Іран завёў глябальную «дэзынфармацыйню сетку» палітычнага ўплыву ў інтэрнэце, — Reuters

Ілюстрацыйнае фота

Агенцтва Reuters правяло ўласнае расьсьледаваньне іранскай інфармацыйнай апэрацыі, якая ажыцьцяўляецца праз сетку ананімных сайтаў і акаўнтаў у сацыяльных сетках на 11 мовах.

На мінулы тыдні Facebook і іншыя кампаніі заявілі, што шматлікія сайты і акаўнты ў сацыяльных сетках ёсьць складнікамі іранскага праекту пакрыёмага ўплыву на грамадзкую думку ў іншых краінах. Уласным аналізам Reuters вызначыла яшчэ 10 такіх сайтаў і дзясяткі ўліковых запісаў у Facebook, Instagram, Twitter і YouTube.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Facebook і Twitter выдалілі сотні старонак іранскай і расейскай палітычнай дэзынфармацыі

Фірма FireEye Inc, якая спэцыялізуецца на кібэрбясьпецы і базуецца ў ЗША, і ізраільская фірма ClearSky праверылі знаходкі Reuters. Паводле іх, з тэхнічнага гледзішча выяўленая сетка пад назваю International Union of Virtual Media (IUVM, Міжнародны зьвяз віртуальных мэдыя) — гэта частка той самай кампаніі, якую на мінулым тыдні выкрылі Facebook Inc, Twitter Inc і Alphabet Inc.

IUVM прасоўвае ў інтэрнэце зьмест іранскіх дзяржаўных мэдыя ды іншых выданьняў, зьвязаных з тэгеранскім урадам, часта прыхоўваючы першасныя крыніцы інфармацыі — такія, як Іран PressTV, інфармацыйнае агенцтва FARS і al-Manar TV, якім валодае падтрыманая Іранам шыіцкая мусульманская групоўка Хэзбала.

Разгалінаваная сетка дэзынфармацыі дэманструе, як шматлікія зьвязаныя зь дзяржаваю групы выкарыстоўваюць сацыяльныя мэдыя для маніпуляваньня карыстальнікамі і прасоўваньня свайго геапалітычнага бачаньня і як цяжка высокатэхналягічным кампаніям бараніць свае плятформы ад палітычнага ўмяшаньня.

У ліпені вялікае журы прысяжных ЗША абвінаваціла 12 расейцаў, якіх пракуроры лічаць афіцэрамі выведкі, ва ўзломе электронных рэсурсаў палітычных групаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2016 году. Уладзімір Пуцін прапанаваў правесьці допыт тых расейцаў у абмен на допыт расейскімі пракурорамі некалькіх амэрыканцаў, у тым ліку былога амэрыканскага амбасадара ў Маскве Майкла Макфола. Штаты не пагадзіліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп «ня згодны» з прапановай Пуціна абмяняцца допытамі