Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец адрэагаваў на зварот Міністэтсва аховы здароўя ў пракуратуру з нагоды публікацыяў пра выкарыстаньне незарэгістраванай прышчэпкі, што прывяло да сьмерці дзіцяці.
Скарга Міністэрства аховы здароўя ў Генэральную пракуратуру на СМІ, якія апублікавалі інфармацыю пра вакцынацыю дзяцей незарэгістраваным прэпаратам «Эўпэнта», ёсьць працягам абмежавальнай палітыкі дзяржавы стасоўна мэдыя, заявіў БелаПАН старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Скандал дзяржаўнага ўзроўню», — прадстаўнік фармкампаніі пра карэйскую вакцыну, незарэгістраваную ў Беларусі«Калі Міністэрства аховы здароўя мела пытаньні да выданьняў, напрыклад наконт дакладнасьці інфармацыі, то яму варта было б спачатку вырашыць пытаньне ў грамадзянска-праўным парадку, а не залучаць, як гэта ў нас павялося, усе сілавыя ведамствы, — сказаў Бастунец. — У гэтым пляне „справа БелТА“ ўсё вельмі красамоўна ілюструе.
Цяпер выпадак не такога маштабу, але падыходы падобныя. Гэта палітыка, накіраваная на тое, каб у мэдыях не гучала таго, што не падабаецца дзяржаве.
Міністэрства аховы здароўя вырашыла, што можна змагацца з журналістамі такімі мэтадамі. Але гэта вельмі рызыкоўны шлях. Перш чым біць люстэрка, міністэрства мусіла паглядзець на сваё адлюстраваньне. А выгляд у яго далёка ня лепшы, асабліва ў сьвятле выпадку, зьвязанага са сьмерцю дзіцяці».
Скандал з карэйскай вакцынай у Беларусі. Што важна ведаць
- 13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне двухмесячны хлопчык памёр пасьля прышчэпкі. 14 жніўня дзяўчынка такога ж узросту трапіла ў рэанімацыю пасьля плянавай прышчэпкі. Пазьней стала вядома, што ў траўні пасьля прышчэпкі «Эўпэнты» памерла чатырохмесячная дзяўчынка.
- Вакцыны бароняць ад шматлікіх вірусаў. Пра некаторыя інфэкцыйныя хваробы забыліся толькі таму, што ёсьць прышчэпкі. Калі перастаць прышчапляцца, інфэкцыі досыць хутка вяртаюцца.
- Аднак у мэдыцыне зрэдку, кажуць спэцыялісты, здараюцца такія трагедыі, як у Ганцавічах, калі мае месца індывідуальная рэакцыя, не зьвязаная зь якасьцю прэпарату.
- На пэрыяд расьсьледаваньня выкарыстаньне ў Беларусі імунабіялягічных сродкаў «Эўпэнта» той сэрыі, прышчэпкі зь якой былі ўведзеныя пацярпелым дзецям, прыпынілі. Карэйскую вакцыну «Эўпэнта» Мінздароўя закупіла замест расейскай АКДС у 2017 годзе.
- Часопіс «Ежедневник» апублікаваў расьсьледаваньне ў дзьвюх частках, у якім сьцьвярджае, што вакцына незарэгістраваная ў Беларусі і не праходзіла праверак у краіне. Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя пацьвердзіў гэта Свабодзе.
- З нагоды публікацыяў «Ежедневника» Мінздароўя зьвярнулася ў пракуратуру. Сьледчы камітэт тым часам правярае парадак закупкі, якасьць і сэртыфікацыю вакцыны, як таго ў пэтыцыі патрабавалі дзьве тысячы беларусаў.
- 10% лекавых сродкаў трапляюць у Беларусь без рэгістрацыі.
- Мінздароўя палічыла дастатковым тое, што вакцына прайшла праверку якасьці Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя. Аднак, згодна зь беларускім заканадаўствам, гэтага не дастаткова для выкарыстаньня яе ў краіне ў штатаных сытуацыях. 29 жніўня Мінздароўя патлумачыла выкарыстаньне вакцыны «надзвычайнай сытуацыяй».
- Пасьля трагедыі ў Ганцавіцкім раёне і скандал з вакцынай сям’я зь Менску расказала пра сьмерць дачкі, якой таксама ўвялі карэйскую вакцыну «Эўпэнта».
- Усё гэта адбываецца на тле карупцыйнай «справы лекараў», у якой падазраванымі ў хабарах на сотні тысячаў даляраў праходзяць кіраўнікі шматлікіх мэдычных установаў Беларусі і чыноўнікі Міндзароўя.
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.