У Віцебскім абласным судзе распачаўся разбор крымінальнай справы супраць 28-гадовага віцябляніна «за распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай варажнечы». Падставай для гэтага сталіся відэаролікі з прамовамі Гітлера, за якія Пётар Трублінскі ўжо быў асуджаны, але па адміністрацыйным артыкуле.
Працэс зрабілі закрытым на хадайніцтва прадстаўніцы пракуратуры
Бок дзяржаўнага абвінавачаньня ў справе Пятра Трублінскага прадстаўляе супрацоўніца абласной пракуратуры спадарыня Данілёнак. Яна папрасіла суд, каб працэс праходзіў у закрытым рэжыме — «дзеля папярэджаньня распаўсюду матэрыялаў экстрэмісцкага зьместу, якія згадваюцца ў справе, трэцімі асобамі».
Судзьдзя Людміла Ларына пагадзілася. Журналісты і сваякі Пятра Трублінскага пакінулі судовую залю.
Жонка падсуднага Віялета распавяла журналістам перадгісторыю справы.
«10-га траўня ў нас правялі ператрус, забралі нашы тэлефоны — мой і мужа. Патлумачылі, што шукаюць матэрыялаў экстрэмісцкага зьместу. Пятра ў той час забралі з працы — ён працуе камплектоўшчыкам на прадпрыемстве „Віцебскхлебпром“. Трое сутак ён правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Як потым высьветлілася, прэтэнзіі былі да відэаролікаў з выступамі Гітлера, якія муж спампаваў з інтэрнэту яшчэ ў 2015−16 гадах».
Відэаролікі, пра якія вядзецца на судзе, знаходзіліся ў вольным доступе. Пётар Т. іх толькі захаваў у тэчку «Мае відэазапісы» на сваёй старонцы «Ўкантакце».
«Дастаткова было ўсталяваць налады прыватнасьці, і гэтых ролікаў ніхто б не пабачыў, апрача яго самога. Але мы ня ведалі», — кажа жонка.
«У інтэрнэце мяне назвалі прыхільнікам „русского мира“. Гэта няпраўда»
Больш падрабязна пра зьмест відэаролікаў распавёў сам Пётар Трублінскі.
«Ролікаў было 5 ці 6, я нават дакладна ня памятаю. Бо захаваў іх даўно, хацеў паглядзець, але часу не было, і я нават пра іх забыўся. Прагледзеў толькі адзін. Пра тое, каб распаўсюджваць іх у сацыяльных сетках, я нават ня думаў. Проста люблю знаходзіць у інтэрнэце нешта небанальнае. Бачыў, што нядаўна ў сеціве мяне „запісалі“ ў прыхільнікі „русского мира“. Гэта няпраўда, хутчэй наадварот», — кажа хлопец.
Ён мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю — скончыў тэхнікум сувязі. Паводле Пятра, яго заўжды цікавіла гісторыя, таму часта глядзеў фільмы на гістарычную тэматыку. Ніякіх знаёмых у моладзевых радыкальных групоўках ня мае, вольны час пераважна бавіць дома, дапамагаючы маці-пэнсіянэрцы.
Пра тое ж сьведчаць і ягоныя сваякі. На суд, апрача маці і жонкі, прыйшлі дзьве ягоныя цёткі, стрыечная сястра і яшчэ колькі знаёмых сям’і.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аршанскі суд прызнаў надпісы на адзеньні футбольнага фаната экстрэмісцкіміЗа тыя самыя відэаролікі Пятра ўжо штрафавалі
Пётар Трублінскі выдаліў свае старонкі «Ўкантакце» і ў «Аднаклясьніках». Але ў інтэрнэце захавалася інфармацыя пра ягоныя інтарэсы: хлопец цікавіўся зьместам сайтаў «Чорная магія і руны», стварыў «Укантакце» групы пад назвамі «Сатанисты и готы Витебска», «Norway Black Metal». Колькасьць удзельнікаў у іх не перавышае 50 чалавек. Цікавіцца Пётар і палітычнымі навінамі: некалькі разоў ён пакідаў камэнтары па-беларуску на сайце «Белсату».
Хлопец ужо панёс адміністрацыйнае пакараньне за наяўнасьць відэаролікаў на сваёй старонцы. 20 ліпеня Першамайскі раённы суд аштрафаваў яго на 15 базавых велічынь (367,5 рубля) паводле артыкула 17.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць»). Штраф ужо сплачаны. Пётар Трублінскі кажа, што не аспрэчваў судовага рашэньня, бо нават ня ведаў, што гэта прадугледжана законам. Адваката ў яго не было.
Абаронца, які бароніць інтарэсы хлопца ў крымінальнай справе, адмаўляецца камэнтаваць, наколькі правамерна другі раз прыцягваць да адказнасьці за адны й тыя самыя відэаматэрыялы.
Працяг судовага працэс адбудзецца 4-га верасьня.