26 жніўня Заслаўе сьвяткавала Дзень гораду. Напярэдадні стала вядома, што дзень названага ў гонар сына самой Рагнеды гораду мясцовыя ўлады маюць намер адзначаць з удзелам казакоў і прарасейскіх арганізацыяў.
У афіцыйнай афішы ў якасьці партнэраў былі пазначаныя «Дом Масквы», «Маскоўскі цэнтар міжнароднага супрацоўніцтва», а таксама «Дэпартамэнт міжнародных сувязяў» расейскай сталіцы. Сярод удзельнікаў значыўся клюб славянскіх адзінаборстваў «Арыдан» з Горадні і бабруйскі казацкі конна-спартыўны клюб «Ермак».
Свабода выправілася на Дзень гораду ў Заслаўе, каб пабачыць усё на ўласныя вочы.
«Клуб „Арыдан“, мы з Горадні, займаемся разьвіцьцём славянскіх баявых майстэрстваў, — расказаў дужы мужчына, які коратка назваўся Ўладзімірам. — Асноўны наш кірунак — гэта ручны бой. А таксама гістарычнае фэхтаваньне, валоданьне рознымі відамі зброі. Вывучэньне абрадаў, звычаяў эпохі Сярэднявечча. Мы ў асноўным раньняе сярэднявечча бярэм. Славян мы не падзяляем на рускіх, украінцаў, беларусаў».
Нежаданьне аддзяляць беларусаў ад іншых усходнеславянскіх народаў Уладзімір патлумачыў тым, што нарадзіўся вельмі даўно і яму «ўжо за 50, выхаваны ў такім духу, родам я зь Сібіру, нарадзіўся ў сям’і вайскоўца».
«У Заслаўі мы другі год запар, нас запрасіла грамадзкае аб’яднаньне „Русь молодая“ (створаная ў 2005 годзе праўрадавая расейская моладзевая арганізацыя, якая сваёй ідэалёгіяй называе „грамадзянскі нацыяналізм“. Афіцыйна зарэгістраваная і ў Беларусі. — РС), — кажа кіраўнік „Арыдану“. — Яны, як я разумею, дапамагаюць мясцовым уладам арганізоўваць сьвяткаваньні, таксама вывучаюць гісторыю. І вось знайшлі цікавую тэму для гэтага гораду. Мы ня толькі ў Беларусі бываем. Ва Ўкраіне, Літве, у Польшчы. Па Расеі шмат езьдзім. У нас ня толькі гістарычныя адзінаборствы. Вельмі шмат спартыўных. Зьмешаныя баявыя мастацтвы, баі бяз правілаў, ручны бой. Тут нас папрасілі больш гістарычнае паказаць, а так мы маем рознае. І з нажамі, і проста ручное. Прыгожа».
Выступалі людзі з «Арыдану» каля 30 хвілін. Махалі цэпам, жанглявалі касой, ускідвалі ўверх вялізную драўляную дубіну. Станавіліся на калена перад праваслаўным абразом. На завяршэньне воін Сяргей пабіўся на мячах з воінам Максімам. Абодва былі апранутыя ў нешта, вельмі падобнае да дасьпехаў заходнеэўрапейскіх сярэднявечных рыцараў. Выглядала небясьпечна. Гледачам спадабалася.
Выступ казацкага клюбу доўжыўся таксама толькі паўгадзіны. Пры гэтым абышоўся без георгіеўскіх стужак і размахваньня шаблямі. Толькі «Ойся, ты ойся, ты меня не бойся» з калёнак гучала. Казакоў было менш як дзясятак, пераважна дзеці і падлеткі. Іх кіраўнік назваўся Русланам Аліевым. Расказаў, што родам з Азэрбайджану, а ў Беларусь некалі прыехаў служыць у войску ды так і застаўся тут.
