Беларусі не зьяўляецца люстэркавым адбіткам думкі насельніцтва Расеі, стаўленьне насельніцтва Беларусi да Ўкраіны істотна лепшае, чым стаўленьне насельніцтва Расеі да Ўкраіны.
Пасьля пачатку вайны на Данбасе стаўленьне ўкраінцаў да Беларусi пагоршылася, апытаньне нашых калегаў (агенцтва «Рэйтынг») паказала, што ў 2016 годзе да Беларусi стала добра ставіцца толькі 50% (аднак пытаньні не былі цалкам супастаўныя).
Апытаньне КМІС 2016 году паказала, што Беларусь разглядаецца хутчэй як дыктатарская, чым як дэмакратычная краіна (адсотак тых, хто лічыў Беларусь у той ці іншай ступені дыктатарскай 57%, у той час як Расею лічыла дыктатарскай 67%, Украіну — 38%, Кітай — 35%, ЗША — 5%, Швэцыю — 2%).
Думаю, што ўкраінцы лічаць Беларусь хутчэй васалам Расеі, чым саюзьнікам, які, зрэшты, не заўсёды ахвотна выконвае ўказаньні Расеі і сам па сабе ня мае агрэсіўных намераў супраць Украіны. Зь іншага боку, Беларусь зьяўляецца «таварышам па няшчасьці» жыць побач з агрэсіўнай краінай, якая імкнецца кантраляваць суседзяў і ўмешвацца, калі справы пойдуць ня так, як ёй хацелася б.
— Украінскае агенцтва «Рэйтынг» пэўны час вымярае папулярнасьць ва Ўкраіне замежных палітыкаў. І некалькі раз у іх атрымлівалася, што самы папулярны замежны лідэр ва Ўкраіне — Аляксандр Лукашэнка. Вам уяўляецца гэты вынік верагодным? І калі так, то чаму такое стаўленьне да аўтарытарнага лідэра ў пострэвалюцыйнай краіне?
— У мяне няма падставаў не давяраць гэтаму выніку, сваіх дасьледаваньняў на гэтую тэму мы не праводзілі. Хоць вынік зьдзіўляе. Каб адказаць на вашае пытаньне, патрэбныя больш глыбокія дасьледаваньні, якія ўключалі б якасныя мэтады, напрыклад, фокус-групы, і аналіз СМІ. Магчыма, што гэта зьвязана з удзелам Лукашэнкі ў Менскім працэсе і згадваньні яго ў апошнія гады хутчэй у пазытыўным, чым нэгатыўным кантэксьце, і не як дыктатара, а як палітыка, які спрыяе ўсталяваньню міру на Данбасе (па ўсіх апытаньняў гэта найбольш важная праблема).
Акрамя таго, шмат хто лічыць, што Лукашэнка добры гаспадарнік, навёў парадак у краіне. Кажуць таксама, што Беларусь у найбольшай ступені захавала традыцыі, стандарты, ГОСТы Савецкага Саюзу, і прадае прадукты высокай якасьці. У Кіеве шмат кіёскаў «Беларускія прадукты», мая жонка, напрыклад, купляе доктарскую каўбасу толькі ў іх, лічачы, што яна бліжэй за ўсё да знаёмага па савецкіх часах смаку.
— Вядомы лёзунг украінскіх нацыяналістаў: «Бандера прийде — порядок наведе». А наколькі для ўкраінскага грамадзтва ў цэлым важны парадак? Хоць бандэраўскі, хоць іншы, хоць які, але парадак. Для беларусаў — вельмі важны. А для ўкраінцаў?
— Для ўкраінцаў таксама важны парадак і частка насельніцтва хацела б, каб ва ўладзе была «моцная рука». Тут справа ў прапорцыі і ў тым, што разумець пад моцнай рукой. Калі параўноўваць з Расеяй, то ва Ўкраіне істотна менш людзей згодныя на аўтарытарызм цаной усталяваньня парадку.
Напрыклад, украінцы ставяцца да Сталіна нашмат горш, чым грамадзяне Расеі. Калі ў лютым 2018 году (дадзеныя КМІС і Лявада-цэнтру) станоўча да Сталіна ставіліся 14% украінцаў, то расейцаў прыкладна ўтрая больш — 40%, мудрым кіраўніком, які прывёў СССР да росквіту, ва Ўкраіне лічаць яго 28%, у Расеі — 58%, а жорсткім бесчалавечным тыранам Сталіна лічаць 77% украінцаў і толькі 44% расейцаў.
Мы прасілі адказаць на пытаньне «Ці згодныя Вы, што наш народ ніколі не зможа абысьціся без кіраўніка такога тыпу, як Сталін, які прыйдзе і навядзе парадак». Пагадзіліся 23% украінцаў і 33% расейцаў. Пры гэтым 11% украінцаў самі пагадзіліся б жыць і працаваць пры такім кіраўніку краіны, як Сталін. І калі ва Ўкраіне станоўчае стаўленьне да Сталіна памяншаецца, то ў Расеі расьце.
* Шкала сацыяльнай дыстанцыі (шкала Багардуса) — шкала з 7 градацыямі, распрацаваная амэрыканскім сацыёлягам Эмары Багардусам для вымярэньня ступені блізкасьці або адчужанасьці ў адносінах да пэўных сацыяльных групаў. Пры апытаньнях рэспандэнты адзначаюць тое меркаваньне, якое адпавядае дапушчальнай імі блізкасьці з чальцамі зададзенай групы. Чым ніжэй сярэдняе значэньне індэксу, тым бліжэй да апытаных прадстаўнікі зададзенай групы.
— Для мяне асабіста магчыма і пажадана прыняць прадстаўніка дадзенай групы...
1. Як блізкага сваяка (напрыклад, партнэра па шлюбе)
2. Як блізкага сябра
3. Як суседа па хаце
4. Як калегу па працы
5. Як грамадзяніна маёй краіны
6. Як госьця (турыста) у маёй краіне.
7. Я не хацеў бы бачыць яго ў маёй краіне.