Міністэрства замежных справаў Беларусі занепакоена фактам атрыманьня Юрыем Палітыкам траўмаў, адна зь якіх можа кваліфікавацца як цяжкая цялесная, і настойвае на пераводзе Палітыкі ў лячэбную ўстанову закрытага тыпу і правядзеньні дадатковага медыцынскага абследавання. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства.
МЗС таксама зьвярнула ўвагу на ранейшыя скаргі абвінавачанага аб ужываньні ў дачыненьні да яго незаконных мэтадаў дазнаньня. Як адзначыў прэс-сакратар ведамства Анатоль Глаз, усе гэтыя выпадкі патрабуюць уважлівага разьбіральніцтва.
Таксама 29 жніўня генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк зьвярнуўся да генэральнага пракурора Ўкраіны Юрыя Луцэнкі з просьбай арганізаваць праверку па факце цялесных пашкоджаньняў у Палітыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускага «шпіёна» прывезьлі ва ўкраінскі суд з траўмамі, абаронцы заявілі аб катаваньнях
Беларускага «шпіёна» ў мэтах бясьпекі для здароўя мусяць перавезьці з Чарнігава ў Кіеў
Грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыку, якога ва Ўкраіне абвінавачваюць у шпіянажы, у мэтах бясьпекі для ягонага здароўя мусяць перавезьці з Чарнігаўскага ізалятара ў Кіеў, у сьледчы ізалятар Службы бясьпекі Ўкраіны.
«Напярэдадні суд ухваліў адпаведнае рашэньне, але ён пакуль знаходзіцца ў ізалятары Чарнігава. Неўзабаве Служба бясьпекі мусіць ухваліць рашэньне аб ягоным этапаваньні ў Кіеў. Палітыка не знаходзіцца ў мэдычнай частцы. Стан ягонага здароўя добры і пагрозы жыцьцю няма», — паведаміў Свабодзе Юры Маслак, прэсавы сакратар намесьніка міністра юстыцыі Ўкраіны Дзяніса Чарнышова, які курыруе пытаньні ўстановаў сталага і часовага ўтрыманьня пад вартай.
Паводле рашэньня суда, Юры Палітыка будзе ўтрымлівацца ў сьледчым ізалятары Службы бясьпекі Ўкраіны ў Кіеве на час дасудовага расьсьледаваньня справы аб цялесных пашкоджаньнях, якія ён атрымаў 7 жніўня ў чарнігаўскім ізалятары. Беларуса праапэравалі 10 жніўня, але 27 жніўня на чарговым паседжаньні суда яшчэ былі заўважныя наступствы атрыманых траўм.
Тады суд адмовіўся прызначыць судова-мэдычную экспэртызу, каб высьветліць акалічнасьці атрыманьня Юрыем Палітыкам траўмаў, матывавуючы сваю адмову тым, што экспэртыза адбудзецца, але ў рамках крымінальнай справы, адкрытай паводле гэтага факту здарэньня.
На працягу судовага паседжаньня грамадзянін Беларусі неаднаразова заяўляў аб кепскім самаадчуваньні, але суд адмовіўся выклікаць хуткую мэдычную дапамогу.
«У правядзеньні тэрміновай экспэртызы суд адмовіў. Цяпер мэдычнае абсьледаваньне падсуднага можа адбыцца толькі ў выпадку пагаршэньня ягонага стану здароўя падчас знаходжаньня ў ізалятары СБУ», — паведаміла Свабодзе адвакат Валянціна Рагавец.
Адвакаты Палітыкі не былі праінфармаваныя аб здарэньні ў ізалятары са сваім падабаронным, як таго патрабуе заканадаўства. Паводле іх, аб траўмах яны даведаліся перад пачаткам судовага пасяджэньня. Абвінавачаньне сьцьвярджае, што беларус атрымаў траўмы ў выніку падзеньня ў санвузьле з прычыны «асабістай неасьцярожнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус, абвінавачаны Ўкраінай у шпіянажы, спадзяецца на абмен з асуджаным у Беларусі журналістам Шаройкам
Гісторыя шпіёнскага скандалу
Юрыю Палітыку паводле 114 артыкула Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (шпіянаж) пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй ці без канфіскацыі маёмасьці. Затрымалі яго летась у чэрвені на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм». Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.
Украінскія экспэрты выказвалі думкі, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ на затрыманьне Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Паўло Шаройка ўжо асуджаны беларускім судом на 8 гадоў турмы за шпіянаж.
Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Украіны Ўладзімір Шкуроў казаў Свабодзе, што ўлады Беларусі і Ўкраіны абмяркоўваюць абмен Шаройкі на Палітыку, але гэта «далікатнае пытаньне».
Пазьней і старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валер Вакульчык заявіў, што «не выключае» ў будучыні абмену грамадзянамі, абвінавачанымі ў Беларусі і Ўкраіне ў шпіянажы.