Сяргея Сацука, аўтара артыкула на інтэрнэт-рэсурсе «Ежедневник» пра выкарыстаньне ў Беларусі незарэгістраванай карэйскай вакцыны «Эўпэнта», рэакцыя на ягоную публікацыю з боку чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя не задаволіла.
Чаму чыноўнікі ад мэдыцыны пабаяліся пытаньняў журналістаў?
Журналіст прыйшоў на брыфінг у ведамства, каб наўпрост задаць пытаньні асобам, адказным за вакцынацыю, аднак ад дыялёгу чыноўнікі адмовіліся. Замест гэтага зрабілі заявы.
Нягледзячы на афіцыйны зварот мэдычнага ведамства ў пракуратуру пасьля ягоных публікацый, Сяргей Сацук рыхтуе новыя артыкулы, прысьвечаныя шэрым схемам паставак мэдпрэпаратаў у Беларусь.
«Дарэмна толькі ехаў — не далі задаць ніводнага пытаньня, — наракае Сацук. — Але фактычна адзінае, што абверглі, дык гэта няправільныя дадзеныя па колькасьці народжаных летась дзяцей — не 72 тысячы, а блізу 117 тысяч. Я лічбы браў зь Белстату, можа хтосьці паблытаў. У любым разе сытуацыю гэта істотна ня зьмяняе. Усё астатняе — у тым жа духу: вакцына якасная, прэкваліфікацыя — гэта добра».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя патлумачыла выкарыстаньне незарэгістраванай вакцыны «надзвычайнай сытуацыяй». ВІДЭАНавошта абвяшчаць тэндэр на заведама непрымальных умовах?
Падчас брыфінгу было заяўлена, што цягам 2016 году ўзьнікла надзвычайная сытуацыя вакол паставак расейскай вакцыны АКДС. Тройчы прэпарат заварочвалі назад з прычыны неадпаведнай якасьці, і ўрэшце давялося тэрмінова шукаць замену.
«Маўляў, калі ўзьнікла крытычная сытуацыя, зьвярнуліся да сусьветных вытворцаў. Летась у лістападзе абвясьцілі тэндэр на закуп, але нібыта ніхто ня змог забясьпечыць патрэбны аб’ём, — камэнтуе словы чыноўнікаў журналіст. — Гэта быў ужо другі тэндэр на пастаўку 574 тысячы дозаў, ня той, пра які я пісаў. Але тут галоўнае нават не аб’ём, а цана — 234 тысячы рублёў. То бок па 40 капеек за дозу. Пры тым, што расейская вакцына, якая лічыцца самай таннай, закуплялася па 10 рублёў. Ну хто з сусьветных кампаній паквапіцца на такі тэндэр?»
Чыноўнікі заяўлялі пра неаб’ектыўнае і ангажаванае асьвятленьне гарачай тэмы ў «асобных СМІ», якія хочуць прыцягнуць чытачоў на трагічных сьмерцях немаўлятаў — нібыта ад неправераных прышчэпак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Скандал дзяржаўнага ўзроўню», — прадстаўнік фармкампаніі пра карэйскую вакцыну, незарэгістраваную ў БеларусіЯк незарэгістраваная карэйская вакцына апынулася ў Беларусі?
Сяргей Сацук кажа, што ня мае нічога супраць вакцынацыі, але спрабуе разабрацца, празь якія схемы трапляюць у Беларусь тыя ці іншыя прэпараты.
«Цікавы сам падыход: адзін тэндэр абвясьцілі на 16 тысяч дозаў, потым адразу на паўмільёна, а потым аказалася, што цалкам хопіць 200 тысяч карэйскай „Эўпэнты“. Зьвярніцеся ў любую кампанію, якая вырабляе вакцыну, аналягічную АКДС, яны зямлю рыюць у пошуку новых рынкаў. Практычна ва ўсіх у Беларусі зарэгістраваныя вакцыны. І яны б вельмі лёгка паставілі сюды 200 тысяч дозаў. Чаму было зроблена інакш? Ніхто сёньня так і не сказаў: зрабілі заявы, а далей думайце што хочаце».
Прадстаўнікі мэдычнага ведамства сьцьвярджаюць, што ў шэрагу выпадкаў можна выкарыстоўваць незарэгістраваную вакцыну. Спаслаліся на артыкул 23 закону «Аб лекавых сродках». Канчатковага разуменьня, што гэта за выпадкі, Сяргей Сацук так і ня мае.
«Артыкул ёсьць, але якой менавіта фармулёўкай кіраваліся? Кажуць, што вакцына зарэгістраваная ў Карэі і Ўзбэкістане. На жаль, Узбэкістан не паказьнік, бо адносіцца да ліку краінаў, дзе працэс урэгуляваны слаба, таму і прэкваліфікацыю ў Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя закупляюць, і лекі лёгка зарэгістраваць. Наконт Карэі ня ведаю, што за сэртыфікат яны прывезьлі, але на сайце рэгулятыўнага органу ў разьдзеле „Фармакалёгія“ прэпарат пазначаны як „распрацоўка“. У сьпісе зарэгістраваных яго няма. Калі маглі прайсьці клінічныя выпрабаваньні?»
