Настаўніца і дызайнэрка робяць настольныя гульні, якія дапамагаюць дзецям вывучаць беларускую мову

У менскай кнігарні «Логвінаў» стваральнікі ініцыятывы «Скарбонка гульняў» прэзэнтавалі тры новыя адукацыйныя настольныя гульні на беларускай мове. Свабода даведалася, што гэта за гульні і якія пляны ў іхніх аўтараў.

Што такое «Скарбонка гульняў?»

Гэта гульні для дзяцей і дарослых, якія «без нуды і прымусу» дапамагаюць вывучыць беларускую мову. Іх стваральнікі распрацавалі ўжо 34 гульні, з дапамогай якіх дзеці вучаць літары беларускага алфавіту, назвы жывёл, птушак і расьлін.

Падчас прэзэнтацыі «Скарбонкі гульняў» у Менску

Гульні можна выкарыстоўваць на занятках у дзіцячых садках і школах, а таксама гуляць у іх дома ўсёй сям’ёй. Праект прайшоў у фінал нацыянальнага конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend 11, кампанія «Вэлкам» адзначыла яго ў сваёй спэцыяльнай намінацыі «Па-беларуску».

«Ёсьць такія гульні, якія ня толькі дапамагаюць нам добра бавіць час, але яшчэ і даюць новыя веды. Можна проста гуляць, і гэта будзе замяняць урок», — кажа аўтарка праекту Натальля Галко.

Усе ілюстрацыі да гульняў зрабіла мастачка Надзея Гарбунова, якая працуе дызайнэркай, а ў вольны ад працы час малюе для праекту.

Надзея Гарбунова

Чыя ідэя гульняў?

Натальля Галко — настаўніца пачатковых клясаў з больш чым дваццацігадовым стажам працы зь дзецьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

Натальля Галко

«Усё пачыналася некалі з майго сына, якому ня вельмі хацелася вывучаць беларускую мову, — кажа яна. — Тады стала зразумела, што можна навучыць яго праз гульню. Усё стваралася сваімі рукамі: выразалася, клеілася, малявалася. Вынік быў вельмі добры.

Летась я ўбачыла аб’яву пра прыём заявак на Social Weekend. Вырашыла спачатку сама пратэставаць гульні. За свае грошы зрабіла наклад, і людзям спадабалася. Мае знаёмыя ўзялі гульню і вярнулі празь некаторы час са словамі: «Мы вырашылі, што дзень на тыдзень будзем размаўляць выключна па-беларуску і гуляць у вашы „настолкі“».

Што за новыя гульні?

«Хто там?»

Трэніроўка ўвагі, лёгікі, памяці. Нагадвае гульню ў асацыяцыі і пашырае слоўнікавы запас.

«Хованкі з гномікам»

Ёсьць карткі з аднолькавымі гномікамі. На адваротным баку кожнай пары карткі — часткі аднаго слова, якое трэба скласьці. Усе словы можна знайсьці ў маляванцы і расфарбаваць іх.

«Усяму свой час»

Гульня дапамагае запомніць дні тыдня і назвы месяцаў, а яшчэ знаёміць з прыкметамі розных пор году і прыказкамі пра іх.

Што ўжо зроблена?

Надрукаваныя камплекты трох гульняў накладам 300 асобнікаў. На краўдфандынгавай пляцоўцы Ulej.by ідзе збор сродкаў на выданьне яшчэ трох гульняў: «Падарожжа па Беларусі», «Пары па-беларуску» і «Чароўныя алоўкі». Агулам распрацаваныя 34 гульні, але сродкаў выдаць астатнія пакуль няма.

Дзе набыць?

У кнігарні «Логвінаў», у «Акадэмкнізе» і ў краме Symbal.by. У продажы гульні зьявяцца ў верасьні.