Урад Беларусі зьменшыў экспартныя мыты на нафту і нафтапрадукты і цяпер у чаканьні «падатковага манэўру» Расеі.
З 1 верасьня Беларусь зьніжае экспартнае мыта на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС). Згодна з урадавай пастановай, экспартнае мыта на сырую нафту зьніжаецца з 135,4 да 130 даляраў за тону, на бэнзін першаснай перагонкі — з 74,4 да 71,5 даляра за тону, на лёгкія, сярэднія дыстыляты, дызэльнае паліва, бэнзол, талюол, ксылёл, змазачныя алівы — з 40,6 да 39 даляраў за тону.
Зьмена мытаў — працэдура стандартная
Як вынікае з ранейшых пагадненьняў, заключаных Беларусьсю і Расеяй, адкуль паступае пераважная большасьць нафты для перапрацоўкі на беларускіх НПЗ, увесь аб’ём мыта залічваецца ў беларускі бюджэт. Атрыманыя сродкі ідуць на пагашэньне вонкавай запазычанасьці дзяржавы.
Перад гэтым падобнае зьніжэньне здарылася 1 жніўня, а ў папярэднія летнія месяцы стаўкі, наадварот, расьлі. Чым выкліканыя такія «хваляваньні», Свабодзе тлумачыць эканамічны аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Алесь Герасіменка.
«Тут нейкай стабільнасьці быць ня можа: ідзе прывязка да сусьветных цэнаў на нафту і мыта сюды-туды рухаецца па некалькі разоў на год. Стандартная працэдура. Калі растуць цэны, праз пэўны час Расея і Беларусь сынхронна паказьнікі падвышаюць, калі падаюць — сынхронна зьніжаюць. Пакуль гэта не праблема. А вось калі пачнецца падатковы манэўр — гэта ўжо будзе катастрофа. Бо пакуль што мэханізм не мяняўся: мыта ад экспарту нафтапрадуктаў мы залічваем у наш бюджэт».
Расейскі манэўр ударыць па беларускім бюджэце
Сёлета ў ліпені Дзяржаўная дума Расеі прыняла законапраект аб паступовым скасаваньні мыта на вываз нафты — так званы падатковы манэўр. Гэта азначае, што беларуская эканоміка пазбавіцца вуглевадароднай «іголкі», на якой сядзела больш за 20 гадоў. Расейская нафта для Беларусі будзе каштаваць столькі ж, колькі і для іншых краінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плюне-пацалуе» і тлумачэньні Аляксандра ЛукашэнкіЗгодна з дакумэнтам, цягам 2019-2025 гадоў Расея паступова зьнізіць экспартнае мыта на сваю нафту зь цяперашніх 30% да нуля. Адначасова павялічыцца падатак на здабычу гэтай сыравіны. У выніку, адзначаюць экспэрты, Беларусь ня зможа перапрадаваць расейскія вуглевадароды.
«Для нас гэта крытычна, бо пачнём страчваць звыклы прыбытак. Зьменіцца сам прынцып залічэньня: Расея пачне адмаўляцца ад мыта, робячы стаўку на падатак з нафтаздабыўных кампаніяў. І калі яна сабе адно на другое памяняе, але мы такога зрабіць ня зможам — мы ж ня маем буйных нафтаздабыўных прадпрыемстваў. Мы залежым ад расейскай нафты. А яны, натуральна, будуць закладваць нам гэты дадатковы падатак у цану нафты. Пры гэтым даходаў ад мыта нафтапрадуктаў ужо ня будзе».
Цана пытаньня — 1,5 мільярда даляраў
Нават пры цяперашніх ваганьнях нафтавых цэнаў Беларусь выйграе да 2,5 мільярдаў даляраў у год, закупляючы яе ў Расеі — гэта прыкладна 5% працэнтаў ад валавога ўнутранага прадукту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская ўнікальная мадэль» дайшла да лягічнага тупіку, — ЧалыЗ 24 мільёнаў тон расейскай нафты прыкладна 6 мільёнаў рээкспартуецца з нацэнкай у краіны Эўразьвязу. Большая частка з астатніх 18 мільёнаў тон пасьля перапрацоўкі ў Мазыры і Наваполацку таксама ідзе на замежны рынак. Усё гэта прыносіла значныя даходы. Але ад наступнага году, як кажа Алесь Герасіменка, нафтавыя субсыдыі пачнуць істотна «абразацца».
«Не адразу, ня рэзка, мэханізм разьлічаны так, што кожны новы год страты для беларускага бюджэту будуць павялічвацца. Бо калі браць сукупны аб’ём даходаў ад мыта на нафтапрадукты, гэта штосьці каля 1,5 мільярда даляраў. Для нашага бюджэту вельмі сур’ёзны мінус. Нечым кампэнсаваць яго будзе надзвычай цяжка».
Па выніках 2017 году аб’ём рэалізацыі Беларусьсю нафтапрадуктаў склаў 600 мільёнаў даляраў. Ад сплаты мыта за расейскую нафту — прыкладна 582 мільёна даляраў. Разам — больш за 1 мільярд даляраў у беларускі бюджэт. Такім чынам, бюджэту пагражае адразу двайны ўдар: з аднаго боку, у выглядзе недаатрыманых нафтавых мытаў, зь іншага — недаатрыманых акцызаў на нафтапрадукты.
Страты бюджэту будуць нарастаць
Паводле падлікаў Міністэрства фінансаў, ужо ў першы год «падатковага манэўру» Беларусь страціць 600 мільёнаў беларускіх рублёў, далей лічба будзе толькі расьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўмільёна беларусаў жывуць за рысай беднасьці. Хто гэта?«Усё будзе ісьці паступова: пачнецца ад 600 мільёнаў і далей у бок 100-працэнтнай аплаты. То бок пераход у некалькі ступеняў. Адпаведна, і страты бюджэту будуць нарастаць», — падсумоўвае эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка.
Апроч усяго, рэалізацыя Масквой падатковага манэўру пагражае тым, што расейскія нафтапрадукты пры адкрытых межах могуць выцясьняць з унутранага рынку нафтапрадукты ў тым ліку беларускіх прадпрыемстваў. Гэта можа пазбавіць Беларусь магчымасьці канкураваць таксама на рынку нафтапрадуктаў у рамках ЭАЭС.
Менск спрабуе праводзіць з расейскім бокам кансультацыі, каб знайсьці спосабы кампэнсаваць непазьбежныя страты. Хоць, на перакананьне аналітыкаў, беларускім уладам у гэтай сытуацыі трэба было б пайсьці іншым шляхам — нарэшце пачаць рынкавыя рэформы і зьнізіць залежнасьць неэфэктыўнай плянавай эканомікі ад сыравіннай датацыі.