26 жніўня пяць гадоў, як памёр беларускі графік Арлен Кашкурэвіч. Яго вострыя, поўныя экспрэсіі і болю творы ў аднолькавай ступені карысталіся посьпехам як на радзіме, так і на Захадзе.
Уладзімер Савіч пісаў пра свайго настаўніка:
«Графічныя аркушы Арлена Кашкурэвіча /.../ у свой час успрымаліся так жа нязвыкла, як сёньня самы сьмелы „авангард“. /.../ Да якой бы тэмы мастак ні зьвяртаўся, з кнігай якога б аўтара ні працаваў, ён заўжды застаецца беларускім мастаком» (Уладзімер Савіч. Рух рукі і думкі // Літаратура і мастацтва. Пятніца, 29 верасьня 1989 г. № 39).
1. Падчас Другой сусьветнай вайны перажыў шок, калі падабраў нямецкую папругу
«У Саратаў /.../ прыехалі аднойчы ваенныя на нямецкай трафэйнай /.../ машыне. Мы, хлапчукі, не вытрымлівалі, паціху сьцягвалі такія-сякія нямецкія рэчы. Мне /.../ дастаўся /.../ рэмень са спражкаю. Пакруціў у руках. А пад спражкаю — мноства белых гнід. Мне стала так агідна, што адразу ж кінуў гэты рэмень назад у машыну...»
(Натальля Шаранговіч. Місія, праца і самаахвярнасьць // Мастацтва. 2005, № 8).
2. У эвакуацыі, падлеткам, прачытаў усяго Шэксьпіра
«У час Вялікай Айчыннай вайны быў у /.../ Саратаве. І там, чатырнаццацігадовы, захапіўся творчасьцю Ўільяма Шэксьпіра. Здаваў адзін том са шматтомнага збору /.../ і браў /.../ наступны. Бібліятэкар неяк запыталася: „Ты хоць разумееш, пра што чытаеш?“ А мяне моцна хвалявалі страсьці, якімі жылі шэксьпіраўскія героі» (Вольга Паўлючэнка. Па старонках залатога веку // Літаратура і мастацтва. № 1, 6 студзеня 2011).
3. Хацеў кінуць мастацкую вучэльню, каб стаць прафэсійным акрабатам
«... працаваць я марыў у цырку акрабатам. У мяне і партнэр быў выдатны. Ён унізе, а я ўверсе. Даволі складаныя нумары вытваралі. Выступалі на канцэртах, марылі аб цыркавой арэне. Заняткі ў вучылішчы я прапускаў, ад’яжджаў на спаборніцтвы. / ... / а потым, на чацьвёртым курсе, нешта ўва мне адбылося. Былі на спаборніцтвах у Ленінградзе, а потым ехалі праз Маскву. Я схадзіў у „Трацьцякоўку“ і там убачыў карціну Мікалая Ге „Што ёсьць ісьціна?“. Мяне гэтая карціна ўразіла... /.../ І тады ўва мне нешта пачало бурліць...» (Владимир Степан. Очки для доктора Фауста // СБ — Беларусь сегодня. Пятница, 31 июля, 2009). «...Старэйшы мастак-графік М.Ц. Гуціеў успамінае: „Я быў літаральна зьбянтэжаны, калі ўбачыў у спартзале трохі замкнёнага, задуменнага студэнта, які вырабляў галавакружныя сальта і іншыя цуды партэрнай акрабатыкі, значна раней, чым [такія ж творчыя цуды] у выяўленчым мастацтве“» (М.І. Ганчароў. Арлен Кашкурэвіч. 1976).
4. Не хацеў ператвараць мастацтва «ў мармэляд»
«Мяне часта папікаюць у жорсткасьці твораў, нават у жорсткасьці праўды. Магчыма, гэта прагучыць перабольшаньнем, але сьвет жорсткі, і гаворка пра яго павінна быць [адпаведнай] /.../. Мастацтва, даруйце, не бісквіт, а хлеб надзённы. Шмат хто з гледачоў яшчэ не навучыўся суперажываць і праз суперажываньне спазнаваць сапраўдныя дабро і зло. /.../ Калі зьвяртаць увагу выключна на прыгажосьць, мастацтва ператворыцца ў мармэляд» (Людміла Нікіфарава. Ісьці да гледача // Мастацтва. 1987, № 8).
