«Цацкі для тых, каму за трыццаць». Як гарадзенец робіць унікальныя для Беларусі драўляныя машынкі

«Мае цацкі або для малых дзяцей, або для тых, каму дужа за трыццаць», — кажа гарадзенец Вадзім Венскі, які пачаў рабіць драўляныя джыпы, трактары і матацыклы. Падобных прапановаў няма ў Беларусі. Ягоныя вырабы даехалі нават да Японіі і Швэцыі. Але майстар не падымае цэны вышэй за 20 рублёў.

«У чалавека рукі з таго месца»

Вадзіму 36 год, ёсьць жонка Ася, сын Ільля, лябрадор Лойд і свой дом за горадам. Ён тэхноляг па адукацыі, працуе на «Гродна-Азоце». У горадзе яго ведаюць больш як дыджэя.

Вадзім Венскі

Ягоныя сьветлыя кучаравыя валасы і ясныя вочы нагадваюць пра Маленькага Прынца. Сіні працоўны камбінэзон — пра лётчыка з той самай гісторыі. Ён часта гучна сьмяецца, рад паказваць свае чарцяжы і макеты. Слухае эканаміста Сяргея Чалага. Шматкроць паўтарае: «Мне вельмі падабаецца» і «Гэта вельмі важна», калі гаворка заходзіць пра працу рукамі.

Вадзім — рамесьнік. Стаў ім пяць месяцаў таму, калі набыў станок для апрацоўкі дрэва. Кажа, што дагэтуль ніколі нічым такім не займаўся.

«Калі не лічыць, што гэты дом ён будаваў сам, то раней і праўда нічым такім не займаўся, — з усьмешкай заўважае Ася. — У чалавека рукі з таго месца. Я мяркую, ён можа ўсё».

Ася і Вадзім

Мы п’ём ранішнюю каву з цукеркамі і ажынамі ў іх дома за барнай стойкай у кухні-гасьцёўні. Цяжка адным словам назваць гэтую адкрытую прастору з камінам і рамонтам, які невядома калі завершыцца. За празрыстымі дзьвярыма — сад з арэлямі.

Мадэлі ад «Монстар Трака» да скутэра «Вэспа»

Як часам тата набывае самалёцік на кіраваньні нібыта для малога сына, так і Вадзім пераконвае, што дрэваапрацоўкай мелася заняцца жонка, каб зьмяніць працу. Ася пратэстуе: праца фізычна цяжкая, перашкаджае дробны пыл, праз рэсьпіратар на ўвесь твар нічога не відаць.

«Навошта ўвогуле патрэбныя тыя пальцы?» — жартуе дзяўчына.

У Вадзіма за пяць месяцаў назьбіралася з паўтара дзясятка розных мадэляў: аўтамабілі Monster Truck, Jeep, Range Rover, Citroën, Pick-up, балід «Формулы 1», матацыклы Honda Gold Wing, Jamaha Road Star, SportBike, Bobber, скутэр Vespa, невядомы самалёт і трактар з прычэпам — спалучэньне амэрыканскага John Deer і нашага «Беларуса».

Першыя пяць макетаў набыў праз інтэрнэт у польскага майстра па 10 эўра за штуку — за тры аркушы чарцяжоў у электронным выглядзе. Спачатку падавалася, што гэта вельмі дорага і «ні за што». Але хутка зразумеў, што выдаткі акупляюцца пасьля 1–2 вырабаў, а карыстацца набыткам можна доўга. Потым пачаў ствараць свае мадэлі.

Вадзім кажа, што ніша драўляных вырабаў у Беларусі цяпер пустая. Падобнага да сваёй творчасьці ня бачыў нідзе ў краіне. Пра гэта ж яму казалі і іншыя рамесьнікі.

Хлопец зь любоўю кажа пра кожную машынку. Прызнаецца, што адной любімай няма. Нават першую сваю драўляную цацку не захоўвае як памяць. Калі зрабіў той «спортбайк» з ксэнаморфам за стырном, прынёс паказаць на працу. Калега адразу захацеў набыць. Сышліся на дзесяці рублях, хоць Вадзім прасіў усяго восем.

