23 жніўня ў Менску пасьля цяжкой хваробы памёр заснавальнік і дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алесь Ліпай. Свабодзе гэта пацьвердзілі ягоныя калегі. Алесю Ліпаю было 52 гады.
«Мы ня ведаем падрабязнасьцяў. Пазваніла дачка спадара Алеся, паведаміла пра ягоную сьмерць і пра тое, што ў нядзелю будзе пахаваньне, — сказаў Свабодзе выканаўца абавязкаў дырэктара кампаніі „БелаПАН“ Дзьмітры Наважылаў. — Апошнія падзеі (крымінальная справа супраць Алеся Ліпая і журналістаў агенцтва БелаПАН. — РС.) ён вельмі цяжка перажываў. Гэта не магло прайсьці бязь сьледу. Два вялізныя перажываньні ён меў ва ўсёй гэтай гісторыі: за сябе і за калектыў — за БелаПАН, за белапанцаў. Мы плачам, мы смуткуем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вянок памяці. «Без Алеся Ліпая немагчыма ўявіць Беларусь»Разьвітаньне з Алесем Ліпаем пройдзе ў менскім храме Сьвятога Арханёла Міхаіла, піша БелаПАН. Разьвітацца можна будзе з 21:30 25 жніўня да 10:30 26 жніўня. Пахаваюць журналіста ў Рудзенску побач з маці і сястрой.
Хто такі Алесь Ліпай
Алесь Ліпай — заснавальнік і кіраўнік БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе ад 1991 году. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру.
Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёну. У 1988 годзе, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, перасьледаваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насьценгазэты «Лірнік».
У 1988 годзе Ліпай стаў першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі.
Аўтар перакладу на беларускую мову Дамовы аб вывадзе ядзернай зброі зь Беларусі. На пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш як тысячы кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Нямеччыне, і распаўсюдзіў іх па школах ды бібліятэках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Капітан маёй краіны». Аляксандар Лукашук пра Алеся ЛіпаяУ чэрвені 1996 году, падчас апэрацыі па вызваленьні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у дзіцячым садку ў Менску, браў інтэрвію ў тэрарыста, адцягваючы тым самым ягоную ўвагу.
14 чэрвеня супраць Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку. Крымінальны перасьлед Ліпая лічаць зьвязаным зь ягонай прафэсійнай дзейнасьцю, Беларуская асацыяцыя журналістаў і праваабарончы цэнтар «Вясна» асудзілі справу супраць Ліпая.
БелаПАН быў генэральным партнэрам менскага мітынгу-канцэрту «Сьвята Незалежнасьці», прысьвечанага 100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Ліпай выступаў на сьвяце, сярод іншага заклікаў да салідарнасьці з затрыманымі з палітычных прычын, зачытаў верш Уладзімера Някляева, які той напісаў за кратамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелаПАН для Алеся Ліпая быў сям’ёй і жыцьцём ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 яскравых цытатаў зь менскага мітынгу да #БНР100