Беларускі бюджэт атрымаў ад «падатку на Google» ў I паўгодзьдзі 6,7 млн беларускіх рублёў. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства па падатках і зборах.
На ўліку ў падатковай стаяць 48 замежных арганізацый, якія выплачваюць «падатак на Google». Сярод іх — Google, Amazon, Apple, Netflix, LinkedIn, Booking, Uber, Wargаming, Viber, Microsoft.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі прыдумалі падатак на музыку ў інтэрнэце, мабільныя праграмы і анлайн-гульніНа пачатку году Міністэрства па падатках і зборах заявіла, што разьлічвае атрымаць у 2018 годзе ад «падатку на Google» 4 млн даляраў. Па выніках I кварталу гэтага году замежныя кампаніі — пастаўшчыкі электронных паслуг заплацілі падатак на дабаўленую вартасьць (ПДВ) на суму 3,1 млн беларускіх рублёў, і міністэрства, ацэньваючы бюджэтную эфэктыўнасьць новаўвядзеньняў, адзначыла, што дасягнутыя вынікі перавысілі выдаткаваныя на гэта рэсурсы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як будуць браць падатак за праграмы, музыку і гульні ў інтэрнэце?З 1 студзеня 2018 году ў Беларусі прыняты так званы «падатак на Google». Замежныя арганізацыі, якія аказваюць электронныя паслугі фізычным асобам у Беларусі, павінны выплачваць у беларускі бюджэт ПДВ. Стаўка падатку ўстаноўленая ў памеры 20%, што адпавядае агульнай стаўцы, якая ўжываецца ў Беларусі. Пад электронныя паслугі, пры рэалізацыі якіх павінен выплачвацца ПДВ, падпадаюць паслугі, зьвязаныя з продажам праз інтэрнэт кампутарных праграм, гульняў, музыкі, фільмаў, электронных кніг і іншага лічбавага кантэнту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-10 самых «арыгінальных» ініцыятыў уладаў Беларусі