Нечарговае паседжаньне Палаты прадстаўнікоў, на якім дэпутаты павінны альбо даць згоду на прызначэньне кіраўніком беларускага ўраду Сяргея Румаса, альбо адмовіць у такім жаданьні Аляксандру Лукашэнку, не прадугледжваецца.
Пра гэта 28 жніўня карэспандэнту Свабоды сказалі адразу некалькі дэпутатаў. Учора пасьля працы ў сваіх акругах яны вярнуліся ў Менск.
Адмову склікаць нечарговае паседжаньне суразмоўцы Свабоды абгрунтавалі дзьвюма прычынамі.
Па-першае, працэдура правядзеньня нечарговай сэсіі ў такіх выпадках дакладна не прапісаная, па-другое, 2 кастрычніка пачынаецца чарговая сэсія.
18 жніўня Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага прэм’ер-міністра і шэраг ключавых міністраў, практычна цалкам абнавіўшы верхавіну ўраду.