Міжнародныя арганізацыі «Камітэт абароны журналістаў» і «Рэпартэры бязь межаў», а таксама Зьвяз журналістаў Украіны, Украінскі Хэльсынскі зьвяз ды іншыя грамадзкія арганізацыі асудзілі паказ на тэлеканале «Россия 24» інтэрвію з арыштаваным у самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспубліцы» публіцыстам Станіславам Асеевым.
У ім Станіслаў Асееў, якога для здымак вывезьлі з турмы ў данецкую бібліятэку, прызнаецца ў шпіянажы і працы на ўкраінскую выведку.
Хто такі Асееў?
Станіслаў Асееў пасьля пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту не пакінуў Данецк і пад псэўданімам Васін публікаваў рэпартажы пра сытуацыю на непадкантрольнай афіцыйнаму Кіеву тэрыторыі, у тым ліку як няштатны аўтар Украінскай службы Радыё Свабода. Летась у чэрвені ён быў затрыманы супрацоўнікамі так званага «Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі ДНР» і абвінавачваны ў шпіянажы.
Што паказалі на расейскім тэлеканале?
У сюжэце ад 17 жніўня на тэлеканале «Россия 24» аўтар інтэрвію Аляксандар Сладкоў прызнаецца, што Асеева прывезьлі ў кайданках і зьнялі іх толькі перад запісам размовы. Галоўны момант відэа — прызнаньне Асеева ў тым, што неўзабаве пасьля пачатку вайны ён пачаў супрацоўнічаць з Галоўным упраўленьнем выведкі Ўкраіны. У Кіеве ўпэўненыя, што прызнаньне зроблена пад ціскам, а само інтэрвію з публіцыстам супярэчыць базавым этычным нормам.
«У матэрыяле адсутнічаюць факты як такія: нічога не вядома ні пра ўмовы ўтрыманьня Асеева, ні пра яго доступ да абароны, ні пра стан здароўя або наяўнасьць рэальных доказаў „парушэньняў“, якія яму інкрымінуюцца. Матэрыял пабудаваны выключна на асабістай думцы аўтара аб закладніку», — гаворыцца ў заяве ўкраінскіх журналістаў і праваабаронцаў.
З улікам фармату і зьместу відэа, як адзначаюць падпісанты, мэтай гэтага матэрыялу ёсьць не інфармаваньне аўдыторыі, а данясеньне пасылу, выгаднага як самаабвешчанай «уладзе» часткі Данецкай вобласьці, так і расейскай прапагандзе.
Пазыцыя Радыё Свабода: неадкладна вызваліць
Падобнай пазыцыі трымаецца і кіраўніцтва Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
«Мы ставім пад сумнеў абставіны так званага „прызнаньня“ Станіслава Асеева, — заявіла прадстаўніца Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джаана Левінсон. — Мы ня маем ніякага ўяўленьня пра тое, калі і пры якіх абставінах яно было зроблена і ці стала яно вынікам прымусу».
Радыё Свабода патрабуе неадкладна вызваліць Станіслава Асеева з-пад варты.