У Вільні ў пятніцу перад амбасадай Расеі адбылося ўрачыстае адкрыцьцё сквэру імя Барыса Нямцова — расейскага апазыцыйнага палітыка, забітага тры гады таму ў цэнтры Масквы.
На цырымоніі, якая сабрала некалькі сотняў чалавек, выступілі прадстаўнікі ўладаў Літвы, а таксама мясцовыя і расейскія палітычныя дзеячы.
Міністар замежных справаў Лінас Лінкявічус назваў Нямцова «сымбалем» расейскіх дэмакратычных сіл, якія некалькі дзесяцігодзьдзяў таму дапамаглі Літоўскай Рэспубліцы здабыць незалежнасьць.
Мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус выказаў надзею, што «прыйдзе дзень, калі расейскае пасольства будзе ганарыцца» блізкасьцю да сквэру Нямцова.
Кіраўнік «Фонду Барыса Нямцова за свабоду» Ўладзімір Кара-Мурза апісаў Нямцова як палітыка, які незалежна ад займаных пасадаў «заўсёды рабіў тое, у што верыў». У ліку заслуг апазыцыянэра ён назваў яго барацьбу за ўключэньне «расейскіх карупцыянераў» у санкцыйныя сьпісы, а таксама нагадаў пра пратэсты Нямцова супраць фальсыфікацыі на выбарах, агрэсіі Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны і закону аб забароне на замежнае ўсынаўленьне.
Кіраўнік фракцыі «Яблоко» у Заканадаўчым сходзе Санкт-Пецярбургу Барыс Вішнеўскі назваў «вельмі неразумнай» заяву расейскай амбасады, якая раней ахарактарызавала перайменаваньне сквэру як «акт русафобіі». У гутарцы з карэспандэнтам «Радыё Свабода» ён выказаў падзяку Літве за «крок, які зьяўляецца знакам павагі» да Расеі.
Першы кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс выказаў шкадаваньне, што Расея, якая мае, паводле яго, велізарны творчы патэнцыял, цяпера «засяроджаная на ўсё больш выдасканаленых сродках забойства». Ён заклікаў «думаючых расейцаў» задумвацца ўсьлед за Нямцовым аб «Расеі пасьля Пуціна».
Дачка Нямцова Жанна назвала бацьку «ўнікальным палітыкам», які, паводле яе, ня толькі «правільна апісваў цяперашні час», але і дакладна прадказваў будучыню. У якасьці прыкладу яна прывяла выдадзеную ў 2007 годзе кнігу Нямцова «Споведзь бунтара», у якой ён напісаў, што Расея ідзе «імперскім» шляхам.
Літва стала другой пасля ЗША краінай, якая ўвекавечыла імя Нямцова ў афіцыйнай тапаніміцы. Паводле Кара-Мурзы, цяпера вядуцца перамовы пра тое, каб эстафэту захаваньня памяці Барыса Нямцова прынялі Таронта, Кіеў і іншыя гарады сьвету.
Расейскія ўлады няўхвальна адгукнуліся аб мерапрыемстве, убачыўшы ў ім спробу літоўскіх уладаў «насьледаваць» Вашынгтону, дзе ў трэцюю гадавіну гібелі Нямцова яго імем была названая плошча каля амбасады Расеі.