БелаПАН для Алеся Ліпая быў сям’ёй і жыцьцём

Алесь Ліпай (справа) на вясельлі Віталя Цыганкова (зьлева). Сакавік 1992 году

Цяпер, даведаўшыся пра сьмерць Алеся Ліпая, я гляджу відэакадры з майго вясельля ў сакавіку 1992 году, дзе Алесь як мой блізкі сябра быў госьцем.

Алесь Ліпай, 1991 год

Алесь бярэ мікрафон і гаворыць, як ён рады, што ў БелаПАНскай сям‘і папаўненьне. «І з кожным годам наша агенцтва будзе расьці за кошт нашых сем‘яў і нашых дзяцей». У гэтым быў увесь Алесь Ліпай. Ён успрымаў БелаПАН як галоўную справу свайго жыцьця, як сям’ю, якая павінна расьці і павялічвацца.

Мы заснавалі БелаПАН восеньню 1991 году. СССР развальваўся, а два маладыя чалавекі, сышоўшы са сваёй працы ў «Знамени юности», заснавалі першае ў краіне незалежнае агенцтва навінаў, якое ня проста выжыла, а на доўгія гады стала сымбалем незалежнай журналістыкі ў Беларусі.

Дарэчы, некаторыя людзі, якія зьбіраліся пайсьці з намі ў новае агенцтва, ў апошні момант перадумалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр заснавальнік і дырэктар БелаПАН Алесь Ліпай

Памятаю, як мы доўга прыдумвалі назву, і раптам у нейкі дзень Алесь кажа: «Назва ёсьць — БелаПАН (Беларускае прыватнае агенцтва навінаў)». І я проста ў захапленьні ад таго, наколькі ўдалая і яркая гэта назва.

Першыя месяцы былі асабліва цяжкія, мы часам плацілі супрацоўнікам заробкі са сваіх уласных сродкаў. Але ў Алеся заўсёды была ўпэўненасьць, што ўсё будзе добра, і БелаПАН выжыве, і зойме свой «пачэсны пасад» сярод беларускіх СМІ. І гэтую ўпэўненасьць ён падмацоўваў сваёй нястомнай працай, энэргіяй і адданасьцю справе.

Нашыя творчыя шляхі даволі хутка разышліся, але той год працы ў БелаПАНе для мяне назаўсёды застанецца, бадай, адным з самых яркіх эпізодаў у творчай біяграфіі. Дзякуй за гэта, Алесь. Ад усёй Беларусі і ад мяне асабіста.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Капітан маёй краіны». Аляксандар Лукашук пра Алеся Ліпая