Не прыняўшы да ўвагі сьведчаньні і ўспаміны старажылаў, доказы актывістаў ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» і меркаваньні навукоўцаў, чыноўнікі адмовіліся прызнаць, што ў лесе каля вёскі Хайсы сталінскім часам адбываліся расстрэлы.
Паводле рашэньня Віцебскага райвыканкаму, чалавечыя парэшткі, знойдзеныя ўвесну 2017 году, былі перапахаваныя як парэшткі мірных жыхароў, што загінулі ў часе вайны.
Парэшткі перапахавалі ўпотай ад актывістаў
Пра тое, што парэшткі 302 «мірных жыхароў» перапахавалі на агульных могілках у вёсцы Мазалаве, актывісты даведаліся з раённай газэты «Жыццё Прыдзвіння».
Ян Дзяржаўцаў, стваральнік ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты», абураны і самім фактам патаемнага перапахаваньня, і недакладнасьцямі ў артыкуле раённай газэты.
«Там напісана, што парэшткі знайшоў пошукавы атрад. А гэта хлусьня! Косткі заўважылі мясцовыя жыхары, якія паведамілі пра гэта мне асабіста. Пошукавы атрад зьявіўся там толькі праз тры месяцы. І няпраўда, што шукальнікі нібыта не знайшлі ў пахаваньнях асабістых рэчаў. Былі там і грошы, датаваныя трыццатымі гадамі, і абутак зь пячаткамі вытворцаў і датамі „1937“, і акуляры, і гаманцы, і грабеньчык, паводле якога мы ідэнтыфікавалі імаверную ўладальніцу, расстраляную ў 1938 годзе», — гаворыць актывіст.
Your browser doesn’t support HTML5
Ян Дзяржаўцаў падкрэсьлівае: актывісты, якія зьвярнуліся з заявай пра парэшткі да мясцовых уладаў, прасілі паведаміць ім дату і месца перапахаваньня. Але атрымалі адмову і параду «сачыць за публікацыямі ў раённай газэце».
Адмовілі ўдзельнікам ініцыятывы і ў магчымасьці пазнаёміцца з высновамі пошукавага атраду. Апрача адной, зробленай на падставе ўсяго дзьвюх знаходак: «відавочная сувязь гэтага пахаваньня з пэрыядам Вялікай Айчыннай вайны».
На месцы перапахаваньня ахвяраў — толькі драўляны крыж
Парэшткі, эксгумаваныя пошукавым атрадам у лесе каля Хайсоў, пахавалі на Хмарскіх грамадзянскіх могілках у вёсцы (аграгарадку) Мазалаве. Пахаваньне на самым ускрайку, побач працуе тэхніка — тут будуюць дарогу.
На крыжы шыльда з датай перапахаваньня і надпісам: «Тут пахаваныя парэшткі 302 чалавек, знойдзеных у ваколіцах в. Хайсы». Каля крыжа — вянок: на стужцы напісана, што ён ад Віцебскага райвыканкаму і Віцебскага аблвыканкаму.
Побач актывісты паставілі свой, з надпісам «Бязьвінным ахвярам сталінскага тэрору ад аргкамітэту ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты».
Паводле здымкаў з раённай газэты, косткі склалі ў 22 труны і закапалі пад вайсковы салют. На думку віцебскіх актывістаў, гэта яшчэ раз сьведчыць пра імкненьне ўладаў «сьпісаць на вайну» сталінскія злачынствы.
У прамове праваслаўнага сьвятара, запрошанага на цырымонію перапахаваньня, таксама гучалі згадкі пра славу «загінулых воінаў» і «тых, хто каваў перамогу ў тыле», пра «сьвятую памяць аб подзьвігу бацькоў і дзядоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Безыменны і безадносны да часу». Абаронцы Курапатаў пра мэмарыяльны знак, выбраны Міністэрствам культурыПаводле намесьніцы старшыні Віцебскага райвыканкаму Жанны Чыркуновай, якую цытуе раённая газэта, дасьледнікі дагэтуль ня могуць дакладна вызначыць час сьмерці людзей, чые парэшткі знайшлі пад Хайсамі. Нявызначанымі застаюцца і асобы забітых. Таму, маўляў, на братняй магіле 302 чалавек пакуль толькі сьціплы драўляны крыж. А калі высьветляцца дакладныя акалічнасьці згубы невядомых ахвяраў, то будзе й адпаведны помнік.
«Мы прыцягнулі ўвагу грамадзкасьці да гэтай тэмы, таму ўладам ужо ня так проста ўсё «сьпісаць на вайну», ня маючы бясспрэчных доказаў, — кажа Ян Дзяржаўцаў. — Але яны ўсё адно да гэтага імкнуцца, ігнаруючы самы галоўны аргумэнт — больш за 40 сьведчаньняў, запісаных намі на відэакамэру, дзе людзі згадваюць менавіта «сталінскія» расстрэлы ў лесе каля Хайсоў»
Каля Хайсоў актывісты стварылі народны мэмарыял
Упершыню чалавечыя парэшткі знайшлі ў лесе пад Хайсамі ў лістападзе 2014 году. Знаходкі шакавалі старшыню сельвыканкаму Леаніда Дубіну, але ён практычна адразу заявіў: «Не спадзявайцеся, на мэмарыялы ў мяне няма грошай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 15 фактаў пра «віцебскія Курапаты»Тады ж у гэтыя мясьціны быў упершыню выкліканы 52-і пошукавы батальён, і вайсковыя гісторыкі абвясьцілі, што парэшткі належаць ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. У лістападзе 2015 году іх, як і цяпер, цішком пахавалі на вайсковым мэмарыяле — у братняй магіле каля станцыі Лужасна. Актывісты даведаліся пра гэта таксама post factum, зь мясцовай раёнкі.
Прапанову пахаваць парэшткі там, дзе іх знайшлі, і абвясьціць лес каля Хайсоў мэмарыяльнай тэрыторыяй улады не падтрымалі. Актывісты і сваякі рэпрэсаваных уласнымі сіламі ствараюць там мэмарыял — з сымбалічнымі магіламі, паказальнікамі, інфармацыйнымі шыльдамі і ўжо больш як трыма дзясяткамі крыжоў.