Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зарэгістраваў у Вярхоўнай радзе праект зьменаў у Канстытуцыю краіны, якія тычацца інтэграцыі Ўкраіны ў NATO і Эўрапейскі Зьвяз.
Пра гэта паведаміла прадстаўніца кіраўніка Ўкраіны ў парлямэнце Ірына Луцэнка, выступаючы на пасяджэньні рады кіраўнікоў фракцый, дэпутацкіх груп і камітэтаў Рады.
Паводле яе, у выпадку прыняцьця зьменаў будзе заканадаўча ўстаноўленая адказнасьць Вярхоўнай рады, прэзыдэнта і кабінэта міністраў Украіны па замацаваньні эўрапейскага і эўраатлянтычнага напрамкаў разьвіцьця краіны.
Таксама Парашэнка прапанаваў выключыць з Канстытуцыі палажэньне, якое прадугледжвае выкарыстаньне вайсковых баз на тэрыторыі Ўкраіны замежнымі вайскоўцамі на ўмовах арэнды. Як патлумачыла Луцэнка, гаворка ідзе пра «знаходжаньне Чарнаморскага флёту Расеі на тэрыторыі Крымскага паўвострава, які зьяўляецца ўкраінскім».