«Безыменны і безадносны да часу». Абаронцы Курапатаў пра мэмарыяльны знак, выбраны Міністэрствам культуры

Эскіз помніка калектыў скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, а таксама архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай

27 жніўня Міністэрства культуры абвясьціла вынікі конкурсу эскізных праектаў памятнага знаку ва ўрочышчы Курапаты. Пераможцам названы калектыў у складзе скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, а таксама архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай.

У размове са Свабодай аўтары расказалі, што выбраны варыянт з чатырма слупамі ў «іржавым» мэтале. А таксама запэўнілі, што маюць прынцыповую пазыцыю – максымальна захаваць Народны мэмарыял, усе помнікі і крыжы, якія існуюць у Курапатах. Знак мяркуюць паставіць на пагорку, дзе цяпер стаяць вялікія крыжы і звычайна адбываюцца мітынгі.

30 жніўня на адмысловае паседжаньне зьбярэцца Рэспубліканская мастацка-экспэртная рада манумэнтальнага мастацтва з мэтай зацьвердзіць канчатковы праект мэмарыяльнага знаку ў Курапатах.
Свабода высьвятляла, як да выбранага ўладамі праекту ставяцца прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, якія апошнія 30 гадоў апякуюцца месцам расстрэлаў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930-40-х гадоў.

Выбар праектаў адбываўся без удзелу грамадзкасьці. Вольга Нячай і Сяргей Аганаў — таксама аўтары помніка князю Гедзіміну ў Лідзе (таго, на якім князь стаў звацца Гедзімінам).

«Ухвалены помнік — безыменны і безадносны да часу»

Аляксей Марачкін, старшыня журы грамадзкага конкурсу на мэмарыялізацыю Курапатаў:

Аляксей Марачкін, архіўнае фота

«Тое, што скульптары і архітэктары ад пачатку зважалі на крыжы і ўжо праведзеную мэмарыялізацыю, – такі падыход я падтрымліваю. Трэба рабіць усё вельмі тактоўна. Сяргей Аганаў, Вольга Нячай на гэтым акцэнтуюць увагу, і гэта ўжо няблага. Гэта першае.

Па-другое: што сабой уяўляе сам помнік? Мы зьбіраліся ў маёй майстэрні, абмяркоўвалі. Выбраны Мінкультам параўноўвалі з праектам сына і бацькі Гумілеўскіх — абедзьве працы канцэптуальна блізкія. Але калі ў Аганава крыжы схаваныя, як іх ужо ахрысьцілі, у вялізных „прычэпках“, то ў Гумілеўскіх усё бачна, адкрыта, крыжы прачытваюцца без напружаньня. А таму больш гарманічныя з тым, што ў Курапатах ужо ёсьць. Гэта з гледзішча маёй суб’ектыўнай ацэнкі.

Трэцяе — і самае галоўнае. Паколькі народная мэмарыялізацыя пачалася раней і часткова ўжо адбылася, чаму няма грамадзкага абмеркаваньня конкурсных праектаў? У дадатак да экспэртаў з боку Міністэрства культуры ня лішне стварыць незалежную раду, якая сказала б сваё слова. У кожнай працы на будучыню трэба ўлічваць «сьцяну ахвяраў». Раней ці пазьней мусяць быць, вобразна кажучы, крывёй напісаныя імёны тых, хто пахаваны.

І яшчэ адна прэтэнзія. Павінна выразна прасочвацца: ахвяры чаго, якога пэрыяду? Бо з аднолькавым посьпехам знак можна ткнуць у любой краіне. А гаворка пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі, якіх забівалі паслугачы таго страшнага рэжыму. Гэты ж помнік безыменны і безадносны да часу».

«З гэтага кроку пачнецца зьнішчэньне крыжоў і магілаў»

Валеры Буйвал, сакратар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ:

Валеры Буйвал, архіўнае фота

«Першае. Мы разумеем: як толькі дапусьціць рэжым на тэрыторыю мэмарыялу, туды, дзе пахаваньні нашых народных пакутнікаў і стаяць крыжы памяці, гэта будзе толькі пачатак. Менавіта з гэтага першага кроку пачнецца зьнішчэньне крыжоў і магілаў. Мы ведаем, як дзейнічае гэты рэжым і якая задача пастаўлена Масквой па зьнішчэньні Курапатаў – галоўнага сьведчаньня расейскіх злачынстваў падчас генацыду беларускага народу ў 1930−1940-я гады.

