Пачалося папярэдняе судовае паседжаньне паводле пазову бізнэсоўца Аркадзя Ізраілевіча да газэты «Новы час». Сам пазоўнік у суд Савецкага раёну Менску не прыйшоў, ягоныя інтарэсы прадстаўляе адвакатка Алена Калазаева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэдактарка «Новага часу»: «Я сустракалася з Ізраілевічам, але ён адмовіўся ад «міравой»Ад «Новага часу» прысутнічаюць рэдактарка Аксана Колб, журналіст Дзяніс Івашын ды іхныя абаронцы. Усе абвінавачаньні на свой адрас яны адкідаюць.
Суд пастанавіў праводзіць папярэдняе паседжаньне ў адсутнасьць Ізраілевіча, а надалей вырашыць пытаньне наконт ягонага ўдзелу ў працэсе. Прычыны, зь якіх бізнэсовец устрымаўся ад прыходу ў суд, названыя не былі.
Прадстаўнікі выданьня і Івашына былі ня супраць сёньняшняй няяўкі Ізраілевіча, але настойваюць на далейшай асабістай прысутнасьці пазоўніка.
Пазоў аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў на пачатку жніўня. Ён патрабуе ад незалежнага выданьня 40 тысяч рублёў за «маральную шкоду». Яшчэ 1 тысячу рублёў ён хоча атрымаць ад журналіста Дзяніса Івашына, аўтара расьсьледаваньня пра незаконную забудову ў Курапатах.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Як лічыць Ізраілевіч, з газэтных артыкулаў вынікае, што ягонае ТАА «ІВ» зьяўляецца бэнэфіцыярам будаўніцтва побач зь месцам сталінскіх расстрэлаў у Курапатах рэстарацыі «Поедем поедим», супраць дзейнасьці якой пратэстуюць грамадзкія актывісты.
Ён сьцьвярджае, што ня мае ніякага юрыдычнага дачыненьня да забаўляльнай установы, і патрабуе апублікаваць зьняпраўджаньне — інфармацыю пра сваю недатычнасьць да рэалізацыі камэрцыйнага праекту, а таксама дамагаецца матэрыяльнай кампэнсацыі за «эмацыйныя перажываньні і пагаршэньне фізычнага стану».