Тры гады таму брытанец Майкл Дэніэл Сагатыс знайшоў старыя лісты сваёй прабабулі-полькі, дэпартаванай з Заходняй Беларусі ў Казахстан у 1940 годзе. Ён наведаў некалькі краін, каб даведацца пра гісторыю сваёй сям’і, і ператварыў яе ў мэдыяпраект.
Сагатыс нарадзіўся ў Лёндане, але ў 10 гадоў ён разам зь сям’ёй пераехаў у Валію. Ва ўнівэрсытэце брытанец вывучаў гісторыю і філязсофію, але працаваць пайшоў у будаўнічы бізнэс. Да 2015 году Сагатыс не цікавіўся гісторыяй сваёй сям’і, але калі тры гады таму памерла яго сваячка, разам з бацькам вырашыў разабраць рэчы, што ў яе засталіся. Сярод іх ён выявіў 20 лістоў на польскай мове, напісаных яго прабабуляй Юзэфай Буйдовай.
У красавіку 1940 году яе дэпартавалі ў Казахстан з Заходняй Беларусі, якая ўвайшла ў склад СССР ў 1939 годзе. Буйдовай было тады ўжо 76 гадоў. Гэта была праграма высяленьня палякаў, «нядобранадзейных сацыяльных элемэнтаў», на думку савецкіх уладаў, з прымежных зон. Цяпер вымушанае перасяленьне палякаў прызнана адной з савецкіх палітычных рэпрэсій. У інтэрвію Расейскай службе Радыё Свабода Майкл Сагатыс расказаў пра свой праект.
— З чаго пачаўся ваш пошук?
— Адразу пасьля выяўленьня лістоў я вырашыў, што хачу зрабіць вялікі праект, прысьвечаны гэтай гісторыі. Для гэтага мне трэба было сустрэцца са сваякамі Юзэфы, якія жывуць у горадзе Гожуў на захадзе Польшчы. Туды пасьля вайны рэпатрыявалася яе дачка. Сваё дасьледаваньне я пачаў у Бэрліне, дзе пражыў год. Лінгвісты дапамаглі мне расшыфраваць і перакласьці знойдзеныя лісты. У тым самым часе я езьдзіў да сям’і, распытваў пра жыцьцё Юзэфы. Праз год у мяне склалася дакладнае ўяўленьне аб ёй як аб чалавеку.
— І як вы можаце яе апісаць?
— Яна была вельмі моцнай жанчынай. Яна адзіная, хто застаўся ў жывых зь ліку пажылых палякаў, дэпартаваных у Казахстан разам зь ёй. Я ганаруся ёй. Мяркуючы з ўспамінаў і лістоў, у ёй была магутная сіла духу. У яе было шасьцёра дзяцей, яна перажыла Першую сусьветную вайну, ссылку. І да канца сваіх дзён яна працягвала кіраваць сям’ёй, нават на адлегласьці. Яна аддавала сваім ужо дарослым дзецям рэкамэндацыі, навучала іх. Юзэфа ня падала духам нягледзячы на тое, што яе ў канцы жыцьця адправілі на іншы канец краіны, ва ўмовы, да якіх яна не прывыкла.
— Куды яе дэпартавалі?
— У Акцюбінск (цяпер Актэбэ ў Казахстане). У савецкай тэрміналёгіі гэта не называлася дэпартацыяй. Тады ёй казалі, што яна правядзе рэшту жыцьця, «працуючы на карысьць радзімы».
— Чаму Юзафу дэпартавалі?
— Яе сын Алоіз Буйдо служыў у паліцыі і быў арыштаваны НКВД. Іншым дзецям Юзэфы ўдалося схавацца, яе муж да таго моманту ўжо памёр, так што павезьлі яе ў Казахстан адну. Як я зразумеў з матэрыялаў «Мэмарыялу», Юзэфу рэпрэсавалі ў якасьці члена сям’і здрадніка.
— Чым ёй давялося займацца ў Акцюбінску?
— Яна шыла вопратку, займалася сельскай гаспадаркай. Дзякуючы захаваным лістам у нас ёсьць выразнае ўяўленьне пра ўмовы жыцьця. Напрыклад, яна пісала, што ёй трэба заплаціць 500 рублёў за пяць месяцаў пражываньня ў бараку, куды яе пасялілі разам зь іншымі палякамі.
— Што яшчэ вы даведаліся зь лістоў Юзэфы?
— У асноўным у іх яна прасіла сваіх дзяцей аб дапамозе. Яшчэ там падрабязна апісаныя цэны. У той час у Актэбэ валёнкі каштавалі 200 рублёў, паўлітра малака — 5 рублёў, мяса — 20 рублёў. За ацяпленьне патрабавалі 20 рублёў у месяц. У яе не было грошай, таму яна прасіла дзяцей прадаць машыну, каб яна магла заплаціць за пражываньне. Юзэфа таксама прасіла даслаць сала, мёд, брусьніцы, крупы, «каб успомніць, які ў іх смак». У лістах адчуваецца яе настойлівасьць і патрабавальнасьць. Немагчыма ўявіць, каб маці пісала такое дзецям у звычайны час, але абставіны прымусілі яе.
