Чытач Знаткевіч: Мая ўлюбёная гераіня — Піпі Доўгаяпанчоха

Аляксей Знаткевіч

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае журналіст і перакладчык Аляксей Знаткевіч.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

«Аўтарытарная асоба» — кніга з 1950 году, якую напісалі чатыры дасьледчыкі з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Бэрклі, хоць часам называюць толькі аўтарства Тэадора Адорна. З дапамогай анкет, тэстаў і клінічных інтэрвію аўтары паспрабавалі давесьці, што антысэмітызм і этнацэнтрызм — не ізаляваныя кампанэнты асобы, а часткі псыхалягічнай структуры, на якую слаба дзейнічаюць рацыянальныя аргумэнты і нават асабісты досьвед. Калі па-простаму, дык для такой нянавісьці ня важна, як насамрэч паводзіць сябе аб’ект нянавісьці.

Сёе-тое ў гэтых дасьледаваньнях мне падаецца сумнеўным — асабліва спробы патлумачыць фармаваньне «аўтарытарнай асобы» праз мадэль Фройда. Але якраз гэтую частку я пакуль не дачытаў. У любым выпадку — кніга цікавая і дагэтуль шмат у чым сучасная.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

З мастацкага сёлета мне найбольш спадабалася кніга Сяргея Жадана «Інтэрнат». У Жадана атрымалася напісаць пра нешта такое блізкае і балючае як пачатак вайны на Данбасе і пры гэтым стварыць моцную асабістую гісторыю.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Парады сяброў карысныя

Парады сяброў карысныя. Рэцэнзіі, прэміі і згадкі ў сацыяльных сетках таксама. Напрыклад, на гэтым тыдні, я прачытаў у фэйсбуку Міхала Залескага пра прэмію для леташняй кнігі «Мова ў нашым мозгу» нэўрапсыхоляга Ангелы Фрыдэрычы. Тамсама была і спасылка на падкаст з удзелам аўтаркі. Захацелася гэтую кніжку пачытаць.

Часам ужо атрымоўвалася браць кніжкі ў старэйшага сына — ці са школьнай праграмы, ці тое, што ён прыносіў са школьнай бібліятэкі. Гэтак упершыню прачытаў пару гадоў таму «Ці мараць андроіды пра электрычных авечак?» Філіпа Дыка, а сёлета «Аповед служанкі» Маргарэт Этвуд.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Сёлета чытаў кнігу з 1988 году пра мэдыя-лябараторыю ў Масачусэцкім інстытуце тэхналёгіі. Там, сярод іншага, паказана, як посьпех тэхналёгіі на масавым узроўні часта залежыць ад палітычных рашэньняў, стандартаў і чалавечай псыхалёгіі, а таксама як тэхналёгія можа мяняць звычкі. Да прыкладу, лазэрныя відэадыскі зьявіліся на амэрыканскім рынку яшчэ ў 1970-я, раней за відэакасэты:

«Маркетынгавая розьніца была ў тым, што [вытворцы] відэадыскаў высакародна ўстрымаліся ад продажу парнаграфіі, у той час як відэакасэтнікі пабудавалі на гэтым індустрыю… У першыя гады парнаграфія займала больш за палову бізнэсу зь перадзапісанымі відэакасэтамі, хаця з таго часу гэтая доля зьменшылася да 15 працэнтаў, бо вырасла рэшта бізнэсу.

Цікавым пабочным прадуктам стала фэмінізацыя парнаграфіі

Гэта яркі выпадак „трыгернай паслугі“. „На пачатку касэты былі вельмі дарагімі, — кажа Расэл Нойман, — адзіныя, хто хацеў купіць перадзапісаную касэту за $80, былі людзі, якія шукалі нешта недаступнае іншым чынам — гэта нельга было атрымаць з тэлеэфіру, і даводзілася ісьці ў горад у нейкі нізкапробны парнаграфічны кінатэатар“. Цікавым пабочным прадуктам стала паступовая фэмінізацыя парнаграфіі. Каля 40 працэнтаў тых, хто бярэ напракат і купляе парнаграфію, — жанчыны.

