Сёлета з паўгоду я ваяваў на віртуальным фронце. А потым на месяц зьехаў на роднае Падляшша, каб ачуняць пасьля баявых кантузіяў і траўмаў...
Community manager
У пачатку лютага я пачаў працаваць як гэтак званы community manager у трох сацыяльных сетках, у якіх Радыё Свабода мае свае старонкі: Facebook (ФБ), Вконтакте (ВК), Одноклассники (ОК). Агульна кажучы, асноўнае заданьне такога «мэнэджэра» — падтрымліваць і пашыраць дыскусію пад матэрыяламі і пастамі.
Раней такой функцыі ў нашай рэдакцыі не было, і мне выпаў гонар першаму зрабіць разьведку боем на тэрыторыі, якую так ці іначай давядзецца ўсім нам — я маю на ўвазе журналістаў — заваёўваць у будучыні. Калі я вырушыў у сваю разьведку, колькасьць падпісчыкаў на матэрыялы Свабоды ў ФБ была 120 тысяч, у ВК — 110 тысяч, у ОК — 90 тысяч. Адзін супроць цьмы, ці дакладней, адзін супроць 30 цьмоў...
Чалавек «усебакова неабазнаны»
Калісьці, ужо не прыгадаю дзе, я пачуў дасьціпнае вызначэньне журналіста як чалавека «ўсебакова неабазнанага». Маўляў, гэтая прафэсія патрабуе арыентацыі ва ўсіх магчымых дзялянках жыцьця, якія цікавяць гэтак званую шырокую публіку, каб зрэагаваць на любую тэму і любую журналісцкую нагоду. Зразумела, што аднаму чалавеку ведаць усё немагчыма, але арыентавацца трэба. Гэта не зусім як хаджэньне па мінным полі — адзін крок у няправільны бок, і вы паляцелі к чортавай матары, але... Аўтарытэт камэнтатара выбудоўваецца даволі доўга, у сотнях камэнтароў, а страціць яго можна ўсяго за два-тры камэнтары.
Тролі
Тролі — гэта, калі працягнуць нашы мілітарысцкія аналёгіі, сабатажнікі, якіх вораг закінуў на вашу тэрыторыю. Іх заданьне — падарваць давер вашых падпісчыкаў да вашага мэсыджу... І пры нагодзе — нагадзіць вам асабіста колькі ў змогу.
Самыя хітрыя тролі дэманструюць неблагую «ўсебаковую неабазнанасьць», якая, аднак, рэдка калі выходзіць па-за межы Вікіпэдыі. Яны ніколі ня будуць абмяркоўваць з вамі нейкую тэму «по существу», калі бачаць, што вы арыентуецеся ў тэме ня горш ці нават лепей за іх. У сваіх камэнтарах яны будуць заўсёды адводзіць абмеркаваньне ўбок, уводзячы новыя элемэнты ў тэму і, перш за ўсё, закідваючы вас пытаньнямі... Адзінае лякарства супроць такога троля — паставіць яму канкрэтнае пытаньне (ад адказу на якое ён ухіліцца), потым паўтарыць пытаньне, а ў трэцім сваім камэнтары прамым тэкстам выкрыць яго як троля...
Ёсьць тролі недасьведчаныя, якія не пускаюцца на вялікія хітрыкі, а лупяць у вас прамой наводкай...
Вось невялічкая перапалка пад згаданым мною матэрыялам пра нацыянальныя паркі Беларусі і пра тое, што там страляюць замежнікі:
«Веніамін Смехаў: Ну у Еуропе гомики по улицам шагают, по логике радио свободы, и мы должны рачком нагнутся. А охота разрешена на определённых животных и птиц, которых валом, либо специально держали для охоты. Так что харэ гнать на все что есть в нашей стране, не нравится, либо меняй либо уезжай. Языком чесать все горазды))
Ян Максімюк: Венiамiн, матэрыял — пра параўнаньне паляўнічых звычаяў і нормаў у розных краінах, а не пра нетрадыцыйную арыентацыю.
Веніамін Смехаў: Не звычаяу а законов, это разные вещи Ян, а то что у них усыновляют детей п*доры, так это что ли значит и паляуничые законы у них лучше??
Ян Максімюк: Я напісаў — звычаяў і нормаў, што падразумявае і законы. Ну але гэта дробязь... матэрыял Свабоды проста спрабуе высьветліць прычыны, чаму гэтыя нормы ў Беларусі іншыя, чым за мяжою, і зусім не супрацьстаўляе беларускія сэксуальныя нормы замежным. А вы чамусьці зводзіце дыскусію да гэтага, што па-мойму зусім абсурдна.
