Рэдактараў усіх тэлеканалаў у складзе Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Узбэкістану ў жніўні 2018 году папярэдзілі, каб імя нябожчыка прэзыдэнта Іслама Карымава з гэтага часу наогул не павінна згадвацца ў эфіры, дакладвае ўзбэцкая служба Радыё Свабода.
Адзін зь вядучых расказаў, што загад ня ўзгадваць імя Карымава ва ўсіх перадачах паступіў ад дзяржаўнага дарадніка прэзыдэнта Хайрыдына Султанава:
«Кіраўніцтва сказала нам:» Калі імя Карымава прагучыць у эфіры, вы застаняцеся без галавы. Гэта загад дзярждарадніка Султанава«, — перадаў ён словы кіраўніка яго падразьдзяленьня.
Галоўны рэдактар іншага ўзбэцкага тэлеканалу пацьвердзіў гэтае ўказаньне:
«Ня згадваць у эфіры імя Іслама Карымава — гэта была не рэкамэндацыя, а патрабаваньне», — сказаў ён. Але, паводле рэдактара, «старое пакаленьне інтэлігенцыі часта ўспамінае Карымава», таму на тэлеканале «ўжылі захады» і ня будуць дапускаць да эфіру «асобаў з дадзенай катэгорыі рызыкі».
Мужчына прызнаўся, што супрацоўнікам тэлеканалу яшчэ з пачатку году рэкамэндавалі менш згадваць імя Карымава і больш казаць пра Шаўката Мірзіёева, які стаў прэзыдэнтам пасьля сьмерці Карымава ў верасьні 2016 году.
Імя і выявы першага прэзыдэнта Ўзбэкістану выганяюцца ня толькі з тэлевізіі. Нядаўна вымову за партрэт Карымава, які вісеў у залі сходаў, атрымала кіраўніцтва Інстытуту рукапісаў Акадэміі навук Узбэкістану. Пасьля гэтага «падчас сходу кіраўніцтва Акадэміі навук загадала зьнішчыць усе партрэты Карымава і лёзунгі зь яго цытатамі», — распавядае адзін з навукоўцаў.
17 чэрвеня 2018 г. адзін з студэнтаў Бухарскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту таксама паведаміў Радыё Свабода, што з тэрыторыі ВНУ на грузавой машыне вывезьлі ўсе кнігі Карымава і адправілі іх у макулятуру.
20 жніўня ўлады таксама правялі рэйды сярод гандляроў сувэнірамі ў «карымаўскіх» мясьцінах у Кашкадар’інскай вобласьці і Самаркандзе. На гандляроў, якія прадавалі магніты і календары з выявай экс-прэзыідэнта, наклалі штрафы, а тавар канфіскавалі.
Іслам Карымаў у 1989 годзе быў абраны першым сакратаром КПСС Узбэцкай ССР. У 1991 годзе абвясьціў незалежнасьць Узбэкістану і перамог на першых прэзыдэнцкіх выбарах у краіне. Затым ён на працягу наступных 25 гадоў лёгка перамагаў на выбарах, стабільна набіраючы больш за 90% галасоў, хоць на Захадзе гэтыя выбары называлі «несвабодным і несумленнымі».
Карымаў памёр (паводле афіцыйных паведамленьняў) у пачатку верасьня 2016 году. У сьнежні 2016 году новым прэзыдэнтам Узбэкістану абраны былы прэм’ер-міністар Шаўкат Мірзіёеў. Неўзабаве пасьля прыходу да ўлады ён падпісаў указ аб ушанаваньня памяці Карымава і адкрыў яму два помнікі: у Самаркандзе і ў Каршы, а ў Самаркандзе завяршылася будаўніцтва мэмарыяльнага комплексу ў гонар першага прэзыдэнта. 31 жніўня 2017 году помнік першаму прэзыдэнту Ўзбэкістану таксама быў адкрыты ў Ташкенце перад рэзыдэнцыяй «Оксарой» дзе Карымаў працаваў у апошнія гады свайго жыцьця. Магіла Карымава ў Самаркандзе ўжо стала аб’ектам паломніцтва ў Узбэкістане.