30 жніўня амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў правёў разьвітальную прэсавую канфэрэнцыю. Самае важнае.
Пра пераемніка
Адказваючы Свабодзе на пытаньне, ці хапала яму амбасадарскіх паўнамоцтваў падчас 12-гадовай працы і навошта ягонаму пераемніку дадатковая пасада спэцпрадстаўніка прэзыдэнта Расеі па разьвіцьці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, Сурыкаў спачатку правёў рукой па горле:
«Маіх паўнамоцтваў мне хапала вось так. Ягоны дадатковы статус для Беларусі нічога не вырашае. Гэта статус расейскі, а тут у Беларусі ён проста амбасадар.
Я яго асабіста ня знаю. Амбасадары, паводле расейскіх стандартаў, на адной тэрыторыі не перасякаюцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Расеі — больш чым пасол. Чаго чакаць ад новага пуцінскага прызначэньняПра продаж «Газпрому» ўсіх газаправодаў Беларусі
Адзін з варыянтаў, як зрабіць расейскі газ для беларускіх спажыўцоў таньнейшым, — гэта прадаць расейскаму «Газпрому» ўсю газатранспартную сетку Беларусі, а ня толькі магістральныя газаправоды, што было зроблена ў 2011 годзе, — заявіў Сурыкаў:
«„Газпром“ да апошняга двара дастаўляе газ. У выпадку, калі, як і ў Расеі, беларускія газатранспартныя сеткі будуць цалкам належаць „Газпрому“, то гэта будзе значна таньней».
Пра эўрапейскі вэктар Беларусі
Адказваючы на пытаньне, ці сапраўды, на яго думку, палітыка Беларусі ў апошнія гады стала некалькі праэўрапейскай, Сурыкаў адказаў:
«А якую пазыцыю займае ў гэтым пытаньні Расея? Яе палітыка скіраваная на збліжэньне з Захадам, у тым ліку са Злучанымі Штатамі. Мы жывем у глябальным сьвеце. Мы проста нармальна назіраем, як разьвіваюцца адносіны Беларусі з Захадам. Гэта агульны трэнд у сьвеце. І нельга зь яго выбівацца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым запомніўся амбасадар Расеі Сурыкаў. 15 ягоных цытатПра самае складанае ў працы ў Беларусі
На пытаньне, што было самым складаным за 12 гадоў працы ў Беларусі, Сурыкаў адказаў:
«Не лічу гэта складанасьцямі, але ня вельмі добра ўплывае на грамадзкую думку тое, што ў спрэчкі гаспадарчых беларускіх і расейскіх суб’ектаў пачынаюць умешвацца ўлады. Гэтыя пытаньні трэба вырашаць праз суд. І мы дойдзем да гэтага некалі. У эканоміцы трэба вучыцца размаўляць мовай гаспадарчага права».
Пра свае пляны
Пра тое, чым будзе займацца і дзе жыць пасьля адстаўкі, Сурыкаў адказаў:
«У мяне амаль 60 гадоў працоўнага стажу, так што магу адпачываць. Вялікіх і шумных гарадоў я не люблю. Так што буду зьбірацца ў родны Алтай».