Аднак больш важнай была тэхналягічная розьніца паміж відэадыскам і відэакасэтай. Дыскі давалі якасную выяву, але на іх нельга было запісваць. Магнітная стужка відэакасэты была запрашэньнем зрабіць гэта самім. Людзі запісвалі праграмы з эфіру і глядзелі іх, калі ім зручна…»

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Згаданы ўжо «Аповед служанкі» пэўна ж можна лічыць клясыкай. Калі не, дык «Ці мараць андроіды пра электрычных авечак?» дакладна можна.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Спрабую чытаць ўсё мастацкае, што выходзіць у Ўільяма Гібсана і Альгерда Бахарэвіча. Ня ўсё ў іх падабаецца, але наступныя іх кнігі зьбіраюся прачытаць. Раней чакаў новых кніжак Ірвіна Ўэлша, але апошнія гадоў 10 ужо не чакаю.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Адну з прадмоваў напісаў былы кіраўнік Ку-клукс-клану

Аўтабіяграфія Бэніта Мусаліні. Кніга насьмяшыла не сваім зьместам, а каструбаватым перакладам на расейскую і шматлікімі памылкамі ў прадмовах. Выдавалі кнігу ў сярэдзіне 2000-х ва Ўкраіне, а адну з прадмоваў напісаў былы кіраўнік Ку-клукс-клану Дэйвід Д’юк. Заадно я даведаўся, што Д’юк у 2005 годзе абараніў дысэртацыю ва ўкраінскай Міжрэгіянальнай акадэміі кіраваньня пэрсаналам і нават выкладаў там. Што праўда, украінскае міністэрства адукацыі не прызнае навуковых ступеняў з гэтай прыватнай установы.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Не.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

З дапамогай сябра адолеў першы разьдзел бясплатнай онлайн-кнігі «Нэўронныя сеткі і глыбокае навучаньне». Давялося спыніцца. Не таму, што кніга кепская — проста ў мяне не хапае матэматычных ведаў, а тэкст насычаны складанымі формуламі. Можа яшчэ вярнуся да гэтай кнігі, але спачатку трэба падцягнуць сваё разуменьне матэматычнага аналізу, а гэта няпроста.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Оды.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Падабаецца і чыталка, і папера — чыталка выдатна пасуе да падарожжаў. Цяпер стараюся не чытаць кніг паралельна.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Прыблізна ведаю. Электронная чыталка якраз дапамагае эканоміць месца.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Знаёмых, бадай, нічым ня зьдзівіш.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Сёлета на дзень народзінаў калега падарыў мне комікс-дапаможнік для вывучэньня японскіх кандзі.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Гераіня — Піпі Доўгаяпанчоха. Пра яе ніжэй. Антыгероі вельмі калярытныя ў раньніх творах Ірвіна Ўэлша. Ён некалі тлумачыў на сустрэчы з чытачамі, чаму кожны зь ягоных пэрсанажаў — гэта ён сам. У Ўэлша тады спыталі пра бездапаможнага алькаголіка Рэба Маклафліна па мянушцы «Другі прыз» (мянушка ад таго, што той па п’янцы часта ўлазіць у бойкі і заўсёды прайграе):

— «Другі прыз» таксама?