5. Яго раздражняў сваімі прычэпкамі Ўладзімер Караткевіч
«Зь ім [Караткевічам. — В. Дэ Эм.] было працаваць /.../ цяжка. Ён патрабаваў ад мяне больш дэталёвага касьцюма і да т. п. А я спрачаўся: «Ты дакладна ў тэксьце апісаў, як былі апрануты героі, а я маю мэтай адлюстраваць тыя жарсьці, якія кіпяць у іх сэрцах». Дарэчы, мой вобраз Мэфістофэля яму ня вельмі падабаўся: «Ён у цябе занадта жабісты». (Вольга Паўлючэнка. Арлен Кашкурэвіч: «Дыялёг зь пісьменьнікам» // Літаратура і мастацтва. № 40, 7 кастрычніка 2011). «Працую з многімі беларускімі пісьменьнікамі, праўда, гэта не заўсёды проста. Даходзіць да спрэчак. Мне даказваюць часам [маецца на ўвазе Караткевіч. — В. Дэ Эм.], што не такую зброю насілі героі кнігі ці не ў такой шапцы былі, а я стараюся растлумачыць, што няма чаго мне, мастаку, казаць пра тое, што пісьменьнік з такой падрабязнасьцю ўжо распавёў. Я малюю страсьці. Для мяне важна ня тое, як апрануты чалавек, а тое, што ён адчувае, перажывае!» (Арлен Кашкуревич. Я рисую страсти // Детская литература. 1982, № 9).
6. «Адпомсьціў» Караткевічу тым, што намаляваў яго адмоўным пэрсанажам з паэмы Янкі Купалы
«Дарэчы, для князя ў наступным выданьні паэмы „Курган“ я рабіў накіды з Уладзімера Караткевіча — яго рухі, жэсты...» (Вольга Паўлючэнка. Арлен Кашкурэвіч: «Дыялёг зь пісьменьнікам» // Літаратура і мастацтва. № 40, 7 кастрычніка 2011).
7. Ставіўся да гораду як да таталітарнай істоты, якая падпарадкоўвае сваёй волі
«Мне хацелася б жыць у вёсцы /.../, але я ўжо не змагу гэтага зрабіць. Горад прывязаў мяне да сябе, праглынуў. Я — яго палонны. /.../ Горад — складаны арганізм, жорсткая структура, якая дзіўным чынам арганізуе і падпарадкоўвае людзей у сваім чэраве: туды — нельга, тут — не стаяць, пераход — толькі там, тут — ісці ўніз, там — ісці ўверх... Усё па стрэлках, дарожных знаках. Знаходзячыся ў гэтай жорсткай гарадзкой сыстэме, чалавек ёй падпарадкоўваецца, робіцца яе шрубкай». (Андрей Ясинский. Арлен Кашкуревич: «Главная истина заключается в следующем: человек создает город — город создает человека» // Большой. 2013, № 8).
8. У адрозьненьне ад іншых мастакоў, якія трызьнілі Францыяй, Парыжам, ён марыў пра Ісьляндыю
«Сустрэчы з Ісьляндыяй я чакаў шмат гадоў. Я марыў пра яе з таго далёкага 1959 году, калі скончыў сваю першую самастойную работу — ілюстрацыі да рамана „Атамная станцыя“ Халдара Лакснэса. Я адкрыў для сябе дзівосную краіну высакародных, мужных людзей і вялікага самабытнага пісьменьніка. Я прачытаў усе перакладзеныя ў нас яго творы, ісьляндзкія сагі, перагледзеў усё, што мела дачыненьне да гэтай краіны» (Арлен Кашкурэвіч. Краіна летуценьнікаў і паэтаў // Мастацтва. 1994, № 3). «Нідзе літаратура не ўплывае так на духоўнае жыцьцё людзей, як у гэтай краіне. Усе ісьляндцы ведаюць свае старадаўнія сагі, што зьяўляюцца асновай гістарычнай памяці народу. Кожны трэці ісьляндзец — паэт» (Арлен Кашкурэвіч. Краіна летуценьнікаў і паэтаў // Мастацтва. 1994, № 3).
9. У дзіцячых ілюстрацыях да казак Андэрсэна дазваляў сабе эратычныя малюнкі
Гэта асабліва кідаецца ў вочы, калі глядзіш яго малюнкі да твораў «Куфар-самалёт» (1964) і «Новае адзеньне караля» (1985).
10. Не любіў маляваць юных прыгажунь
«Увогуле, я люблю маляваць /.../ старых жанчын. /.../ люблю твары, на якіх ёсьць адбітак гадоў, іх жыцьця, калі бачна трагедыя іх лёсу. А маладыя, канешне, яны прыгожыя, але выяўляць іх проста: у іх усё чароўна, узвышана, а я люблю больш жыцьцёвае, драматычнае» (Дар’я Амяльковіч. «Дзіўныя, незразумелыя і цікавыя істоты» Арлена Кашкурэвіча // Культура. № 10, 6–12 сакавіка, 2004).