«Адны кажуць, што вельмі танна, другія — што вельмі дорага»

Сужэнцы падлічылі, што за драўляныя цацкі можна пражыць ня горш, чым за стаўку на хімічным гіганце.

Каб набыць хадавы ў цесьляроў станок-лобзік за 450 рублёў, Вадзім мусіў прадаць стос сваіх кружэлак. Пазьней у майстэрні на другім паверсе катэджа зьявіліся стужкавая шліфавальная машына, шрубакрут, сьвідравальны станок, дрыль. За ўсё аддаў каля 1100 рублёў.

Гэта прыблізны заробак за месяц, калі працаваць па 5–6 гадзін у дзень і вырабляць па 2–3 цацкі. Кожная машынка каштуе 15–18 рублёў, але ня болей за 20.

Так, за дзень можна зарабіць каля 50 рублёў. Майстар прызнаецца, што асноўны складнік кошту — гадзіны працы. Сабекошт матэрыялаў — толькі малая частка. Кошт гадзіны працы разьлічыў, узяўшы свой прыблізны дзённы заробак на заводзе.

З другой лічбай (сабекоштам сыравіны) таксама проста — каля 10 рублёў на дзень. Паўтарамэтровы мэблевы шчыт на 30 сантымэтраў, зь якога Вадзім выразае дэталі, каштуе ня болей за 15 рублёў. Зь яго можна зрабіць 14 «рэнджровэраў». Кожны па 17–18 рублёў.

«Спажыўцы дзеляцца на дзьве групы: адны кажуць, што вельмі танна, другія — што вельмі дорага», — кажа Ася.

«Калі дорага, то ты сам паспрабуй зрабі», — мае Вадзім адказ для тых, хто недаацэньвае ягоную працу.

Але і падымаць цэны пакуль ня хоча.

«Калі я пачынаў рабіць машыны, думаў, што 25 рублёў — гэта вельмі танна. Цяпер кошт ніжэйшы, чым напачатку. Думаю, што гэта правільна. Тады цацка даступная. І для нас гэта нармальныя грошы», — кажа Вадзім.

Ён ня думае, што такія кошты абясцэняць ягоную працу, бо цяпер ідзе станаўленьне, ён удасканальвае майстэрства. Мяркуе, калі праз год будзе стаяць чарга на месяц-два наперад, можна будзе прадаваць даражэй.

«Я магу задраць цэны. Тады цацкі могуць стаяць вельмі доўга. Але хай людзі купляюць, ідзе працэс. Важна разумець, колькі табе трэба грошыкаў. Калі мы будаваліся, паставілі шлянг з вадой, каб можна было памыцца — тады я быў самым шчасьлівым чалавекам», — кажа Вадзім.

Адна з «плюшак» — пажыцьцёвая гарантыя

Цяпер хлопец стварае кліенцкую базу. Адна з «плюшак» — пажыцьцёвая гарантыя. І людзі прыходзяць па рамонт. Апошнія разы ламаліся крылы ў самалёта, труба і люстэркі ў «рэнджровэра». Вадзім мяркуе, што цацкі прызначаныя для гульні. Таму ня трэба баяцца, што нешта зламаецца.

«Зрабіў нейкі фуфел, кінуў і зьнік. Мне не падабаецца такое. Чаму не рамантаваць? Сказаць: „Я ні пры чым, выдаляйце мой нумар з тэлефона?“ Думаю, вельмі правільна, калі ты нікога не падманваеш. Мне ад гэтага добра», — кажа хлопец.

— Наколькі сёньня лёгка быць такім «добрым дзядзькам» у бізнэсе?

— Бізнэсоўцы сказалі б, што гэта хобі. Мне галава не баліць. Магу рабіць, магу не рабіць. Важна, калі ты сам сябе не падманваеш і робіш вартую рэч.

Акрамя таго, калі прыходзяць і просяць нешта наладзіць — гэта зваротная сувязь, відаць слабыя месцы мадэляў.

