Крэмль пракамэнтаваў ідэю разрыву Дамовы аб дружбе паміж Украінай і Расеяй

Пяскоў: двухбаковыя адносіны з Украінай знаходзяцца ў глыбокім крызісе

Двухбаковыя адносіны Ўкраіны і Расеі знаходзяцца ў сытуацыі, «якую будзе цяжка чымсьці сапсаваць», заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў, камэнтуючы ідэю разрыву Дамовы аб дружбе паміж краінамі.

«Двухбаковыя адносіны знаходзяцца несумненна ў сытуацыі, якую будзе цяжка чымсьці сапсаваць. Двухбаковыя адносіны знаходзяцца ў глыбокім крызісе. Пакуль няма ніякіх фактараў, якія сьведчылі б аб наяўнасьці пэрспэктываў у цяперашняй сытуацыі да іх нармалізацыі», — сказаў Пяскоў.

Разам з тым, на яго думку, «нават ва ўмовах гэтага глыбокага крызісу было б глупствам рабіць нейкія крокі, якія нанясуць дадатковую шкоду народам дзьвюх краін».

28 жніўня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што чакае ад МЗС неабходны пакет дакумэнтаў для пачатку рэалізацыі працэсу спыненьня Дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і партнэрстве паміж Украінай і Расейскай Фэдэрацыяй.

Гэты дакумэнт быў падпісаны ў 1997 годзе і да сёньня застаецца дзейным. Ён, сярод іншага, прадугледжвае, што бакі «паважаюць тэрытарыяльную цэласьць адзін аднаго і пацьвярджаюць непарушнасьць існуючых паміж імі межаў», а таксама «будуюць адносіны адзін з адным на аснове прынцыпаў узаемнай павагі сувэрэннай роўнасьці, непарушнасьці межаў, мірнага ўрэгуляваньня спрэчак, неўжываньня сілы або пагрозы сілай».

У сакавіку 2014 году Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым. Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыму парушэньнем міжнароднага права і асудзілі дзеяньні Расеі як незаконныя, краіны Захаду ўвялі супраць яе эканамічныя санкцыі. Крэмль адмаўляе анэксію паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».

Ад красавіка 2014 году пасьля расейскай анэксіі Крыму на частцы Данбасу працягваецца ўзброены канфлікт. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ва ўзброенай агрэсіі і падтрымцы сэпаратыстаў. Крэмль, нягледзячы на шматлікія доказы, абвяргае гэтыя абвінавачаньні і заяўляе, што на Данбасе могуць знаходзіцца расейскія «добраахвотнікі». Паводле дадзеных ААН, за час канфлікту загінулі больш за 10 000 чалавек.