Менгарвыканкам 29 жніўня адказаў на пэтыцыю менчукоў з заўвагамі наконт рэканструкцыі вуліцы Камсамольскай і просьбай праверыць, ці была растрата бюджэтных сродкаў.
Стварыў пэтыцыю блогер Антон Матолька.
Пэтыцыю накіравалі ў Менгарвыканкам, Камітэт дзяржкантролю, пракуратуру Менску.
Пад пэтыцыяй падпісаліся 758 чалавек.
Яны прасілі, каб улады адказалі на пытаньні:
- Чаму там два шэрагі ліхтарных слупоў, калі дастаткова было аднаго?
- Навошта закуплялі кветачніцы на 100 тысяч даляраў, па 1400 даляраў за кожную?
- Чаму пры гэтым ня зладзілі якаснага вадасьцёку і не правялі абяцанага азеляненьня?
- Чаму рэканструкцыю правялі без грамадзкіх абмеркаваньняў і збору прапановаў ад жыхароў?
- Чаму нідзе не апублікавалі праектную дакумэнтацыю аб’екта?
Што адказаў Менгарвыканкам?
- Паміж апорамі ліхтароў прадугледжаны месцы для ўсталяваньня вонкавай рэклямы, «што дазволіць больш рацыянальна выкарыстоўваць дадзеную тэрыторыю».
- Наконт кветачніц за 100 тысяч даляраў адказу няма.
- Вадасьцёк уяўляе сабой латакі адкрытага і закрытага тыпу з далейшым адвядзеньнем водаў у ліўневую каналізацыю. Інакшае рашэньне «немэтазгодна», бо, каб зрабіць вадасьцёк, неабходна перакласьці і вынесьці ўсе дзейныя інжынэрныя сеткі. Гэта суправаджаецца «вялікім аб’ёмам» земляных прац з уладкаваньнем катлавану, а таксама высечкай дрэваў. Гэта павялічыла б пэрыяд рэканструкцыі.
- Закупкі праводзілі паводле пастановы Савету міністраў аб арганізацыі закупак. Кошт матэрыялаў і вырабаў вызначалі праз закупкі адкрытага фармату.
Сёлета ў ліпені залевы ператваралі ў рэкі розныя вуліцы ў Менску і ў іншых гарадах Беларусі. Камсамольскую тапіла тры разы, яе жартам празвалі «суднаходнай».
Рэканструкцыя вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай у Менску завяршылася напярэдадні дзяржаўнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. Там, дзе раней была праезная частка і паркоўка ў цэнтры гораду, зрабілі пешаходную зону.
Прынамсі ў дзясятку беларускіх гарадоў — Берасьці, Горадні, Магілёве, Гомлі, Бабруйску, Маладэчне, Пінску, Лідзе, Кобрыні, Слоніме — ёсьць пешаходныя вуліцы, кварталы, бульвары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лепш, чым у Менску: 10 беларускіх гарадоў зь пешаходнымі вуліцамі (усе гарады з фота)