Загадаў адціскацца, стаяць на галаве і сьпяваць. У Гомлі пачаўся суд за дзедаўшчыну

Ілюстрацыйнае фота

У судзе Гомельскага раёну 23 жніўня пачаўся разгляд крымінальнай справы адносна 22-гадовага яфрэйтара войскаў проціпаветранай абароны Паўла Красільнікава, піша БелаПАН.

Яго абвінавачваюць у «парушэньні статутных правілаў» паводле ч.2 арт. 443 КК РБ, за што можа пагражаць да 5 гадоў турмы. Пацярпелымі ад ягоных дзеяньняў называюць пяцёх шарагоўцаў.

Паводле абвінавачваньня, Павал Красільнікаў з часьці №48694 незаконна прымушаў вайскоўцаў рабіць па 40-50 адцісканьняў (хто ня мог — прысядаць), стаяць на галаве і пры гэтым сьпяваць песьню «Войска ПВО». Салдаты заявілі, што ня ведаюць, за што іх прымушалі гэта рабіць — адзін выказаў здагадку, што гэта магло быць пакараньнем за разьбіты акварыюм з чарапашкай.

Красільнікаў не прызнае віну цалкам — сьцьвярджае, што не прымушаў салдатаў адціскацца, заяўляе, што шарагоўцы яго недалюблівалі за патрабавальнасьць да чысьціні.

Пакуль на судзе не паведамлялася, як былі выкрытыя факты дзедаўшчыны — вайскоўцы ня скардзіліся кіраўніцтву вайсковай часьці.

***

Шэраг судоў за дзедаўшчыну пачаўся ў Беларусі пасьля справы аб сьмерці вайскоўца Аляксандра Коржыча ў Печах. Салдаты зь Печаў не супраціўляліся «дзядам».

Суд па справе Коржыча. Коратка

Абвінавачанымі ў «справе Коржыча» прызнаныя трое сяржантаў зь ягонай роты, якія, паводле сьледзтва, давялі салдата да самагубства. Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча вінавацяць ва злоўжываньні ўладай, атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Яўгена Бараноўскага ў дадатак да гэтага ў крадзяжы.

Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана лічыць, што яе сын стаў ахвяраю забойства. Прычынай злачынства, перакананая яна, стала нежаданьне сына плаціць сяржантам грошы за знаходжаньне ў мэдычнай роце. Саслужыўцы загінулага салдата, апытаныя пракурорам і суддзёй, таксама ня вераць у самагубства.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.