Які расейскі пасол едзе ў Беларусь: дэсантнік ці эканаміст? Гурневіч супраць Дракахруста

Ці пачне новы расейскі пасол Расеі ў Менску Міхаіл Бабіч паўзучую акупацыю Беларусі? На гэтую тэму дыскутуюць журналісты Радыё Свабода Дзьмітры Гурневіч і Юры Дракахруст.

Дзьмітры Гурневіч: Так, бо...

  • Бабіч гэта давераная асоба Пуціна, якой нададзеныя надзвычайныя паўнамоцтвы — прадстаўніка прэзыдэнта Расеі. Значыць, ён зможа самастойна прымаць важныя рашэньні.
  • Гэтага чалавека не прыняла Ўкраіна, бо ён удзельнічаў у прыняцьці рашэньня анэксіі Крыму. Ён працаваў у ФСБ, выпускнік Вайсковай акадэміі Генштабу Расеі, кіраваў Чачнёй.
  • У самой Расеі распаўсюджваюцца чуткі, што Пуцін жадае застацца ў палітыцы, узначаліўшы Саюзную дзяржаву. Бабіч можа прасоўваць яго інтарэсы ў Беларусі.
  • Бабіча не жадала бачыць паслом і ўлада Беларусі, але была вымушаная ў выніку пагадзіцца. Гэта знак таго, што ён уяўляе небясьпеку для статус-кво Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Прызначэньню Бабіча цешацца адэпты «рускага міру».
  • Тлумачэньні Расеі, што спэцыяльныя паўнамоцтвы Бабіча зьвязаныя з эканомікай, гучаць сумнеўна. 24 гады будуецца саюзная дзяржава, паміж дзяржавамі няма мяжы, наладжаныя сыстэма кантактаў.

Юры Дракахруст: Не, бо...

  • Пасада спэцпрадстаўніка прэзыдэнта Расеі сумешчаная з паслом — не беспрэцэдэнтная. Віктар Чарнамырдзін меў такую пасаду ва Ўкраіне да Майдану.
  • Бабіч, маючы такія паўнамоцтвы, зможа апэратыўна вырашаць гандлёвыя праблемы паміж Расеяй і Беларусьсю. Іх хапае нягледзячы на інтэграцыю.
  • Пасол у дэмакратычнай краіне, а тым больш у недэмакратычнай, як Расея, гэта не военачальнік, які ўсё вырашае. Лінію вырашае не пасол.
  • Пасьля працы ў ФСБ Бабіч працаваў у цывільных дзяржустановах. Нават падчас працы ў Чачні ён не прымаў рашэньні пра сілавыя апэрацыі. Прынамсі, гэта не даказана.
  • Падчас анэксіі Крыма Бабіч быў сябрам Савета бясьпекі, паколькі быў кіраўніком Прыволжскай фэдэральнай акругі. Гэта аўтаматычны дадатак да пасады.
  • Нежаданьне Беларусі пагаджацца на Бабіча было зьвязанае са спробай захаваць твар перад Украінай.

***

Міхаіл Бабіч займаў пасаду паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта РФ у Прыволскай фэдэральнай акрузе Бабіч з 15 сьнежня 2011 году. Ён кандыдат эканамічных навук, член партыі «Адзіная Расея». Быў старшынём ураду Чачэнскай Рэспублікі зь лістапада 2002 году па люты 2003-га.

Пасьля звальненьня амбасадара Расеі ва Ўкраіне ў ліпені 2016 году разглядалася пытаньне аб прызначэньні Бабіча на гэтую пасаду, але яго кандыдатуру не зацьвердзіў МЗС Украіны. Адна з прычынаў адмовы была ў тым, што як сябра Савету бясьпекі РФ Бабіч у 2014 годзе прымаў удзел у рашэньні ўвесьці ў Крым расейскіх вайскоўцаў.

Акрамя таго, украінскія палітолягі адзначалі, што Міхаіл Бабіч «раней быў вайсковым дэсантнікам, падчас чачэнскай вайны кіраваў урадам рэспублікі, працаваў у ФСБ».

Экспэрты ў Кіеве заяўлялі, што «Бабіч, біяграфія якога зьвязаная з савецкім КДБ і расейскай ФСБ», — «прафэсійны дывэрсант» і «клясычны кандыдат Крамля для ўзаемадзеяньня з сэпаратыстамі ў Данбасе дзеля арганізацыі сілавых апэрацый».