28 жніўня ў судзе Аршанскага раёну і Воршы распачаўся працэс, на якім вызначыцца, ці мелі нашыўкі на затрыманым 19-гадовым Аляксею Сукорскім экстрэмісцкі зьмест.
У першы дзень закрытага судовага працэсу судзьдзя Натальля Байцова апытала супрацоўніка Ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Івана Мірановіча, а таксама Аляксея Сукорскага, у якога міліцыянты канфіскавалі нашыўкі з абрэвіятурамі «A.C.A.B». і «С.Л.О.Н.» Суд мае вызначыцца, ці маюць яны экстрэмісцкі зьмест.
Экспэрт: нашыўкі распальваюць варожасьць паміж прадстаўнікамі моладзевай субкультуры і міліцыянтамі
Падставай для судовага разбору стаўся інцыдэнт, які здарыўся на аршанскім стадыёне яшчэ 9 чэрвеня — падчас матчу паміж футбольнымі камандамі Воршы і Ліды. У другім тайме адзін зь дзяжурных міліцыянтаў заўважыў на шапцы Аляксея Сукорскага нашыўку з надпісам «A.C.A.B». Супрацоўнік міліцыі вырашыў, што гэтая абрэвіятура — скарочаны абразьлівы выраз на адрас «копаў»-паліцэйскіх («All Cops Are Bastards» — «Усе копы — вырадкі»). Гэты выраз нарадзіўся, калі разганялі страйкі брытанскіх шахтароў, якія пратэставалі супраць нізкіх заробкаў. Ён часта выкарыстоўваецца на татуіроўках, у тым ліку футбольнымі фанатамі.
Хлопцу загадалі зьняць нашыўку, а калі ён адмовіўся, то яго вывелі са стадыёну. На вуліцы міліцыянты спрабавалі сарваць нашыўку гвалтам. Аляксей кажа, што памкнуўся стаць такім чынам, каб дзеяньні міліцыянтаў зафіксавала відэакамэра. Але ягоны манэўр супрацоўнікі міліцыі расцанілі як непадпарадкаваньне і завезьлі ў пастарунак. Там на адзеньні юнака праваахоўнікі заўважылі яшчэ адну нашыўку — з абрэвіятурай «С.Л.О.Н».
Супрацоўнікі ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй накіравалі абедзьве абрэвіятуры на экспэртызу. У якасьці экспэрта быў абраны дырэктар Віцебскага філіялу Міжнароднага ўнівэрсытэту «МІТСО», кандыдат гістарычных навук Аляксандар Дзядзінкін. Паводле ягоных высноваў, згаданыя абрэвіятуры маюць зьмест, накіраваны на распальваньне варожасьці па сацыяльнай прыкмеце. У прыватнасьці, варожасьць «прадстаўнікоў моладзевых альтэрнатыўных субкультур супраць супрацоўнікаў праваахоўных органаў».
Футбольны фанат ня згодны з экспэртам
Аляксей Сукорскі даводзіў у судзе, што ня меў на мэце абразіць міліцыянтаў — ні кагосьці асабіста, ні ўсю міліцыю разам. Ён сказаў, што варыянтаў расшыфроўкі скарачэньня «A.C.A.B». можа быць некалькі. Калі яго спыталі, ці ведае ён зьмест абрэвіятуры, хлопец адказаў: «All cats are black» («Усе каты чорныя»).
Што тычыцца абрэвіятуры «С.Л.О.Н.», то Аляксей падкрэсьліў, што ня мае дачыненьня да крымінальніцкага асяродзьдзя, у якім гэтае скарачэньне адпавядае розным выразам — ад «Смерть Легавым От Ножа» да «С малых Лет Одни Несчастья», і нават «Слава Ленину — Отцу Нашему».
Хлопец лічыць, што міліцыянты беспадстаўна вінавацяць яго ў распальваньні варожасьці. Ня згодны ён і з тым, за што яго ўжо асудзілі ў чэрвені — за непадпарадкаваньне і нецэнзурную лаянку падчас затрыманьня. Тады яго аштрафавалі агулам на 6 базавых велічынь: тры базавыя велічыні (73,5 руб.) за непадпарадкаваньне міліцыянтам, і яшчэ тры — за лаянку ў грамадзкім месцы.
Канчатковае рашэньне суд вынесе 30 жніўня
Суд за «нашывачны экстрэмізм» працягнецца 30 жніўня. На працэс будзе выкліканы экспэрт Аляксандар Дзядзінкін, які мусіць патлумачыць, чаму ён расцаніў зьмест нашывак як экстрэмісцкі. Судзьдзя Натальля Байцова сказала Аляксею Сукорскаму, што нават у тым выпадку, калі зьмест нашывак будзе прызнаны экстрэмісцкім, судзіць за іх яго ня будуць. Бо судовае рашэньне будзе прынята пасьля таго, як нашыўкі ў яго забралі.
Аднак Аляксею Сукорскаму пагражае крымінальная справа паводле артыкула 130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці»). Падчас затрыманьня міліцыянты забралі ў яго тэлефон і шукаюць у ім цяпер матэрыялы экстрэмісцкага зьместу.