Веніамін Смехаў: Па мойму абсурдна парауноваць нашу краину з еуропай ци расеяй. Гэта недарэчна, як троечнику у школе гаварыць што ен нечога не дабьецаа! У еуропе та леса няма ужо, можа на гэта таксама рауняца будем. А гэту тэму зачапиу, каб паказать што РС не робиць навины, а проста псуе настрой, кали на рэдких птушак дазволили палявать — гэта праблема!»
Ян Максімюк: Беларусь у Эўропе, паміж Польшчай і Расеяй, таму і зусім натуральна параўноўваць беларускую рэчаіснасьць з гэтымі краінамі, а не з Аўстраліяй ці Аргентынай. Параўноўваць — не адназначна з заклікам раўняцца. Ну але калі ўжо раўняцца, дык лепш на заходнюю Эўропу, чым Расею)
Веніамін Смехаў: Не згодны, чым у Еуропе лепш, мне падабаеца мая краина, таму и жыву тут!
Толку з гэтай дыскусіі, канешне, нуль, але прыемна, што гэты чалавек спрабаваў перайсьці на беларускую мову. З такімі тролямі мне было даволі весела. Але наогул бывала значна горай.
...мова хороша когда она в меру...
У сацсетцы ОК — найбольш злосныя праціўнікі беларускай мовы. Любая дыскусія пад любым матэрыялам можа раптам павярнуць на тэму мовы і языка. Як прыклад віртуальнай перастрэлкі я працытую камэнтары пад матэрыялам Вінцука Вячоркі «Па-расейску на "Спасибо" адказваюць "Пожалуйста" А як па-беларуску адказаць на "Дзякуй"?»:
Алексей Стажило-Алексеев: А меня просто удивляет, почему прославлятели мертвой (увы), мовы. и прославлятели полицаев, одни и те же лица? Точнее, одни и те же задницы, назвать их лицами как-то не комильфо... И я путаюсь понять, что даст реально, если вдруг насильственно введут эту самую мову?
Ян Максімюк: «почему прославлятели мертвой (увы), мовы. и прославлятели полицаев, одни и те же лица?» — а нейкі прыклад будзе?
Алексей Стажило-Алексеев: Прикладом будет по мусе потомкам полицаев... С каким флагом ходят сторонники «мовы»? С БЧБ, флагом коллаборационистов в!918 и полицаев в 1941-1944...
Пасьля гэтага мне зусім ясна, зь якім «інтэлектуалам» я маю дачыненьне. А таму я ўстаю на ўвесь рост і кідаю супрацьтанкавую гранату, якая кожны раз прабівае нават тытанавы чэрап:
Ян Максімюк: Гэта ня прыклад. Назавіце канкрэтна прозьвішчы людзей, якія сёньня выступаюць за падтрымку беларускай мовы і «праслаўляюць паліцаяў». Сьцяг — які гэта прыклад? Уся Расія сёньня пад уласаўскім сьцягам, але ж нікому не прыходзіць у галаву казаць, што Расія праслаўляе ўласаўцаў. А вось вам — так.
Чэрап Стажило-Алексеева, мабыць, кантузіла на ўвесь астатак дня, бо ён ужо не адазваўся, але тут застрачыў, з асечкамі, другі кулямёт:
Анатолий Ш: урод Россия сейчас под флагом Победы и всегда была при нем... и ты радуйся... что Россия и русский язык тебя защищает и мирную жизнь тебе обеспечивает....пока за просто хорошее отношение к белорусам... белорусский язык уродуют те кто это запустил... радио свобода... для кого оно свободу несет.. для фашистов... для черномазой америки которая праплачивает это радио... белорусам они войну и смерть несут
Супроць такога я карыстаюся стынгерам:
Ян Максімюк: Адкуль бярэцца вашае хамства? Ад выхаваньня ў сям’і ці гэта нацыянальная прыкмета?
Анатолий Ш: хамство это от тебя выпячивать свою мову беларусскую... назави на беларусской мове... хотя одно достижение в науке мирового уровня... книгу который весь мир зачитывает до дыр на белорусской мове... кино на белорусской мове... на просмотр которого очереди в кинотеатры... товар китайский... товар русский... во всех магазинах... газ российский на халяву со скидкой... нефть российская... энергия электрическая российская... вот у таких как ты уродов и есть только мова белоруская... мова хороша когда она в меру...
Ага, а вы думалі — працаваць на Свабодзе гэта чэскае піва хлябтаць у цяньку...
...потом пришёл бравый Суворов...
І яшчэ бой пад матэрыялам пра адкрыцьцё помніка Тадэвушу Касьцюшку ў Беларусі:
Олег Шайпак: Василю Быкову нужно памятник поставить, он гораздо ближе к существующей действительности.