Юзэфа перажывала, што не атрымлівала лісты ад дзяцей, і амаль увесь час прасіла іх пісаць часьцей. У апошніх лістах яна скардзілася на здароўе. Яе стан рабіўся ўсё горшы. Яна пачала кашляць крывёю, думаю, яна памерла ад сухотаў у канцы 1942 году або ў пачатку 1943-га.
— Вы казалі, што праект доўжыцца ўжо тры гады. Што вы рабілі пасьля Бэрліну?
— Я вырашыў зрабіць праект цікавейшым, узнавіць асабістую гісторыю чалавека. Летась разам з бацькам я наведаў вёску ў сучаснай Беларусі, куды Юзэфа адпраўляла лісты. Акрамя таго, я арганізаваў некалькі выставаў у Вільні, Будапэшце, Актэбэ і ў Львове. 1 лістапада плянуецца пэрформанс у Маскве супольна з Театром.Doc і музэем ГУЛАГу. Акторы будуць чытаць лісты Юзэфы, усё гэта будзе суправаджацца відэа, фатаграфіямі, музыкай. Акрамя таго, плянуецца выстава лістоў з фактамі з жыцьця маёй прабабкі і гісторыяй дэпартацыі палякаў. Я б хацеў тое самае зрабіць і ў Польшчы, але пакуль у мяне дзейнічае віза ў Расіі да вясны наступнага году, я хачу выкарыстаць гэты час цалкам.
— Як вы апынуліся ў Актэбэ?
— Я рабіў другую выставу ў Будапэшце, калі адзін з наведнікаў спытаў, ці зьбіраюся я паехаць у Казахстан. Тады я не асабліва пра гэта задумваўся, але пасьля вырашыў, што мушу гэта зрабіць. Я вырашыў прыехаць у Актэбэ і арганізаваць там выставу ў канцы сьнежня. 20 сьнежня ў мяне быў выступ у грамадзка-культурным цэнтры. Актэбэ і Казахстан у цэлым сталі для мяне адным з самых узрушаючых адкрыцьцяў. У мяне не было ніякіх чаканьняў перад паездкай. Але людзі, якіх я сустрэў, тая падтрымка і тое цяпло, якія я адчуў, незабыўныя. Наведаньне Актэбэ дазволіла зрабіць выставу і ўсю гісторыю паўнейшымі.
— Што новага вы даведаліся?
— Напрыклад, што мой прадзед быў расейцам. Такім чынам, у мяне ёсьць ірляндзкія, літоўскія, польскія і расейскія карані. Дзякуючы дапамозе Польскага культурнага цэнтру я даведаўся, што Юзафу празь нейкі час перасялілі ў вёску блізу Актэбэ. Яна таксама атрымлівала гуманітарную дапамогу ад Чырвонага Крыжа. У канцы жніўня я зьбіраюся яшчэ раз паехаць у вёску ў Казахстане, куды Юзэфу перанакіравалі. Можа, у мяне атрымаецца знайсьці яе магілу на могілках. Зімой гэта было немагчыма з-за гурбаў.
Я бачу важнасьць маёй паездкі яшчэ і ў тым, што мясцовыя ўлады, даведаўшыся пра гэтую гісторыю, вырашылі стварыць мэмарыял ахвярам палітычных рэпрэсій. Яны правялі конкурс на найлепшы дызайн і за вельмі кароткі час — усяго тры месяцы — паставілі помнік. Яны разьмясцілі яго на месцы статуі Леніна на цэнтральнай плошчы ў Актэбэ.
— У вашага праекта ёсьць мэта?
— Глябальная мэта — паказаць, што гістарычныя падзеі, зьвязаныя з сваякамі, могуць уплываць на чалавека і сёньня. І калі няма жаданьня гэта ўсьвядоміць і дакапацца да ісьціны, траўмы, нанесеныя гісторыяй, могуць мець нэгатыўны эфэкт. Я б хацеў, каб гэты праект дапамог расейцам пачаць вывучаць гісторыю іх сем’яў. Мой бацька — унук Юзэфы — таксама нічога ня ведаў пра сваю бабулю. Але гэта больш, чым проста праект аб сямейнай гісторыі. Факты, пра якія ніхто ня меў уяўленьня, дапамагаюць даведацца сусьветную гісторыю. Асабліва важна гэта ў сучаснай Расеі, дзе факт ўварваньня СССР у Польшчу ў выніку пакту Молатава — Рыбэнтропа імкнуцца замаўчаць, — сказаў Майкл Сагатыс.