У Магілёве адкрыўся творчы цэнтар, у якім прадаюцца сувэніры, вырабленыя людзьмі з інваліднасьцю. Аналягаў яму ў Беларусі няма.
Паўтара года таму стварыць асяродак, дзе інваліды маглі б зарабляць і вучыцца, задумала жыхарка абласнога цэнтру, прадпрымальніца Алеся Цумарава. Ад нараджэньня яна жыве зь дзіцячым цэрабральным паралюшам. Каб пазьбегнуць інваліднага вазка, перанесла дзясятак апэрацый. 30 жніўня яна стала гаспадыняй цэнтру «Тэрыторыя людзей».
Каротка пра Алесю Цумараву і яе цэнтар
- Алесі 37 гадоў. Скончыла Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Машэрава. Вучылася на гістарычным факультэце бібліятэчнага аддзяленьня. Працавала ў бібліятэцы.
- Сябе лічыць пасьпяховым чалавекам. «Я замужам. Я мама. Я каханая жанчына. Гэта тое, чаго хоча любая жанчына — з інваліднасьцю яна ці не», — кажа яна.
- З праектам «Тэрыторыя людзей» у 2017 годзе перамагла ў рэгіянальным конкурсе прадпрымальніцкіх ідэй бізнэс-школы ІПМ. На агульнанацыянальным конкурсе праект быў прызнаны найлепшым з сацыяльных.
- У цэнтры «Тэрыторыя людзей» зьбіраецца праводзіць для інвалідаў майстар-клясы па вырабе сувэніраў, вучыць асновам бізнэсу і карыстаньню інтэрнэтам. Адкрыецца школа прыгажосьці для дзяўчат з інваліднасьцю.
- Ажыцьцяўляць гэтыя ідэі Алесі дапамагае муж — Сяргей Кармызаў. З рамонтам памяшканьня пад цэнтар дапамаглі бізнэсоўцы.
На пандус пакуль няма сродкаў
У 2007 годзе Алеся казала ў інтэрвію Свабодзе пра свае пляны: яна хоча, каб у інвалідаў «зьявілася магчымасьць дадатковага заробку», а гэта, у сваю чаргу, «падахвоціць іх да далейшых посьпехаў».
Мара Алесі збылася. На адкрыцьцё яе цэнтру прыйшлі сябры, журналісты, чыноўнікі, супрацоўнікі сацыяльных арганізацый, якія працуюць з інвалідамі. Цэнтар разьмясьціўся ў цокальным памяшканьні дома на цэнтральнай вуліцы Магілёва — Першамайскай.
«Я хачу, каб людзі з інваліднасьцю перасталі ўспрымаць сябе адасобленымі ад грамадзтва. У эўрапейскіх краінах інваліды — паўнавартасныя грамадзяне. У нас сытуацыя рухаецца ў тым жа кірунку, але пакуль павольна», — дзеліцца сваімі чаканьнямі Алеся ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды.
Цэнтар недаступны для інвалідаў у вазку. Стромкая лесьвіца не дазваляе ім спусьціцца. Па словах Алесі, грошай на пандус пакуль няма. Інвалідаў-вазочнікаў, кажа яна, цэнтар будзе вучыць праз інтэрнэт.
Сувэніры, вырабленыя інвалідамі, ёсьць, а прадаць іх няма дзе
Сваю дзейнасьць Алеся называе «сацыяльным прадпрымальніцтвам». Мэта — вырашаць праблемы адаптацыі інвалідаў у грамадзтве.
У Беларусі мноства сацыяльных устаноў, дзе інваліды робяць сувэніры, але прадаць іх няма дзе. Яе цэнтар дае такую магчымасьць.
«Мая цяперашняя мара — стварыць сетку такіх цэнтраў па ўсёй Беларусі», — кажа Алеся, паказваючы сувэніры, расстаўленыя на паліцах.
«Хочацца, каб цэнтар стаў турыстычным аб’ектам і каб была магчымасьць у гасьцей гораду набыць вырабы інвалідаў, — дадае яна. — Калі сувэнір мае сваю гісторыю, то ён становіцца больш каштоўны».
«Дзіркі ў заканадаўстве»
Заканадаўства абмяжоўвае прадпрымальніка ў яго намерах супрацоўнічаць зь фізычнымі асобамі, тлумачыць нюансы дзейнасьці цэнтру Алесін муж Сяргей Кармызаў. Паводле існуючых нормаў, кажа ён, бізнэсовец можа ўзяць на продаж толькі адзін сувэнір, выраблены не прадпрымальнікам.
«Таму мы ўзяліся вучыць людзей з інваліднасьцю асновам прадпрымальніцкай дзейнасьці, каб яны ў пэрспэктыве наважыліся зарэгістравацца рамесьнікамі, якія за сваю дзейнасьць плацяць 1 базавую велічыню падатку на год. Рамесьніцтва як від прадпрымальніцтва для многіх можа стаць першай прыступкай да больш сур’езнай дзейнасьці», — кажа Сяргей.
Ён дадае, што паняцьце «сацыяльнае прадпрымальніцтва» ў беларускім заканадаўстве не замацаванае. Гэта ўскладняе працу. Бізнэсоўцы ня могуць адкрыта аказваць спонсарскую дапамогу. Такую сытуацыю Сяргей называе «дзіркамі ў заканадаўстве».
Акрамя прававых праблемаў, суразмоўца зьвяртае ўвагу на тое, што цяперашнім часам людзі пазьбягаюць траціць грошы на забавы, у тым ліку і на сувэніры. Стэрэатыпнае стаўленьне да інвалідаў таксама можа адбіцца на дзейнасьці цэнтру, дадае Сяргей.
«Не сакрэт, што многія лічаць: інвалід нічога ня ўмее і толькі сядзіць дома», — кажа ён.
Галоўнае, каб інвалід паверыў у свае сілы
Гаспадыня цэнтру кажа, што заяўку на конкурс прадпрымальніцкіх ідэй падавала адразу пасьля 3 сьнежня — Дня інваліда. У гэты дзень, заўважае яна, «раптам многія згадваюць, што вакол нямала людзей з інваліднасьцю». Ладзіцца шмат імпрэзаў, на якіх гаворыцца пра клопат аб людзях з абмежаваньнямі. А потым на працягу году — маўчаньне. Дзейнасьцю цэнтру Алеся хоча зьмяніць такую практыку.
«Галоўнае, каб чалавек з інваліднасьцю паверыў у свае сілы і перастаў саромецца самога сябе, — кажа гаспадыня цэнтру. — А гэтага можна дасягнуць, даўшы магчымасьць яму самому зарабіць. Мы пастараемся навучыць людзей з інваліднасьцю прафэсіям, якія выкарыстоўваюць магчымасьці інтэрнэту. Напрыклад, прасоўваньне тавараў і паслуг арганізацый і прадпрыемстваў. Мы будзем рыхтаваць такіх адмыслоўцаў».