Сем маладых паэтаў сабраў паэтычны пленэр Тацяны Сапач. Фотарэпартаж

Верасень (справа) распавядае паэтам пра свой жыцьцёвы шлях. Слухаюць паэты (зьлева направа) Андрэй Анро, Ганна Комар, Артур Камароўскі і Ганна Шакель

22−26 жніўня ў Маркаве Маладэчанскага раёну прайшоў пленэр для маладых паэтаў.

Творчы летнік у роднай вёсцы паэткі Тацяны Сапач другі год запар ладзяць ейныя родныя і сябры.

Сёлета гасьцямі сядзібы, дзе вырасла адна з самых эстэцкіх беларускіх паэтак, сталі сем маладых аўтараў: Андрэй Анро, Міхал Бараноўскі, Павал Дарохін, Артур Камароўскі, Ганна Комар, Васіліса Паляніна ды Ганна Шакель.

На сустрэчы з краязнаўцам і бібліяфілам Міхасём Казлоўскім (чацьверты зьлева)

Граюць Аўгіньня Манцэвіч і Верасень

Для ўдзельнікаў пленэру засьпявалі кабеты зь вясковага ансамблю «Маркаўчанка», свае лекцыі прачыталі краязнаўца ды літаратуразнаўца Міхась Казлоўскі, тэоляг Ірына Дубянецкая, маркаўская настаўніца Ларыса Сапач, рэдактар Сяргей Дубавец, на падворку хаты ў Маркаве нефармальны канцэрт зладзіла сьпявачка Кася Камоцкая.

Лекцыю чытае Сяргей Дубавец

Лекцыю чытае Ірына Дубянецкая

​Цягам пяці дзён маладыя паэты падарожнічалі па напоўненых легендамі ды прасякнутых містычнасьцю ваколіцах Маркава — убачылі сядзібу паэта Юліяна Сергіевіча ў Ленкаўшчыне, пратапталі сьцежку праз падворак у Крэве, дзе вырас Уладзімер Някляеў, зьезьдзілі ў госьці да даўншыфтэраў Аўгіньні Манцэвіч ды Верасьня.

Вясковы ансамбль «Маркаўчанка»

Паэты Ганна Комар і Артур Камароўскі слухаюць вясковага музыку

Першым вынікам пленэру стала самаробная дзіцячая кніга, якую ўдзельнікі пленэру падарылі вучням Маркаўскай школы.

Паэты (зьлева направа) Артур Камароўскі, Міхал Бараноўскі, Васіліса Паляніна, Андрэй Анро, Ганна Шакель і Ганна Комар

Павал Дарохін, Міхал Бараноўскі, Ганна Комар і Артур Камароўскі