Ян Максімюк: Безумоўна, Быкаву трэба. Але ня трэба ацэньваць сваю гісторыю паводле яе блізкасьці да сучаснай рэчаіснасьці, таму што гісторыя, скажам, 500-гадовай даўнасьці далей ад нас, чым тое, што было 50 гадоў таму. Іншыя ж нацыі не адмаўляюцца ад таго, што было 500 гадоў таму.
Тут адзываецца дзядзька, які асноўныя гістарычныя веды чэрпае з «рускамірскіх» сайтаў. Ён робіць copy-paste з аднаго такога сайту. Некалькі фрагмэнтаў, каб вы зразумелі характар гэтай схваткі:
Юрий Титков: Это — первый памятник Костюшко в Белоруссии, где поддерживаемые Варшавой белорусские националисты и польская диаспора пытаются создать его культ в надежде расколоть единую историческую память белорусов и россиян. (...) Возглавив мятеж 1794 г., Т. Костюшко желал видеть Речь Посполитую «от моря до моря», построенную на костях белорусов, угнетаемых польско-шляхетским произволом, а также за счёт поглощения Малороссии и Литвы. Утверждения об освободительном характере восстания Костюшко — пропагандистская ложь, изготовленная поляками и подхваченная Западом для оправдания собственных притязаний к России. Во время восстания случилась т. н. Варшавская заутреня — зверское массовое убийство поляками русского населения Варшавы в воскресный день Пасхальной недели. Русских резали спящими в постелях, у алтаря в церквях и прямо на улицах. Количество погибших достигло 2200 чел. Потом пришёл бравый Суворов, Варшава была взята штурмом, мятежники разгромлены, Костюшко пленён.
Я ведаю па сотнях ранейшых камэнтараў гэтага тыпа, што сур’ёзная размова зь ім у мяне ніколі не наладзіцца. Але я ведаю, як яго вывесьці зь яго «рускамірскай» самаўпэўненасьці:
Ян Максімюк: Расійскі тэатр опэры і балету, які прыехаў на гастролі ў Варшаву, бескультурныя палякі ўзялі і парэзалі прама-такі ў пасьцелях... Хі-хі... Нават камэнтаваць ня хочацца такую лухту.
Юрий Титков: Лухта это ты, и такие как ты. Для нас белорусов настоящих, этот субъект не герой, он вообще никто нам, для поляков да, герой. Учи историю...
Тут укліньваецца Стажило-Алексеев са сваёй тэмай пра паліцаяў і б-ч-б сьцяг:
Алексей Стажило-Алексеев: Он предпочитает историю полицаев освободителей с БЧБ флагом и портретом фюрера...
Юрий Титков: Да он не белорус, он польский холуй, я читал его комменты разные.
Алексей Стажило-Алексеев: Главное, он холуй!
Тут я пераключаюся з аватаркі Ян Максімюк на аватарку Радыё Свабода і пішу 123-ці апошні напамін пра правілы добрапрыстойнай дыскусіі у сацсетцы:
Апошні напамін удзельнікам форуму Радыё Свабода ў ОК: Адміністратар форуму мае права выдаляць пасты, у якіх утрымліваюцца абразы і зьнявагі, і блякаваць магчымасьць допісаў ад удзельнікаў, якія не прытрымліваюцца прынцыпаў публічнай карэктнасьці.
Nothing personal, як кажуць.
Нічога асабістага?
Зразумела, можна было б такіх удзельнікаў форуму, як працытаваныя толькі што, забаніць. Але я рэдка карыстаўся гэтым сваім правам. За пяць месяцаў працы ў трох сацсетках я забаніў чалавек пяць-шэсьць. Потым шкадаваў, што занадта пагарачыўся. Хапіла ўсяго заблякаваць ім доступ да камэнтаваньня на тыдзень ці, самым злосным, на месяц. Гэтым ходам я карыстаўся крыху часьцей, але таксама без перагібаў.
Безумоўна, мне было ня надта прыемна (а па шчырасьці — дык зусім блага), калі мяне называлі «ўродам» або «халуём», але калі паглядзець на справу з гледзішча эфэктыўнасьці працы з камэнтарамі, то нельга не прызнаць, што вытрыманыя ў ветлівым тоне адказы на хамскія нападкі і правакацыі даюць больш грамадзкай карысьці, чым адсутнасьць такіх правакацый і рэакцый на іх.
Часта — магчыма, занадта часта — мне даводзілася «ламаць самога сабе», каб не сарвацца і не адказаць на зласлоўе падобным зласлоўем.
Але я ніколі не сарваўся, і думаю, што вытрымаў гэтае выпрабаваньне няблага. Колькасьць падпісчыкаў ня ўпала, а, наадварот, вырасла.
А якасьць, спытаеце вы, ці сталі больш «усебаковымі» ўдзельнікі нашых перастрэлак-перамоваў-дыялёгаў?
Сумняваюся, праўду кажучы, але спадзяюся.