Другое. Ансамбль Народнага мэмарыялу за 30 гадоў створаны самімі людзьмі. Ідэя Зянона Пазьняка ўвасобілася ў цэльнай, прадуманай, гарманічнай архітэктурна-плястычнай кампазыцыі: крыжы, алея, Кальварыя – галоўныя кампазыцыйныя цэнтры. І ўсё, што туды будзе гэтымі чужымі і абыякавымі людзьмі ад рэжыму брутальна ўсунута, парушыць існуючую гармонію. А значыць, непатрэбнае там увогуле.

Трэцяе. Мастацка-вобразны характар самога аб’екту – ня ведаю, як гэта назваць. Замест каменя з абяцаньнем помніка ўсталёўваюць абсурдную кампазыцыю невядома з чаго. Перакручаныя дысгарманічныя формы, якія не адпавядаюць нацыянальным, рэлігійным, культурным беларускім традыцыям. Адкуль узялася такая форматворчасьць – відаць, зь нейкіх эклектычных уяўленьняў, ня маючых дачыненьня да нашай зямлі. Безгустоўе, агрэсіўны кіч хочуць уплюшчыць у арганізм гарманічнага народнага мэмарыялу. Гэта дзікі барбарскі акт, зьдзек з памяці нашых пакутнікаў. Беларусы павінны ўстаць на абарону сваёй сьвятыні».

«Помнік парушае канцэпцыю таго, што дзесяцігодзьдзямі стварылі людзі»

Ганна Шапуцька, каардынатарка грамадзкага камітэту «Абаронім Курапаты»:

Ганна Шапуцька, архіўнае фота

«Нельга нічога чужароднага туды інтэграваць! Асабіста я супраць, каб гэты помнік там знаходзіўся. За прамінулыя гады малітоўнае месца перад крыжамі ў сьвядомасьці людзей само стала часткай мэмарыялу. І калі мы сустракаліся з Паўлам Якубовічам, вельмі яго прасілі: калі і будзе нейкі помнік, дык толькі не на Галгофе, не наверсе.

Па-першае, акрамя таго, што гэта малітоўнае месца, да якога мы ўжо прызвычаіліся, куды прыходзім, молімся, ускладаем кветкі, фактычна гэта яшчэ самы цэнтар забойстаў. То бок невядома, што ўнутры, цалкам магчыма, што таксама ляжаць парэшткі людзей.

Па-другое, там наагул нельга капаць! А знак прадугледжвае, што павінен быць нейкі катлаван, трэба яго бэтанаваць, бо ня могуць тыя стэлы проста стаяць.

Па-трэцяе, шчыра кажучы, сам помнік нейкі незразумелы, вельмі ня ўпісваецца туды, парушае ўсю канцэпцыю таго, што людзі дзесяцігодзьдзямі стваралі. Адзінае, што магла дзяржава зрабіць, дык на месцы закладнога каменя зрабіць невялічкі, словамі таго ж Якубовіча, ляпідарны помнічак. Іншымі словамі, не займаючы больш месца, чым той камень, ня ціснучы на крыжы. А прапанаваны знак становіцца цэнтрам і зьнішчае ўвесь існы ансамбль».

Месца, дзе зьбіраюцца ўсталяваць помнік

Грамадзкая працоўная група мэмарыялізацыі Курапатаў пры Міністэрстве культуры была створаная ў лютым 2017 году пад кіраўніцтвам тагачаснага галоўнага рэдактара газэты «Советская Белоруссия» Паўла Якубовіча. У выніку дзяржаўныя экспэрты выбралі тры эскізныя праекты памятнага знаку з 32-х, што паступілі на конкурс. 27 жніўня ведамства абвясьціла аўтарскі калектыў пераможцаў, чый праект мае рэалізавацца ва ўрочышчы. Выбар праектаў адбываўся без удзелу грамадзкасьці.