«Абарона правоў працоўных ня ёсьць злачынствам у ніводнай краіне сьвету» — сказаў Свабодзе Кемаль Эзкан, лідэр міжнароднага прафсаюзу IndustriALL.
Намесьнік генэральнага сакратара міжнароднага прафсаюзу IndustriALL Global Union Кемаль Эзкан прысутнічаў на абвяшчэньні прысуду лідэрам прафсаюзу РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку. У інтэрвію Свабодзе ён ацаніў гэты вырак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі»Кемаль Эзкан падкрэсьліў, што прадстаўляў на судзе 50 мільёнаў сябраў прафсаюзу IndustriALL са 154 краінаў сьвету. А прафсаюз РЭП — адзін з самых паважаных у IndustriALL, Генадзь Фядыніч — сябра Выканаўчага камітэту глябальнага прафсаюзу.
«Гэта сумны дзень для Беларусі, таму што гэтыя два джэнтльмэны, якіх сёньня асудзілі — адны з самых паважаных асобаў у нашым глябальным прафсаюзе IndustriALL па сваіх дзелавых і чалавечых якасьцях. І мне вельмі шкада, што я прысутнічаў на такім прыкрым судзілішчы.
Я магу з упэўненасьцю заявіць, што ў ніводнай краіне сьвету падобны працэс з такімі абвінавачаньнямі ня быў бы магчымы. Адзінае, чым займаюцца Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік, — абараняюць правы сябраў РЭП ды іншых працаўнікоў. І гэта ні ў якім разе не зьяўляецца злачынствам, ні ў якай краіне сьвету», — сказаў Кемаль Эзкан.
IndustriALL будзе ціснуць на беларускія ўлады
Кемаль Эзкан сказаў, што ў чэрвені 2018 году ў Жэнэве праходзіла чарговая канфэрэнцыя Міжнароднай арганізацыі працы, і на ёй Беларусь была ўключаная ў кароткі сьпіс краінаў, у якіх найбольш сур’ёзна парушаюцца правы чалавека і свабоды прафсаюзаў і іх сябраў.
«Гэты працэс, гэты суд і гэты вырак яшчэ раз пацьвердзіў нашы правільныя апасеньні наконт сытуацыі ў Беларусі. Мы адсочваем гэты працэс з самага пачатку, і міжнародная супольнасьць зноў пераконваецца, што ў Беларусі працягваюць парушацца правы чалавека і правы прафсаюзаў.
Канечне, мы спадзяёмся, што працэс апэляцыі завершыцца поўным апраўданьнем абвінавачаных. Мы лічым, што гэта працэс ня супраць двух лідэраў РЭП, а гэта працэс супраць прафсаюзу. І, канечне, на дадзены момант, пакуль будзе ісьці працэс абскарджваньня выраку, мы зробім усе магчымыя захады і крокі, каб ціснуць на ўрад Беларусі, на ўлады Беларусі, і максымальна распаўсюдзім інфармацыю пра гэты суд у Беларусі па ўсім сьвеце», — сказаў намесьнік генэральнага сакратара міжнароднага прафсаюзу IndustriALL Global Union Кемаль Эзкан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша справа палітычная»,— падсудныя Фядыніч і Комлік лічаць, што абвінавачаньні супраць іх сфальшаваныяШто важна ведаць
- Фядыніча і Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году.
- Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўраў, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах РЭП.
- Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» — 23 тысячы рублёў.
- Паводле гэткага ж артыкула (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 г. праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванаю».
- Сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
- Праваабаронцы, якія ўважліва сачылі за судовым працэсам, адзначалі, што многія доказы здабытыя ў межах незразумелых і таямнічых працэдураў.
- 24 жніўня судзьдзя суду Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады абмежаваньня свабоды без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (гэтак званай «хатняй хіміі»).
Што такое «хатняя хімія»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах ад Мікіты ЛіхавідаЗгодна арт. 48−1 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі пакараны абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу асуджаны абавязаны:
- зьяўляцца на выклік крымінальна-выканаўчай інспэкцыі (маюць права выклікаць асуджанага для гутарак, наведваньня выхаваўчых і іншых захадаў);
- у вольны ад працы ці вучобы час пастаянна знаходзіцца ў сваім жытле або на калядамавой тэрыторыі, не адыходзячы ад жытла далей за адлегласьць, вызначаную інспэкцыяй;
- з 19-й да 6-й гадзіны быць у сваім жытле;
- пускаць дамоў супрацоўнікаў інспэкцыі ў кожны час дня (інспэкцыя можа наведваць асуджанага на месцы працы або вучобы).