«Наша Ніва» пачала выдаваць новы ілюстраваны часопіс «Наша гісторыя» — 100 старонак навукова-папулярнага чытва ад вядучых беларускіх гісторыкаў.
Дынько: «Я веру ў стваральнасьць і розум кола маладых гісторыкаў»
Галоўны рэдактар часопіса Андрэй Дынько адказвае на пытаньні Свабоды.
— На каго арыентаваны часопіс? Ён навукова-папулярны хутчэй у бок «навуковасьці» ці «папулярнасьці»?
— Мы робім часопіс адначасова якасны і прыгожы. Я хачу, каб і Натальля Качанава, і Сьвятлана Алексіевіч прачыталі гэты часопіс і сказалі: «Вось якая ў нас гісторыя!»
— Чым ён будзе адрозьнівацца ад, напрыклад, «Спадчыны», «Беларускага гістарычнага часопіса»?
— Ад «Спадчыны» будзе адрозьнівацца тым, што ён ёсьць, а яе няма. Ад «Беларускага гістарычнага часопіса» — свабодай у выбары тэмаў.
— Тэксты будуць толькі па-беларуску? Ці і па-расейску таксама?
— Пакуль я рэдактар — толькі па-беларуску.
— Ці будуць у часопісе навуковыя кансультанты, ці будуць тэксты праходзіць навуковую вэрыфікацыю?
— Намесьнік галоўнага рэдактара ў нас — кандыдат гістарычных навук Аляксандар Пашкевіч. Наколькі я разумею, гэта найлепшы рэдактар гістарычнай літаратуры ў краіне. А ўвогуле ўсе тэксты праходзяць рэдактуру трох рэдактараў і дзьве карэктуры — у нас усё салідна з гэтым.
Але я найбольш веру ў стваральнасьць і розум кола маладых гісторыкаў, якое вакол часопіса зьбіраю. Гэта настолькі адукаванае пакаленьне, што ў мяне займае дух, калі яны зьбіраюцца ў нас у рэдакцыі.
— Ці чакаецца акупнасьць часопіса? Гэта камэрцыйны праект ці «за ідэю»? Як ён будзе зарабляць?
— Мы зробім усё для гэтага. Але тое ўжо залежыць ня толькі ад нас, а ад грамадзтва. Як будуць купляць, дзе будуць прадаваць, хто будзе даваць рэкляму. Мы зрабілі захапляльны культурны прадукт. Не палічыце за нясьціпласьць, але нават расейцы і ўкраінцы такога ня маюць.
Пашкевіч: «Большая частка грамадзтва выхаваная хутчэй на расейскай гісторыі»
Гісторык, намесьнік галоўнага рэдактара «Нашай гісторыі» Алесь Пашкевіч таксама падкрэсьлівае, што перадусім місія новага часопіса — несьці веды пра гісторыю Беларусі ў шырокія колы грамадзтва.
«За апошнія гады беларускія гісторыкі шмат чаго дасьледавалі, шмат зрабілі, каб напісаць гісторыю Беларусі са сваіх нацыянальных пазыцый, каб беларусы мелі магчымасьць чытаць яе не праз чужыя акуляры. Але бяда ў тым, што без папулярнай прадукцыі, дзе ўсё выкладаецца вельмі простай мовай, у тым ліку і візуальна, з дапамогай ілюстрацый, гэтыя працы застаюцца камэрнымі, у межах гэтых уласна навуковых асяродкаў, і амаль не ўплываюць на стан грамадзтва. Тым больш што ёсьць канкурэнцыя з расейскага боку, ёсьць шмат аналягічнай прадукцыі на расейскай мове. І выглядае так, што большая частка грамадзтва выхаваная хутчэй на расейскай гісторыі, чым на беларускай. Для многіх Пётар I, Кацярына II, Сувораў і Кутузаў — гэта пэрсанажы сваёй гісторыі.
Мы выпускаем свой часопіс, каб гэтую сытуацыю зьмяніць, бо наша гісторыя багатая, цікавая і вартая таго. І тое, што часопіс называецца „Наша гісторыя“, невыпадкова, на гэта робіцца акцэнт.
Ёсьць артыкулы, дзе закранаюцца пытаньні гісторыі ўсясьветнай, але, што прынцыпова важна, яны выкладаюцца зь беларускага пункту гледжаньня, напісаныя беларускімі гісторыкамі, так што на сьвет мы глядзім праз сваю ўласную пэрспэктыву», — кажа Алесь Пашкевіч.
Пра што першы нумар
Цэнтральная тэма першага нумара — Вялікае Княства Літоўскае.
Рубрыкі часопіса: «Адкуль наш род», «Біяграфія», «Палітыка», «Рэч Паспалітая», «Вайсковая слава», «СССР», «Народы Беларусі», «Пра-свет», «Турыстычныя кірункі», «Наша страва», «Кухонныя гісторыі», «Простыя рэчы», «Гаспадарка», «Анекдоты», «Комікс».
Аўтарамі артыкулаў выступілі: Вячаслаў Насевіч, Сяргей Палехаў, Вольга Бабкова, Дзяніс Лісейчыкаў, Алесь Казакоў, Сяргей Токць, Зьміцер Дрозд, Уладзіслаў Іваноў, Сяргей Богдан, Варвара Кухарэнка, Алесь Белы, Андрэй Кіштымаў.
Першы нумар часопісу «Наша гісторыя» выйшаў накладам 2 тысячы асобнікаў і ўжо зьявіўся ў продажы — у шапіках «Белаюздруку», у сталічных «Акадэмкнізе» і кнігарні «Галіяфы», у берасьцейскіх «Правільнай кнізе» і «Князю Вітаўту», у гарадзенскай «Цудоўні», а таксама на Halijafy.by, Knihi.by.