Беларусь не атрымлівала прапановаў ад Расеі прадаць газавыя сеткі — Мінэнэрга

Ілюстрацыйнае фота

Расея афіцыйна не прапаноўвала ўдзел у прыватызацыі ўнутранай газавай сыстэмы Беларусі, заявіла журналістам намесьніца міністра энэргетыкі Беларусі Вольга Пруднікава, паведамляе агенцтва Interfax.by.

«Перамоваў з гэтай нагоды ў найбліжэйшым гарызонце не было. Афіцыйных прапаноў ад расейскага боку не паступала», — так Вольга Пруднікава пракамэнтавала заявы былога амбасадара Расеі Аляксандра Сурыкава пра мэтазгоднасьць перадачы «Газпрому» ўнутраных газавых сыстэм у Беларусі з мэтай зьніжэньня кошту газу для беларускіх спажыўцоў.

Паводле намесьніцы міністра, перадача ўнутраных сыстэм разьмеркаваньня газу іншаму ўласьніку эканамічна немэтазгодная.

«У чым сэнс? Белпалівагаз забясьпечвае ўсё неабходнае суправаджэньне. Казаць, што хтосьці прыйдзе і мы захаваем якасьць паслуг?.. Гэта не зусім той кірунак, на які мы павінны працаваць на дадзеным этапе», — сказала Пруднікава.

Яна таксама падкрэсьліла, што ўнутраныя газавыя сеткі Беларусі, якія эксплюатуе дзяржпрадпрыемства «Белпалівагаз», «гэта адзін з найбольш стабільных участкаў працы».

Раней былы амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што цана на газ для Беларусі магла б быць істотна ніжэйшая, калі б Беларусь прадала «Газпрому» ўнутрыбеларускія газавыя сеткі. Пазьней Сурыкаў сказаў, што ніякіх рашэньняў аб перадачы «Газпрому» ўнутрыбеларускіх газавых сетак на дадзены момант не прынята.

Нафтагазавыя спрэчкі

На пачатку 2016 году Беларусь запатрабавала перагледзець формулу платы за расейскі газ. Расея адмовілася, у выніку «газавыя войны» 2016–2017 году каштавалі Беларусі паловы экспарту нафтапрадуктаў. Пасьля скарачэньня паставак расейскай нафты ў Беларусь экспарт нафтапрадуктаў зь Беларусі ўпаў на 49,6% у аб’ёмах і на 15% у грашовым выражэньні. Чысты прыбытак Мазырскага НПЗ зьменшыўся на 53%, у «Нафтана» хоць тады і вырас на траціну, але застаўся «каля нуля».

У красавіку 2017 году канфлікт быў палагоджаны на перамовах Лукашэнкі і Пуціна. Беларусь сплаціла запазычанасьць, цана на газ была зьніжаная з 2018 году, пастаўкі нафты аднавіліся. Менск і Масква ўзгаднілі цану паставак газу ў Беларусь на ўзроўні 129 даляраў за 1 тыс.куб.м у 2018 годзе і 127 даляраў за 1 тыс.куб.м у 2019 годзе. Газ пастаўляецца ў Беларусь у адпаведнасьці з кантрактам паміж ПАО «Газпром» і яго даччынай кампаніяй «Газпром трансгаз Беларусь».