Аднак збольшага, па ягоных словах, цацкі вельмі моцныя, дыхтоўныя. Зламаць крыло ў самалёта або выкруціць кола ў матацыкла вельмі цяжка.

«Гэта той выпадак, калі ўсё ў адным: прыгожая, моцная, функцыянальная, экалягічная і не такая ўжо дарагая цацка. Гэта добрая рэч», — бязь лішняй сьціпласьці кажа майстар.

Эстэтыка дрэва: фактура, лініі, швы, ненавязьлівы дызайн

Зрабіць свае драўляныя машынкі электрычнымі Вадзім не плянуе. Гэта дадасьць працы, павысіць кошт, спажыўцам будзе клопат з батарэйкамі.

«Сэнс драўляных машынак ня ў гэтым, — умешваецца Ася. — Эстэтыка дрэва без афарбоўкі, гэтая фактура, лініі, швы, ненавязьлівы дызайн. Ніякай лішняй інфармацыі, кідкіх надпісаў, колераў. Чалавек спыняецца і стараецца заўважыць прыгажосьць. Гэта не плястмаса. Гэта дрэва, яно жывое».

Калі спалучаеш розныя гатункі дрэва, можна гуляцца з колерамі. Аднак выбар сыравіны ў Беларусі зусім малы: сасна і алешына. Ліпу, клён, арэх, дуб набыць цяжка. Хацелася б знайсьці і чырвонае дрэва, і цік, і вільгацеўстойлівую лістоўніцу. Найлепш, калі пашчасьціць зь невялікімі кавалкамі.

«У кожнага ёсьць свой „Монстар Трак“»

Мяняць асноўную працу на дрэваапрацоўку майстар ня хоча. Пасьпявае сумяшчаць: 12 гадзін на заводзе і 5–6 гадзін за станком. Думае, што дрэва — добры бэкграўнд. Калі ня будзе працы, з гэтага можна пражыць.

«Не хачу рабіць з хобі канвэер. Важна, калі застаецца ўнутраны спакой. Ты робіш добрую справу. Яна прыносіць задавальненьне ня толькі табе. Табе гэта дае душэўнае здароўе. Табе гэта падабаецца, табе гэта ў кайф. Такое рэдка бывае ў наш час. Мне падаецца, я ўсё жыцьцё займаўся нечым ня тым. Мы можам не заўважаць момантаў, калі мы насамрэч шчасьлівыя людзі», — пераходзіць на філязофію хлопец.

Пра бліжэйшую будучыню Вадзім, нібы выбачаючыся, кажа: «Хацелася б прыдбаць сабе яшчэ адзін станочак».

І дадае са сьмехам: «Хлопец, ты можаш распрацаваць хоць 25 мадэляў. Але пілаваць ты будзеш усё роўна свой „Монстар Трак“. У кожнага ёсьць свой „Монстар Трак“».

Цацкі паехалі ў Турэччыну, Чэхію, Японію

Супрацоўнічаць з крамамі Вадзім пакуль ня хоча. Там, кажа, моцна накручваюць кошты. Некалі выпадкова ўбачыў у краме свой «раньні» байк за 35 рублёў, які нехта купіў быў у яго «з рук».

Між тым цацкі знаходзяць свайго спажыўца. Яны ідуць ня толькі знаёмым — некаторыя ўжо заехалі ў Піцер, Польшчу, Чэхію, Нямеччыну, Швэцыю, Турэччыну, Японію.

«Калі твае вырабы дабраліся да Швэцыі або Японіі хутчэй за цябе самога, гэта вельмі прыемна», — усьміхаецца майстар.

Як галоўнага выпрабаваньня чакае навагодніх сьвятаў. Тады, кажа, і спраўдзіць, ці гатовы працаваць на вялікі рынак, бо замоваў у рамесьнікаў тады бывае надта многа.

«Калі паказваю людзям, бачу, як у іх загараюцца вочы, — кажа Вадзім. — Людзей, якія недагулялі ў свой час, вельмі шмат».

«Ён таксама», — дадае Ася з суседняга пакоя.