Грамадзянская ініцыятыва «Ўмовы для мовы» ў Facebook і «ЎКантакце» распаўсюдзілаі заклік накіроўваць звароты адносна выкарыстаньня ў таварах слова «бульбаш», якое лічаць абразьлівым для беларусаў.
Шэраг зваротаў тычыцца хлебу «Бульбаш». Сярод іншага ў Міністэрства замежных справаў прапануюць спытаць, ці сапраўды замежныя дэлегацыі сустракаюць «Бульбашом»), а ў Міністэрства аховы здароўя — ці сапраўды «самасьвядомасьць людзей базуецца на бульбе», як заяўляе «Слуцкі хлебзавод».
Прапануецца таксама накіраваць звароты вытворцам гарэлкі «Бульбашъ» і цацкі «Мішка-бульбашык», заявіць ім пра абразьлівасьць назвы.
Інстытут мовазнаўства, міністэрствы культуры і гандлю ў зваротах просяць растлумачыць, ці ёсьць абразьлівымі словы «бульбаш», «маскаль», «хахол», «жыд», «нігер» і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бульбаш — фішка і візытоўка Беларусі», — Слуцкі хлебзавод«Не магу ўявіць, каб у іншых краінах выраблялі хлеб ці гарэлку з назвамі „Нігэр“, „Хахол“ ці „Маскаль“»
Звароты падрыхтаваў юрыст Ігар Случак, які ў інтэрнэце атрымаў мянушку «моўны інспэктар». Ідэя «флэшмобу» ў інтэрнэце належыць актывістцы Аліне Нагорнай — яна расказвае Свабодзе, што днём раней такія звароты ў Слуцку падпісалі шэсьць чалавек, пасьля кампанію вырашылі пашырыць на сацсеткі.
«„Бульбаш“ гэта абразьлівае слова, — кажа Аліна Нагорная Свабодзе. — Яно зьявілася з падачы расейскай акупацыйнай адміністрацыі, якая лічыла беларусаў недачалавекамі, тупым быдлам, якое ўмее толькі саджаць і есьці бульбу — і больш ні да чаго не прыстасаванае.
А сёньня ўсе тыя, хто так ці інакш папулярызуе слова „бульбаш“, працягваюць справу, пачатую ўсімі тымі, хто ненавідзіць беларускую дзяржаўнасьць і беларусаў. Я не магу ўявіць, каб у іншых краінах выраблялі хлеб ці гарэлку з назвамі „Нігэр“, „Лабус“, „Хахол“, „Пшэк“, „Маскаль“, „Жыд“, „Хач“ і іншыя».
Your browser doesn’t support HTML5