11. Першым пачаў маляваць рыцарскую Беларусь
«Памятаю, пасьля заканчэньня тэатральна-мастацкага інстытуту афармляў малафарматнае выданьне трох паэм Янкі Купалы — „Курган“, „Бандароўна“, „Магіла льва“ — і задумаў паказаць Беларусь не як сярмяжную, прымітыўную, лапцюжную, што было прынята ў тыя часы, а як рыцарскую, разьвітую, прыгожую эўрапейскую краіну. Адштурхнуўся ў пошуках вобразаў ад сярэднявечнага мастацтва. Маляваў замкі, прыгожых жанчын і мужных ваяроў. Беларусь — дзяржава эўрапейская, тут кіпелі амаль шэксьпіраўскія пачуцьці. Мяне адразу абвінавацілі [гэта быў Рыгор Барадулін. — В. Дэ Эм.], што я хачу ператварыць купалаўскія паданьні ў нешта падобнае да „Віцязя ў тыгравай шкуры“. А я проста імкнуўся паглядзець на нашу гісторыю зь іншага боку. Асабліва ярка адчуваўся ўплыў заходнеэўрапейскага мастацтва ў ілюстрацыях да „Кургана“. І таму менавіта яны доўга не прымаліся мастацкай радай. Падобная гісторыя адбывалася ў той час і з ілюстрацыямі Барыса Заборава. Затое калі ўсё ж такі кнігі пабачылі сьвет, яны былі заўважаны, атрымалі шматлікія дыплёмы і сёньня яшчэ застаюцца актуальнымі для гледача» (Натальля Шаранговіч. Мастацтва — гэта місія і самаахвярнасьць // Роднае слова. 2009, № 11).
12. Пачынальнік у беларускім графічным мастацтве цэласна-дызайнэрскага бачаньня ў афармленьні кнігі
«...Мастак бачыў кнігу як суцэльную прасторавую структуру: белае поле, не занятае тэкстам, было такім жа важным чыньнікам аздобы, як і сама выява. Для свайго часу такі сыстэмны падыход да канструяваньня кнігі быў наватарскім» (Пётра Васілеўскі. Дарогамі вайны і жыцьця // Мастацтва. 2014, № 5). «У той час у беларускай станковай і кніжнай графіцы панавала так званая „традыцыйнасьць“, пераважалі тонавыя малюнкі, арнамэнтальны дэкор. Канструяваньню кнігі як цэльнага арганізма ўвагі не надавалася. Нярэдка ілюстрацыі рабілі адны мастакі, а вонкавае афармленьне — другія. Функцыі канструктара звычайна выконваў мастацкі рэдактар. Прагны да ўсяго цікавага, новага, А. Кашкурэвіч, наадварот, імкнецца пабудаваць кнігу цалкам» (М. І. Ганчароў. Арлен Кашкурэвіч. 1976).
13. Быў аматарам невялікіх выставаў
«Я прыхільнік невялікіх выставак, нават не пэрсанальных, на якіх ты ня маеш канкурэнтаў, а групавых з трох-чатырох, самае большае — пяці ўдзельнікаў. Па-першае, кожны мастак можа там даволі шырока сябе паказаць — некалькімі творамі ці сэрыямі, па-другое, выстаўляюцца яны побач з творамі калег, што дае магчымасьць да параўнаньня» (Людміла Нікіфарава. Ісьці да гледача // Мастацтва. 1987, № 8).
14. Яго крытыкавалі за арыгінальна аздобленую кнігу Васіля Быкава
«Глыбока арыгінальна выкананая /.../ адна зь нядаўніх работ Кашкурэвіча, кніга аповесьцяў Васіля Быкава „Пайсьці і не вярнуцца“. /.../ Кніга аскетычна вузкая, выцягнутая. — За гэты фармат мяне многія лаялі, — распавядае Арлен Міхайлавіч. — Нельга, маўляў, паставіць на паліцу. А я, можа, спэцыяльна і зрабіў яе такой, каб турбавала, ня лезла на стандартную паліцу. Часам трэба, каб кніга выходзіла за рамкі звыклага... Гэта выклікае да яе асаблівае стаўленьне» (Наталия Капиева. Диалог двух искусств // Дружба народов. 1983, № 10).
15. Васіля Быкава ўражвалі рукі Кашкурэвіча
«...уражваюць яго рукі — мазалявыя, працавітыя далоні з абпаленымі травільнай кіслатой пальцамі. Сьпярша цяжка нават паверыць, што гэтымі далёка не артыстычнымі, абмазалелымі рукамі працаўніка Арлен Кашкурэвіч робіць свой мастакоўскі цуд. Тым ня менш менавіта гэтыя рукі здольныя на самую тонкую рыску, на самы непрыкметны рух, якімі поўная і зь якіх складаецца ягоная цудоўная графіка» (Васіль Быкаў. Пазначана высокаю гармоніяй // Маладосьць. 1979, № 9).
