Джон Маккейн верыў у дэмакратычную будучыню Беларусі. Мы сабралі разам некаторыя ягоныя выказваньні пра беларускую палітыку і Аляксандра Лукашэнку.
Амэрыканскі палітык памёр 25 жніўня на 82 годзе жыцьця. Ён ваяваў ў Віетнаме, перажыў амаль шэсьць гадоў палону і катаванняў у сумнавядомай турме Hanoi Hilton. Маккейн быў сэнатарам ад штату Арызона, кандыдаваў на пасаду прэзыдэнта ЗША.
Маккейн пра Беларусь
У сакавіку 2018 Джон Маккейн павіншаваў беларусаў са стагодьдзем зь дня абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
«Паводле аналёгіі з гвалтам ва Ўкраіне, нарастаньне агрэсіі Расеі на вашых межах і намер Уладзіміра Пуціна пабудаваць вайсковую базу на вашай тэрыторыі — гэта непасрэдныя спробы падарваць сувэрэнітэт Беларусі. Мы спадзяемся, што гэта нарэшце дасьць магчымасьць зьмяніць курс і абараніць незалежнасьць вашай краіны і дэмакратычную будучыню».
Зь ліста Маккейна і яшчэ трох сэнатараў ЗША Аляксандру Лукашэнку, красавік 2017
«Беларусь, Малдова і Ўкраіна заслугоўваюць на шанец далучыцца да ЭЗ і NATO, калі будуць адпавядаць крытэрам гэтых арганізацыяў».
З выступу на міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы, Братыслава, чэрвень 2015
«Лукашэнка зьяўляецца найбольш брутальным і грубым дыктатарам Эўропы, і рана ці позна людзі ў Беларусі вызваляцца ад яго кіраўніцтва».
Інтэрвію «Беларускаму партызану», сьнежань 2013
«Аляксандар Лукашэнка цяпер знаходзіцца ў наўпроставым распараджэньні Ўладзіміра Пуціна. Такая рэчаіснасьць. Мы мелі некаторыя спадзяваньні пару гадоў таму, перад выбарамі, калі праваабаронцы адчулі пэўнае паслабленьне, але, на жаль, цяпер справы пайшлі сваім ранейшым ходам, за выняткам таго, на жаль, што Лукашэнка цяпер знайшоўся пад кантролем Уладзіміра Пуціна».
Інтэрвію «Голасу Амэрыкі», травень 2012
«Цяпер ня час зьніжаць ціск на Лукашэнку, зараз час яго павялічыць. ЗША і Эўразьвяз павінны ўзмацніць супрацоўніцтва і разам аказваць ціск, каб Лукашэнка вызваліў палітычных зьняволеных і правёў свабодныя і законныя выбары».
З выступу на канфэрэнцыі форуму парлямэнцкай дэмакратыі, Вільня, травень 2012
«Адным з вашых пытаньняў было пытаньне, што мы думаем пра Лукашэнку. Я думаю, што ён бязьлітасны, жорсткі, брутальны тыран, які насамрэч абраў няправільны бок. Рана ці позна, я думаю, беларусы змогуць скарыстаць асноватворныя правы, якія гарантуюцца натуральным чынам усім. Падзеі, якія мы назіраем на Блізкім Усходзе, да прыкладу, у Эгіпце, іншых краінах сьвету, вельмі небясьпечныя, але яны таксама паказваюць, што ніводная дзяржава ня можа выстаяць, калі не дае грамадзянам асноватворных правоў».
З выступу перад студэнтамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, Вільня, люты 2011
«Эўропа і ЗША павінны павялічыць скаардынаванасьць сваіх праграмаў дзеля таго, каб падтрымаць дэмакратыю і вяршэнства закону ў тых краінах, дзе адчуваецца іхны недахоп. Такія праграмы важныя як для Расеі, так і для Беларусі, дзе дыктатура працягвае ўжываць агульны ціск».
З артыкулу ў нямецкай газэце «Süddeutsche Zeitung», люты 2008
«Лукашэнка — апошні пасажыр чаўна савецкіх ідэяў, які патанае ў акіяне гісторыі ад часу, як мужныя людзі з дапамогай зьнешняга ціску дамагліся распаду СССР Знакаміты беларускі пісьменьнік Васіль Быкаў ў свой час заўважыў: «Лукашэнка і дэмакратыя — словы несумяшчальныя». Вобраз свабоднай і дэмакратычнай Беларусі, якая не аглядаецца назад і якая скінула з сябе кайданы Лукашэнкі, натхняе беларускіх патрыётаў, чыя маральная адданасьць дэмакратычным пераўтварэньням пакладзе канец кіраваньню апошняга эўрапейскага дыктатара».
З выступу на канфэрэнцыі «Вось зла: Беларусь — прапушчанае зьвяно?», Вашынгтон, лістапад 2002