«Мэты і задачы нашага клюбу — садзейнічаць разьвіцьцю традыцыйнага коннага спорту, конная тэрапія і казацкае джыгітаваньне, — расказаў Руслан. — У Расеі гэта ўжо від спорту, конны спорт. У нас шмат дзяцей займаецца. А што да тэрапіі, больш за 20 дзяцей у нас рэабілітацыю праходзяць. Што да спорту — цяпер больш джыгітаваньнем займаемся. У гарадзкім парку Бабруйску паставілі цыркавы намёт, дзе будуць паказы праходзіць. Там канкуру ня будзе, там джыгітаваньне і вышэйшая школа цыркавой язды».
Паводле кіраўніка «Ермака», бабруйскіх казакоў у Заслаўе запрасілі гарадзкія ўлады. На сьвяце гораду яны пакажуць крыху прыёмаў джыгітаваньня, а таксама павозяць мясцовых дзяцей на конях, ня больш.
«Я сам казак па нацыянальнасьці, у мяне кубанскія карані, — расказаў Руслан Аліеў. — Нарадзіўся я ў Азэрбайджане, займаўся ў Баку на гіпадроме. Пазьней трапіў сюды служыць у войску і застаўся. Выдатнае месца, цудоўная краіна, людзі. Ці можа быць у Беларусі папулярным казацтва? Ну мы нікога аказачваць не зьбіраемся. Я свае карані ведаю, жыву сваёй культурай. Як і ўсе іншыя народы, якія ў Беларусі жывуць. Гэтаксама татары сваёй культурай жывуць. Разьвіваюць, памятаюць яе. І габрэі, і армяне, і азэрбайджанцы. І мы, казакі. Леў Талстой сказаў, што казакі захавалі Расею».
За выступамі казакоў і славянскіх адзінаборцаў на заслаўскім гарадзішчы назірала каля сотні чалавек. Куды больш гледачоў сабралася на цэнтральнай плошчы гораду, дзе была прадстаўлена беларуская нацыянальная культура — смажыўся шашлык, выступала рота ганаровай варты і аркестар МУС.
Дык пры чым тут расейскія арганізацыі?
Прадстаўнікі заслаўскіх уладаў адмовіліся камэнтаваць склад удзельнікаў сьвяткаваньня. Спаслаліся на тое, што ў выканкаме няма нават падразьдзяленьня, якое курыруе культуру, і адаслалі ў Менскі райвыканкам.
Намесьніца начальніка аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і ў справах моладзі раённай вэртыкалі Вікторыя Старавойтава ў размове са Свабодай пацьвердзіла, што заслаўскай ідэалёгіяй апекуюцца ў сталіцы. Аднак запэўніла, што ў дадзеным выпадку гаворка пра імпрэзу лякальнага значэньня і сьпіс удзельнікаў складаўся на месцы.
Кіраўнік аб’яднаньня «Русь молодая» Сяргей Лушч сказаў Свабодзе, што ня хоча размаўляць з журналістамі, якіх «прынцыпова ня любіць».
Якія партнэрскія адносіны зьвязваюць прарасейскую структуру з уладамі Заслаўя і Менскага раёну, так і засталося загадкай.
Толькі ў «Доме Масквы» карэспандэнта Свабоды запэўнілі, што заслаўская імпрэза — сяброўская культурная акцыя ўраду Масквы і старажытнага беларускага гораду.
«Гэта вынік культурнага супрацоўніцтва дэпартамэнту зьнешнеэканамічных і міжнародных сувязяў ураду Масквы і Рэспублікі Беларусь, — адзначыла прадстаўніца „Дому Масквы“. — Чаму з гэтага паспрабавалі высмактаць нейкую ерунду адносна казакоў, якія, дарэчы, былі проста беларускімі калектывамі, не разумею. Настолькі ўсё прыцягнута за вушы, нават крыўдна. Адчуваньне, што апазыцыі больш няма пра што пісаць, як толькі спэкуляваць на „экспансіі казацтва“. І асабліва калі пачынаюць разважаць пра фінансаваньне расейскімі структурамі і прарасейскае кіраўніцтва Заслаўя — трызьненьне поўнае».