16. Яго дыплёмнай працай захапляўся нобэлеўскі ляўрэат
«Чаму вы афармлялі кніжку нашага нобэлеўскага ляўрэата Халдара Лакснэса трыццаць гадоў таму, калі выдаваць яе ніхто не зьбіраўся?» — спрабавалі зразумець яны [жыхары Ісьляндыі]. А гэта і сапраўды цікавае пытаньне: дыплёмнік малюе «Атамную базу» Лакснэса, а ня, скажам, твор, які ўслаўляе сацыялістычны лад жыцьця. Шанцы праваліцца былі зусім верагодныя. Але тым і адрозьніваецца талент ад каньюнктуршчыка, што ён ня думае аб магчымых выніках працы, а толькі робіць тое, што душа жадае" (Валянціна Аксак. «Ісьляндзкая сага» Людмілы і Арлена Кашкурэвічаў // Беларусь. 1994, № 3). «Аўтар рамана „Атамная станцыя“ Халдар Лакснэс прыслаў у Менск цёплую віншавальную тэлеграму, у якой адзначае, што работа маладога беларускага мастака — лепшая з усіх шматлікіх афармленьняў яго кнігі ў розных краінах» (Ванкарэм Нікіфаровіч. Паэзія ліній і фарбаў // Маладосць. 1965, № 4).
17. Лічыў, што Менск быў зьнішчаны савецкай уладай
«Кажуць, у Менску мала засталося высокамастацкіх помнікаў архітэктуры. Так, шэдэўраў няма. І таму тымі астраўкамі старой забудовы, што ацалелі пасьля вайны, мы павінны б даражыць удвая. А мы што робім? Загналі ў калектар Нямігу, якая бярэ пачатак у глыбіні нашай гісторыі, і на яе месцы, побач зь Петрапаўлаўскаю царквою, узводзім шматпавярховага монстра. Мала таго! — не парупіліся захаваць царкву Пятра і Паўла ў яе гістарычным асяродзьдзі, разам са скіраванаю ўгару вуліцаю Астроўскага, і тым самым зьнішчылі яе як вобраз. А перабудаваны Дом губэрнатара (Музычнае вучылішча)? А Чырвоны касьцёл на плошчы, „патушаны“ шэраю сьцяною адміністрацыйнага будынка? А халодны, шэры безаблічны шматпавярховік „Белпрампраекту“, які ўціснуўся ў раён Верхняга гораду, разбурыўшы сылюэт усёй плошчы? Што гэта — непісьменнасьць архітэктараў ці шкодніцтва?» (Таіса Бондар. Час спадзяваньняў? // Беларусь. 1989, № 9).
18. Быў упэўнены, што беларуская кніжная графіка гіне
«...кніжная ілюстрацыя паступова сыходзіць у нябыт. А ў мностве кніг з глянцавымі вокладкамі душы няма. Няма аўры кнігі, калі дакранаесься да яе старонак — і сэрца замірае... Магчыма, гэта мая думка, стаўленьне да кнігі для мяне — вельмі асабістая рэч. Для мяне кніга — частка маёй экзыстэнцыі. Памятаю, у дзяцінстве я ня мог заснуць бяз кніжкі, не паглядзеўшы перад сном яе карцінак. Падчас вайны, калі нават не было чаго есьці, абмяняў шклянку проса на кніжку Аляксандра Дзюма... Справа ў тым, што для мяне важны ня толькі зьмест кнігі, але і прыгажосьць, тое, як яна зроблена, якія ў ёй ілюстрацыі. І мне зараз становіцца вельмі сумна ад таго, што не знаходжу, ня бачу дасканалых і сапраўдных кніг. /.../ заняпад беларускай кніжнай графікі /.../ трагедыя нацыянальнага кніжнага мастацтва» (Таямніца Арлена // Культура. № 35, 31 жніўня, 2013).
19. Абражаўся, калі яго называлі ілюстратарам
«...лічу прыніжэньнем вызначэньне „ілюстратар“. Мастак — калі хочаце, суаўтар кнігі. Яго роля — дыялёг зь пісьменьнікам» (Вольга Паўлючэнка. Арлен Кашкурэвіч: «Дыялёг зь пісьменьнікам» // Літаратура і мастацтва. № 40, 7 кастрычніка 2011).
20. Не давяраў лёгка напісаным творам
«Праца над» Фаўстам «ідзе з адчуваньнем нейкага ўнутранага канфлікту ў сабе... Можа, гэта нейкі сапраўды пераломны момант для мяне?! Наогул: не давяраю працам, якія ідуць лёгка, так, быццам самі сыходзяць з кончыка алоўка, лёгка і радасна... Радасьць у мастацтве, на мой погляд, Бэтховэнскага ладу — „праз пакуты да радасьці“ ... Адным словам, сур’ёзнае пераадоленьне толькі і здольнае прывесьці да перакананьня: нездарма на сьвеце жывеш...» (Владимир Бойко. Труды и дни Арлена Кашкуревича // Неман. 1983, № 1).