— «Другі прыз» асабліва.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Чытаў шмат і некалі напісаў у фэйсбуку пра тры помныя кнігі, чытаныя па-расейску, калі мне было 5 ці 6 гадоў. Таму тут проста паўтаруся:

«Пеппи Длинныйчулок», якой цудоўная перакладчыца Лунгіна крыху памяняла швэдзкае імя для мілагучнасьці, была для мяне першай «ролевай мадэльлю» зь літаратуры — раней за д’артаньянаў, сьледапытаў, палескіх рабінзонаў і гервасіяў вылівахаў. Мацнейшая за ўсіх, нікога не баіцца, жыве сабе свабодна са сваім канём і малпачкай, але іншым гатовая дапамагчы. І няважна што дзяўчынка. Думаю, што калі б Лунгіна пакінула імя, якое Астрыд Ліндгрэн дала гераіні, мяне б гэта таксама не напружвала. Кніжку я згубіў у дзіцячым садку ў Клімавічах і вельмі перажываў.

Эротыкі ў гэтым эпізодзе не адчувалася — толькі абсурд

У дзеда з бабуляй у вёсцы ў дадатак да падпіскі на часопіс «Огонёк» быў невялікі набор кніг. Дарослыя весяліліся, калі я недзе ў пяць гадоў, толькі вывучыўшыся чытаць, засеў за тоўсты раман «Цусима» Новікава-Прыбоя. «Цусиму» я гэтак і не адолеў пасьлядоўна ад пачатку да канца, але некалькі гадоў мог зь любога месца пачаць учытвацца ў паход 2-й расейскай эскадры з Балтыкі ў Ціхі акіян, жыцьцё маракоў і фрагмэнты бітвы паміж расейскімі і японскімі караблямі. Добра памятаю, як напружвала тое, што кніга была вельмі крытычная да расейскага камандаваньня. Запомніўся эпізод, як падчас стаянкі ў Сінгапуры ці недзе блізка, матрос быў абураны, калі пабачыў, што афіцэры на палянцы гуляюць у карты на жываце голай жанчыны. Эротыкі ў гэтым эпізодзе не адчувалася — толькі абсурд, хоць шмат што іншае ў тым узросьце ўжо выклікала эратычныя перажываньні.

Дзед мой гадаваў трусоў, і кніжка «Болезни кроликов» з апакаліптычнай чорна-чырвонай вокладкай займала пачэснае месца на маленькай этажэрцы. Гэтую кніжку я тым болей не чытаў пасьлядоўна, хоць вабіла яна ня менш, чым на пару гадоў пазьней савецкае выданьне Эдгара Алана По. Таямнічасьць і змрочнасьць По былі іншыя, але карцінкі зьнявечаных хваробамі трусіных вантробаў былі нечым падобныя да вокладкі зборніка амэрыканскага генія. Памятаю, як мяне ўражвала, наколькі хваравітыя гэтыя жывёлінкі і як хутка яны могуць калектыўна памерці.

Нік Кейв у лекцыі «Плоць, ператвораная ў слова» расказвае, як ён у юнацтве браў са Старога Запавету натхненьне для сваіх песень: «Я знайшоў там голас Бога, і ён быў брутальны, раўнівы і бязьлітасны». Сам я ў раньнім дзяцінстве быў ваяўнічым атэістам, але напэўна ў кніжцы «Болезни кроликов» гучаў той самы голас, асабліва ў ілюстрацыях.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Ня веру, што кніга можа неяк моцна памяняць дарослага чалавека. Але хай бы прачытаў «Адвечным шляхам» Абдзіраловіча. Можна і нешта іншае — галоўнае, каб чытаў на пэнсіі.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Еву Вежнавец, Кена Кізі і Вальжыну Морт.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

На ўсіх біёграфаў ня хопіць. Пошукавікі, сацсеткі ды камэры назіраньня і так зашмат памятаюць.

Што вы перачытваеце?

Сёлета перачытаў «451 градус паводле Фарэнгайта», каб зразумець, ці хочацца перакласьці. Пабачыў, што не. Хоць сама кніга моцная, і тое грамадзтва, якое апісаў Брэдбэры, шмат у чым пазнавальнае. Але досыць часта напружвае стыль і амаль рэлігійная вера ў вышэйшасьць ды дабро кнігацэнтрычнай цывілізацыі.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

«Музэй нявіннасьці» Архана Памука.