ААН заклікае дапамагчы палестынцам пасьля адмовы ЗША фінансаваць Блізкаўсходняе агенцтва 

Палестынская аўтаномія.

Генэральны сакратар ААН Антоніё Гутэрыш заклікаў дапамагчы з фінансаваньнем Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам пасьля таго, як ЗША вырашылі спыніць плаціць унёскі ў арганізацыю.

31 жніўня Вашынгтон абвясьціў аб спыненьні фінансаваньня Блізкаўсходняга агенцтва ААН. Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Гэзэр Наўэрт заявіла, што адміністрацыя прэзыдэнта ЗША палічыла, што праца агенцтва «няўстойлівая».

Дзярждэпартамэнт удакладніў, што на працягу многіх гадоў агенцтва знаходзіцца ў крызісным стане. З гэтай прычыны «імкліва павялічваецца» колькасьць палестынцаў, якім патрабуецца дапамога агенцтва, адзначыла Наўэрт.

Злучаныя Штаты будуць актывізаваць дыялёг з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый і іншымі зацікаўленымі бакамі аб новых мадэлях і новых падыходах па ўрэгуляваньні праблемы палестынцаў, гаворыцца ў заяве.

Ўнёсак Злучаных Штатаў складаў каля 350 мільёнаў даляраў у год. Гэта траціна ўсяго бюджэту ведамства.

Пра тое, што ЗША маюць намер адмовіцца ад фінансавай падтрымкі Блізкаўсходняга агенцтва ААН стала вядома напярэдадні. У Вашынгтоне рашэньне тлумачаць нежаданьнем палестынцаў весьці мірныя перамовы з Ізраілем і беспарадкамі ў паласе Газы, якая знаходзіцца пад кантролем групоўкі ХАМАС.