Прысутны на брыфінгу прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў адзначыў: апроч Узбэкістану, карэйская вакцына пасьпяхова выкарыстоўваеца ў Банглядэшы, Сырыі, Шры-Лянцы, Эфіёпіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт высьвятляе парадак закупкі вакцыны, ад якой памерла дзіцяНа якой падставе зроблена выснова пра крытычную сытуацыю?
Як падсумоўвае Сяргей Сацук, па сутнасьці чыноўнікі не абверглі ніводнага факту зь ягонай публікацыі, затое пацьвердзілі, што завезьлі на рынак незарэгістраваны прэпарат. Таксама ён ня згодны, што ў свой час склалася «крытычнае становішча», якое вымагала тэрмінова шукаць альтэрнатыўнага пастаўшчыка вакцыны. На яго перакананьне, сытуацыя, якая ў выніку ўзьнікла, была створана «штучна».
Журналіст усё больш схіляецца да думкі, што тэму паходжаньня асобных вакцынаў варта працягнуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За расьсьледаваньне наконт неправеранай вакцыны для беларускіх дзяцей пачалі зьбіраць подпісыРаней Міністэрства здароўя зьвярнулася ў пракуратуру пасьля публікацый на рэсурсе «Ежедневник» пра незарэгістраваную карэйскую вакцыну. Сьледчаму камітэту ўжо даручана праверыць інфармацыю пра «выкарыстаньне сытуацыі» ў канкурэнтнай барацьбе вытворцаў.
Часопіс «Ежедневник» апублікаваў расьсьледаваньне, у якім сьцьвярджаў, што вакцына «Эўпэнта» не зарэгістраваная ў Беларусі і не праходзіла праверак у краіне. Пазьней гэта пацьвердзілі і ў Цэнтры экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя.
Скандал з карэйскай вакцынай у Беларусі. Што важна ведаць
- 13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне двухмесячны хлопчык памёр пасьля прышчэпкі. 14 жніўня дзяўчынка такога ж узросту трапіла ў рэанімацыю пасьля плянавай прышчэпкі. Пазьней стала вядома, што ў траўні пасьля прышчэпкі «Эўпэнты» памерла чатырохмесячная дзяўчынка.
- Вакцыны бароняць ад шматлікіх вірусаў. Пра некаторыя інфэкцыйныя хваробы забыліся толькі таму, што ёсьць прышчэпкі. Калі перастаць прышчапляцца, інфэкцыі досыць хутка вяртаюцца.
- Аднак у мэдыцыне зрэдку, кажуць спэцыялісты, здараюцца такія трагедыі, як у Ганцавічах, калі мае месца індывідуальная рэакцыя, не зьвязаная зь якасьцю прэпарату.
- На пэрыяд расьсьледаваньня выкарыстаньне ў Беларусі імунабіялягічных сродкаў «Эўпэнта» той сэрыі, прышчэпкі зь якой былі ўведзеныя пацярпелым дзецям, прыпынілі. Карэйскую вакцыну «Эўпэнта» Мінздароўя закупіла замест расейскай АКДС у 2017 годзе.
- Часопіс «Ежедневник» апублікаваў расьсьледаваньне ў дзьвюх частках, у якім сьцьвярджае, што вакцына незарэгістраваная ў Беларусі і не праходзіла праверак у краіне. Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя пацьвердзіў гэта Свабодзе.
- З нагоды публікацыяў «Ежедневника» Мінздароўя зьвярнулася ў пракуратуру. Сьледчы камітэт тым часам правярае парадак закупкі, якасьць і сэртыфікацыю вакцыны, як таго ў пэтыцыі патрабавалі дзьве тысячы беларусаў.
- 10% лекавых сродкаў трапляюць у Беларусь без рэгістрацыі.
- Мінздароўя палічыла дастатковым тое, што вакцына прайшла праверку якасьці Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя. Аднак, згодна зь беларускім заканадаўствам, гэтага не дастаткова для выкарыстаньня яе ў краіне ў штатаных сытуацыях. 29 жніўня Мінздароўя патлумачыла выкарыстаньне вакцыны «надзвычайнай сытуацыяй».
- Пасьля трагедыі ў Ганцавіцкім раёне і скандал з вакцынай сям’я зь Менску расказала пра сьмерць дачкі, якой таксама ўвялі карэйскую вакцыну «Эўпэнта».
- Усё гэта адбываецца на тле карупцыйнай «справы лекараў», у якой падазраванымі ў хабарах на сотні тысячаў даляраў праходзяць кіраўнікі шматлікіх мэдычных установаў Беларусі і чыноўнікі Міндзароўя.