Алесь Ліпай на Свабодзе

Алесь Ліпай, 1991 год.

23 жніўня ў Менску пасьля цяжкой хваробы памёр заснавальнік і дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алесь Ліпай. Ён быў першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Менску.

Алесь Ліпай у цыклі «​У што я веру»​: Я веру, сыне, што гэты шлях пройдзеш ты

«...я веру, сыне, што гэты шлях пройдзеш ты. Хутка, мо наступным летам, як мы ў чарговы раз паедзем да бабулі, я завяду цябе на ейнае гарышча. І ты сам станеш да штурвалу. Я веру, што ты правядзеш карабель праз жытнёвае поле, за ім – па лузе, потым паўз лес – на Люкевічаў хутар, праз невялічкія азёры – да высахлага рэчышча Камянкі, далей – па Мажы, Морачы, Случы, Прыпяці і Дняпры ў самае Чорнае мора...​ Цяпер гэта наша агульная мара. Агульная вера. Сьпі.»

Алесь Ліпай. Верш на Свабоду

Цяпер ты можаш піць нагбом уладу
і марнатравіць людзкія надзеі,
але надыдзе час, і возьме плату
зь цябе народ за ўсе ліхія дзеі.

Надыдзе час, і люд захоча праўды.
І то ня ўсю, а толькі тую з праўдаў,
дзе не народ падманвацца быў рады,
а ты яго бязьлітасна падманваў.

Надыдзе час, і люд захоча праўды.

І нават не яе, а толькі ведаў,
што зло не абмінула пакараньне,
і першым той, хто сам з дубінкай бегаў,
якраз цябе абвінавачваць першым стане.

Надыдзе час, і люд захоча праўды.

І нават не яе, а толькі помсты,
за тыя беды і за тую беднасьць,
куды завёў ты грамадзянаў простых.
А з помстай да людзей прыходзіць еднасьць.

І мо на гэтай, зыбістай хоць, глебе
паўстане нацыя.
І нацыя паўстане.
І прага не відовішчаў ці хлеба,
а прага волі кіравацьме тым паўстаньнем.

І гледзячы, як гмах тваёй улады,
пераўтвараецца ў магільны камень,
адкрыеш ты, што жорсткі Бог расплаты
жыве ў табою зруйнаваным Храме.

Алесь Ліпай на онлайн-канфэрэнцыі: "Поўзаць на пузе – гэта нязручна для журналістыкі"

Пытаньне: В Беларуси фактически исчезла независимая пресса, в то же время Ваше агенство живет и процветает. Как Вам это удается? На какие компромисы с властью Вам пришлось пойти чтобы сохранить и даже развивать ваш бизнес?

Ліпай: Ну, тое, што мы квітнеем – гэта перабольшваньне. Але цьвільлю не пакрываемся, гэта праўда. Бо не стаім на месцы, а ўвесь час у руху. Напрыклад, толькі што першымі ў Беларусі пачалі рэгулярны выпуск мультымедыйных навінаў. Сакрэт, думаю, ў тым, што нашыя інфармацыйныя і аналітычныя прадукты запатрабаваныя часам і чытачамі. Дзялюся. На кампрамісы ня ходзім. Зрэшты, нам іх ніхто і не прапануе... Незалежэная прэса ў беларусі не зьнікла, у Вас непраўдзівыя агентурныя зьвесткі... Пачытайце, што піша БелаПАН, і знайдзіце, дзе мы паграшылі супраць праўды ці сумленьня.

Алесь Ліпай у перадачы «На хвалі Свабоды: Год 1991»

«Супрацоўніцтва з Радыё Свабода пачалося з тэлефоннага званка ў газэту "Знамя юности" супрацоўніка Радыё Свабода Васіля Крупскага. Ён затэлефанаваў некалькім чалавекам, якія працавалі ў "Знамя юности" і папрасіў даць камэнтар і больш падрабязную інфармацыю пра разгон дэманстрацыі людзей на "Дзяды". Гэта было на пачатку 1989 года, неўзабаве пасьля Новага Года. Крупскі папрасіў камэнтар ад некалькіх супрацоўнікаў — я зараз ня буду называць іхныя прозьвішчы — яны адмовіліся, пабаяліся, а я пагадзіўся і расказаў пра тое, што адбывалася насамрэч на "Дзяды". Напрыканцы нашай размовы з Крупскім ён спытаўся, ці не хацеў бы я калі-нікалі рабіць матэрыялы для беларускай службы, на што я пагадзіўся — з таго і пачалося далейшае супрацоўніцтва, я лічу, вельмі плённае... Найчасьцей я выступаў пад псэўданімам Ясь Валошка, былі яшчэ Янка Лохатны і іншыя. Я думаю, што мне ўдалося ўвогуле захаваць сваё інкогніта да таго часу, пакуль я не пачаў выступаць як Алесь Ліпай на беларускай службе Радыё Свабода. Як слухачы не маглі супаставіць галасы, скажам, Яся Валошкі і Алеся Ліпая?».

Сябры Свабоды: Алесь Ліпай з новай кнігай «Абдымкі»

2009 год. Алесь Ліпай у адказ намесьніцы міністра: «Рэпрэсіяў не баімся»

«А рэпрэсіяў нам няма чаго баяцца, бо мы ж не займаліся дэзінфармацыяй, а проста паведамілі факты. Няўжо вы лічыце, што наша міністэрства інфармацыі здольнае помсьціць за праўду?» — казаў Алесь Ліпай у 2009 годзе пасьля таго як тагачасная першая намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч, заявіла, што міністэрства будзе спыняць «спробы дэзінфармацыі ў справе захворваньня грыпам.

2008 год. А.Ліпай: “Да парлямэнцкіх выбараў гэта ніяк не прывязана“

“Ясна, што з прыняцьцем гэтага закону варыянтаў кантролю за сродкамі масавай інфармацыі стане болей”, - так камэнтаваў праект закону аб СМІ дырэктар кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай.

2018 год. БелаПАН стаў генэральным партнэрам #БНР100. Хто ахвяруе на Дзень Волі

Як паведаміў Радыё Свабода кіраўнік БелаПАН Алесь Ліпай, інфармацыйнае агенцтва падтрымала сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР, каб ушанаваць памяць тых, хто змагаўся за незалежнасьць Беларусі.


«Абвяшчэньне БНР — гэта ж адна з найважнейшых датаў у беларускай гісторыі, адзін з наймацнейшых камянёў у падмурку незалежнасьці нашай краіны. Далучыць да гэтага сьвяткаваньня як мага больш людзей, пераўтварыць Дзень Волі ў агульнанацыянальнае сьвята — гэта ня проста даніна памяці ўсім тым, хто змагаўся за нашую свабоду, але і гарантыя нашага сувэрэнітэту на будучыню. Для інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, якая зьяўляецца равесьніцай Рэспублікі Беларусь, незалежнасьць нашай краіны заўсёды будзе найбольшай каштоўнасьцю дзеля якой варта жыць і працаваць», — патлумачыў Алесь Ліпай.

2014 год. Журналіст распавёў, якія пытаньні да Лукашэнкі не прапусьціла цэнзура

«Парэзалі толькі мае пытаньні, а таксама значную частку адказаў Аляксандра Лукашэнкі, – распавёў Свабодзе дырэктар кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай.